Што значылі словы Лукашэнкі «я не бразгаю зброяй, але і гэтага дабра ў нас хапае»?

Падзеі ў Тунісе, Егіпце і Лівіі далі Аляксандру Лукашэнку вялікую тэму для роздумаў. У суботу ён аддаўся ім нават на фрыстайлавым стадыёне. Адзеты ў чорную шапачку, ён бэсціў заходніх палітыкаў: «Гэта злыя і непрыстойныя людзі. З імі нельга ні размаўляць, ні выбудоўваць адносіны». «Хосні Мубарак быў блізкім сябрам амерыканцаў. І што адбылося, калі там пачаліся хваляванні? Яны кінулі гэтых прэзідэнтаў і пачалі патрабаваць дэмакратыі. Вось так яны сябе вядуць. Так яны кідаюць сваіх сяброў, на якіх яны абапіраліся». «Гэта лішні раз пацвярджае: нікому нельга верыць», — пераконваў ён.

Калі верыць яму самому, моцны і квітнеючы Туніс перашкаджаў драпежным планам Захаду: «Нікому не патрэбна моцная краіна. Моцных баяцца і іх страшна не любяць», — казаў Лукашэнка.

Паўстанне супраць Кадафі так зачапіла першага і пакуль апошняга прэзідэнта Беларусі, што ён вярнуўся да той самай тэмы ў панядзелак, у часе наведвання 2-й інжынернай брыгады Узброеных сіл.

Ягоныя выказванні перад вайскоўцамі былі яшчэ больш рэзкімі, чым перад спартоўцамі.

Лукашэнка пагражаў арміяй унутраным ворагам. А замежных — страшыў «Чачнёй на захадзе».

Калі ў суботу асноўны ўдар ён наносіў па Захадзе, то панядзелкавыя словы адрасаваліся найперш Расіі.

Лукашэнка сказаў: «Падзеі 19 снежня лішні раз пацвердзілі, што супраць нашай краіны была арганізаваная сапраўдная змова. Вы, людзі вайсковыя, дасведчаныя, ды і я не думаў, што так далёка нашы правадыры могуць зайсці. Хоць быў гатовы, як і міліцыя, і вайскоўцы, да любога зыходу. А калі б не былі гатовыя? Мы б ужо з вамі гэтай сустрэчы не праводзілі».

«Мы абаранілі канстытуцыйны лад, дабрабыт і незалежнасць Беларусі», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым Лукашэнка выказаў сваю пазіцыю: калі б сітуацыя павярнулася такім чынам, што ўзнікла рэальная пагроза перавароту ў краіне, ён бы не спыніўся перад тым, каб выкарыстаць Узброеныя сілы.

Гаворачы аб падзеях 19 снежня, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Дзякуй Богу, нам не прыйшлося задзейнічаць Узброеныя сілы».

Фактычна, Лукашэнка намякнуў, што гатовы выкарыстаць войска ў выпадку народнага паўстання. Не супраць «жменькі адмарозкаў» жа выводзіць на вуліцы танкі.

Цікава, што і бен Алі, і Мубарак разлічвалі здушыць пратэсты з дапамогай арміі.
Аднак выхад войска на вуліцы прывёў да бяскроўнага сыходу дыктатараў.

Мяркуючы па заявах, А. Лукашэнка асцерагаецца, што да выкарыстання санкцый, нароўні з ЕС, можа звярнуцца і Расія. «Цяпер нас ціснуць, палохаюць эканамічнымі санкцыямі. Калі хто-небудзь з нашага асяроддзя хоча мець у Беларусі Чачню на Захадзе, то гэта не праблема. Гэта будзе складаней, чым Чачня. Думаю, гэта нікому не трэба. Калі хтосьці хоча мець тут круцей, чым Косава, я думаю, гэта таксама не праблема», — заявіў Лукашэнка, выступаючы перад вайскоўцамі.

Паводле ягоных словаў, калі супраць Беларусі будуць уведзеныя эканамічныя санкцыі, то і «дзейнічаць мы будзем адэкватна». «Я не бразгаю зброяй, але і гэтага дабра ў нас хапае», — падкрэсліў Лукашэнка.

Каментатары разышліся ў інтэрпрэтацыі гэтых словаў. Што меў на ўвазе Лукашэнка? Што ён у адказ ужыве ваенную сілу супраць нейкай з суседніх дзяржаваў? Але гэта было б самагубча для Беларусі.

Магчыма, Лукашэнка проста нагнятае абстаноўку, каб адцягнуць увагу ад рэзкага росту цэнаў і сацыяльнай панурасці.

Аднак не можна і выключаць узмацнення рэпрэсіўнасці рэжыму — так, як здарылася пасля Аранжавай рэвалюцыі ва Украіне,

калі Латыпава змяніў Шэйман, а краіна пагрузілася ў змрочную атмасферу рэакцыі.

* * *

Для даведкі: бюджэт сілавых структур, млрд руб.

Нацыянальная абарона (армія) 1 450

Праваахоўная дзейнасць і забеспячэнне бяспекі (міліцыя, КДБ, суды, мытня…) 2 475

Для параўнання:

Ахова здароўя 1 261

Адукацыя 1 423

Унутры праваахоўных органаў, каму колькі:

органы ўнутраных спраў 1 095

органы дзяржаўнай бяспекі 197

органы памежнай службы 244

пракуратура 84 мытня 146

суды 147

Крыніца: Закон аб бюджэце краіны на 2010 год. які быў выкананы

* * *

Супярэчнасць. А арміі гэта трэба?

Лукашэнка сказаў: «Калі б сітуацыя павярнулася такім чынам, што над краінай навісла рэальная пагроза, я б не спыніўся перад тым, каб выкарыстоўваць Узброеныя сілы». І далей чамусьці прывёў прыклад Егіпту, дзе адбылося роўна процілеглае: Мубарак вывеў войска на вуліцы, але вайскоўцы не ўмяшаліся ў сітуацыю на баку дыктатара. Наадварот, яны мякка патранавалі працэс адхілення ад улады аўтакрата. «Перавярнулі краіну, там сітуацыю — яшчэ невядома, чым яна закончыцца, — ад праліцця крыві ўратавала армія, спакойнымі дзеяннямі… Так, у Егіпце армія больш, чым армія. І можа быць, больш, чым у нас», — прызнаў Лукашэнка.

* * *

Свабода і роўнасць. «Апазіцыя будзе атрымліваць па башцы на ўсю катушку»
«Апазіцыя павінна быць, але я сам сабе апазіцыю ствараць не буду, — сказаў Лукашэнка 19 лютага. — Такая апазіцыя, як цяпер, будзе атрымліваць па башцы на ўсю катушку, калі будзе дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?