Паліцыя Бахрэйна атакавала сёння лагер удзельнікаў антыўрадавых акцый пратэсту, якія ўжо некалькі дзён займаюць Жамчужную плошчу — адну з цэнтральных у сталіцы краіны Манаме, — выказваючы сваю нязгоду з дзеяннямі ўладаў.

Як перадае ІТАР-ТАСС, у выніку выкарыстання сілавікамі слезацечнага газу два чалавекі загінулі, яшчэ некалькі дзясяткаў атрымалі раненні.

Па словах прадстаўнікоў апазіцыйнага Ісламскага таварыства нацыянальнай згоды («Аль-Віфак»), якія прыводзіць тэлеканал Al-Jazeera, раненні атрымалі каля 50 чалавек, прычым 10 з іх — цяжкія.

Рэйд паліцыі быў ажыццёўлены ў той час, калі пратэстоўцы спалі ў намётах. Цяпер прадстаўнікі сілаў бяспекі спрабуюць ачысціць плошчу ад мітынгоўцаў і перакрыць подступы да яе.

Мітынгі апазіцыі пачаліся ў панядзелак, 14 лютага. Іх удзельнікі заяўляюць, што не збіраюцца зрынаць караля Хамада бэн Ісу Аль Халіфу. Мітынгоўцы, па іх словах, дамагаюцца адстаўкі прэм’ер-міністра, шэйха Халіфы бэн Сальмана Аль Халіфы, вінавацячы чальцоў яго кабінета ў карупцыі.

Дэманстранты таксама патрабуюць стварэння ўрада з удзелам апазіцыі, прадстаўлення жылля і новых працоўных месцаў.

У сераду, 16 лютага, «Аль-Віфак», які з’яўляецца адной з асноўных рухальных сілаў акцый пратэсту, заявіў аб патрабаванні прыняцця новай канстытуцыі, якая «дазволіць краіне пачаць рух у бок дэмакратыі».

«Мы імкнемся не да рэлігійнай дзяржавы, а да грамадзянскай дэмакратыі, дзе крыніцай улады будзе народ»,

 — падкрэслілі ў кіраўніцтве руху.

Паводле наяўных дадзеных, за апошнія некалькі дзён у Бахрэйне, дзе размешчаная база 5-га флоту ВМС ЗША, у выніку сутыкненняў маніфестантаў з паліцыяй ужо загінулі тры чалавекі, яшчэ не менш за 60 атрымалі раненні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?