Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Салаўёў і актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Шамбалава падалі ў суд Ленінскага раёна скаргі на Упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці, якое паставіла іх на прафілактычны ўлік.

Нагадаем, Дзмітрый Салаўёў быў пастаўлены на прафілактычны ўлік 5 студзеня. Як указана ў афіцыйным папярэджанні, на ўлік яго паставілі за неаднаразовыя спробы арганізацыі і правядзення ў рэгіёне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, якія маглі пацягнуць грубае парушэнне грамадскага парадку. А таксама за ўдзел 19 снежня 2010 года ў Мінску ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, у выніку якога былі дапушчаныя масавыя беспарадкі.

Таццяна Шамбалава была пастаўленая на прафілактычны ўлік 9 лютага. Ёй было ўручана афіцыйнае папярэджанне за дзейнасць у складзе незарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Мінску 19 снежня, што, на думку супрацоўнікаў КДБ, можа прывесці да ўчынення злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 193–1 і 293 КК.

Згодна са скаргай Салаўёва, падчас прафілактычнай гутаркі з супрацоўнікам КДБ Андрэем Махуновым у якасці доказаў супрацьпраўнай дзейнасці былі прыведзеныя факты ўскладання Салаўёвым кветак каля абласнога краязнаўчага музея 25 сакавіка, ускладання кветак каля помніка ахвярам Чарнобыля 26 красавіка і ўдзел у падрыхтоўцы абласной кааліцыяй дэмакратычных сіл праграмы святкавання Дня Волі.

Салаўёў настойвае, што пры правядзенні гэтых мерапрыемстваў не было ніякіх грубых парушэнняў грамадскага парадку. Сваё знаходжання на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня ён тлумачыць выкананнем прафесійных абавязкаў як карэспандэнта інтэрнэт-выдання «Свабодны Магілёў».

Таццяна Шамбалава ў сваю чаргу сцвярджае, што супрацоўнік КДБ Андрэй Махуноў безгрунтоўна назваў яе «кіраўніком гарадскога аддзялення партыі «БХД». «Гэтыя сцвярджэнні не адпавядаюць рэчаіснасці і з’яўляюцца неабгрунтаванымі і непраўдзівымі выдумкамі і здагадкамі, бо такой партыі ў Рэспубліцы Беларусі не існуе. Насамрэч я з’яўляюся магілёўскім каардынатарам арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі „БХД“ і яе заснавальнікам і таму займаюся дзейнасцю па падрыхтоўцы яе рэгістрацыі, як прадугледжана законам „Аб палітычных партыях“, у прыватнасці артыкулам 10», — адзначае Шамбалава.

Актывістка лічыць, што ёй нельга ставіць у віну факт аднаразовай прысутнасці 19 снежня ў Мінску на несанкцыянаваным мерапрыемстве, за што яна панесла адміністрацыйнае спагнанне, хаця ніякага ўдзелу ў масавых беспарадках не прымала.

Апазіцыянеры ўпэўнены, што нават у рамках адміністрацыйнага заканадаўства пастаноўка іх на ўлік незаконная, бо ў іх адсутнічаюць як мінімум два адміністрацыйныя спагнанні за тоесныя або аднародныя наўмысныя правапарушэнні, учыненыя на працягу года.

Салаўёў і Шамбалава сярод іншага просяць, каб суд адмяніў вынесеныя ім папярэджанні, пастаноўку на прафілактычны ўлік, абавязаў супрацоўнікаў КДБ прынесці ім прабачэнні за незаконныя, на думку апазіцыянераў, дзеянні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?