Лепшыя ўзоры сучаснага кнігадрукавання Беларусі — мастацкія, даведачныя, вучэбныя выданні, дзіцячыя кнігі — будуць прадстаўлены на XII Віленскім кніжным кірмашы, які адкрываецца сёння.

Беларускую экспазіцыю адкрыюць начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава і пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын.

На беларускім стэндзе адбудзецца адразу некалькі прэзентацый унікальных выданняў. Адно з іх — 522-старонкавы фаліянт «Радзівілы. Альбом партрэтаў. XVIII–XIX cтагоддзі» выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі». Кніга, выдадзеная тыражом усяго 2 тыс. экзэмпляраў, змяшчае генеалогію Радзівілаў, гістарычныя каментарыі, біяграфіі і партрэты (рэпрадукцыі гравюр і малюнкаў) 165 прадстаўнікоў магнацкага роду, у тым ліку 104 жанчын. Біяграфіі князёў уключаюць інфармацыю аб бацьках, дзецях, жонках, датах і месцах нараджэння, хрышчэння і смерці, а таксама аб творчасці таго ці іншага персанажа.

Адбудзецца таксама прэзентацыя падарункавага выдання кнігі Уладзіміра Караткевіча «Дзiкае паляванне Караля Стаха», выпушчанага да 80-годдзя пісьменніка. Кніга з унікальным графічным дызайнам выдадзена на чатырох мовах: беларускай, рускай, украінскай і англійскай.

З маленькімі наведвальнікамі выстаўкі сустрэнуцца беларускія пісьменнікі Р.Баравікова і А.Масла, яны правядуць аўтарскую гадзіну для дзяцей.

Беларусь на выстаўцы будуць прадстаўляць Міністэрства інфармацыі, выдавецтвы «Беларусь», «Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі», «Вышэйшая школа», «Мастацкая лiтаратура», «Народная асвета», «Аверсэў», «Літаратура і мастацтва», выдавецкі дом «Беларуская навука» і іншыя, а таксама «Белкніга», «Кніжны дом» і іншыя гандлёвыя арганізацыі.

ХІІ Вільнюскі кніжны кірмаш, які будзе працаваць да 20 лютага, збярэ ў літоўскай сталіцы 220 удзельнікаў (выдавецтвы, навукова-даследчыя ўстановы, розныя арганізацыі і прадаўцоў кніг) з 9 краін свету: Літвы, Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Чэхіі і Індыі.-0-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?