Ужо а 9.30 раніцы міліцыянты ў цывільным адмаўляліся пускаць журналістаў у залу суда Фрунзенскага раёна сталіцы.
Тлумачылі гэта тым, што няма свабодных месцаў. Але калі прыехала здымачная група тэлеканала АНТ, ім дазволілі ўвайсці. Пасля перамоваў з адміністрацыяй прапусцілі і фатографаў з аператарамі. Але пры ўмове, што яны выйдуць з пачаткам суда.

Суддзя Вольга Комар забараніла весці фота- і відэаздымкі. І папрасіла выйсці тых, каму не хапіла вольных месцаў.

Спачатку фармальныя працэдуры, пасля якіх грамадзянскі пазоўнік падаў пазоўнае патрабаванне на

14 мільёнаў 48 тысяч за замену дзвярэй і сцёкавых труб у будынку па адрасе Савецкая, 11, «расліннага свету» побач з ім.

Васіля Парфянкова абвінавачаюць у тым, што ён удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, нанёс не менш за 61 удар па дзвярах Дома ўрада. Парфянкоў прызнае віну часткова. Маўляў, у шэсці і мітынгу ўдзельнічаў, а ў пагромах — не.

Падчас допыту яму прыйшлося ўзгадаць усе падзеі, сведкам якіх з’яўляўся. Ад 19 гадзін 19 снежня, калі ён прыйшоў на офіс Уладзіміра Някляева.

Парфянкоў быў у калоне экс-кандыдата на прэзідэнта, якай рухалася на Кастрычніцкую плошчу.

«Ехаў мікрааўтобус побач з намі. Пасля з’явіліся незразумелыя людзі ў чорным без знакаў адрознення. Паклалі тварам на снег. Прайшло хвілін дзесяць. Як паклалі, так і адпусцілі. Мікрааўтобус застаўся там. Павыбівалі ў ім шыбы».

Збіты Някляеў. Яго забірае хуткая. Кастрычніцкая. Шэсце да плошчы Незалежнасці. Калі Парфянкоў стаяў каля помніка Леніну, пачуў гук разбітага шкла. Падышоў паглядзець, што адбываецца на ганку Дома ўрада.

«Убачыў людзей. Шыбы былі разбіты. Яны штурхалі дзверы. За дзвярыма стаяла драўлянае загрувашчванне. І людзі штурхалі яго».

Калі ў Пафянкова паспрабавалі спытаць, навошта ён пачаў нанасіць удары, той адказаў. «Не тое каб удары. Штурхаў. Немагчыма было не штурхаць, натоўп ззаду...»
Пракурор не даў дагаварыць — абарваў Парфянкова іншым пытаннем.

Але пасля ён змог дагаварыць: «Стаіш. Натоўп ззаду напірае і кідае на гэтае нагрувашчванне». Адысці было немагчыма. І

толькі пасля заклікаў Рымашэўскага супакоіцца, калі да парадку заклікалі Статкевіч і Саннікаў, натоўп адступіў ад дзвярэй.

Увага адваката неаднаразова звярталася на тое, што на Кастрычніцкай плошчы Парфянкоў не чуў афіцыйнага папярэджання. Маўляў, каб прысутныя разыходзіліся, бо акцыя з’яўляецца несанкцыянаванай. Не чуў ён і заклікаў разысціся з нагоды несанкцыянаванага шэсця перад нападам на калону Някляева.

У адказах на пытанні абаронцы Парфянкоў неаднаразова падкрэсліў, што не чуў ніякіх заклікаў да беспарадкаў. Не бачыў ён і ніякіх прадметаў, акрамя сцягоў на вудзілах у руках людзей. А ў матэрыялах справы пералічаны рэчы, якія былі знойдзены каля Дома ўрада. Рыдлёўка, сякера, лёдарубы, лом, трубы, бутэлькі. Апошніх было каля двух дзясяткаў: з-пад гарэлкі, каньяку, піва. Але на ніводнай рэчы няма адбіткаў пальцаў, па якіх можна было б ідэнтыфікаваць чалавека.

Падчас прагляду відэа з плошчаў, Кастрычніцкай і Незалежнасці, з’явіліся новыя кадры, якіх у інтэрнэце да гэтага не было. Напрыклад, калі пачынае бегчы спецназ, людзі ў цывільным пачынаюць выкрыкваць ім «Своі, своі!», «ГУВД, ГУВД!»

Па словах праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які прысутнічаў на судзе, справу Парфянкова нацягваюць на артыкул «масавыя беспарадкі». Ён лічыць, што яна хутчэй падыходзіць да адміністрацыйнай справы – «хуліганства». Праваабаронца ўпэўнены, што не суддзя Вольга Комар будзе вырашаць лёс справы. Гэта вырашыцца ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?