Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Вольга Някляева расказала «Салідарнасці», што тэрмін хатняга арышту яе мужа падоўжаны да 20 траўня. Умовы ўтрымання не змяніліся, а сам Уладзімір Пракопавіч, якому забароненыя зносіны з навакольным светам, апошнімі днямі кепска сябе адчувае.

— У яго баліць галава і вельмі моцна спіна — пазваночнік, — сказала Вольга. — Спіна турбавала і раней, а вось галава — гэта наступствы траўмы 19 снежня. Дактары казалі, што праз яе галаўныя болі яшчэ доўга будуць турбаваць.

Жонка палітвязня таксама расказала, што тэрмін хатняга арышту Уладзіміра Някляева падоўжаны да 20 траўня. Пры гэтым умовы яго ўтрымання застаюцца ранейшымі: забарона на сустрэчы, карэспандэнцыю, карыстанне тэлефонам і інтэрнэтам.

— Гэта самыя жорсткія хатнія ўмовы, якія толькі могуць быць. І мы пазней будзем іх абскарджваць. Па сутнасці, нашая двухпакаёвая кватэра зрабілася аднапакаёвай. У суседняй пастаянна знаходзяцца два супрацоўнікі спецслужбаў. Наогул, іх тры пары, якія рэгулярна мяняюцца. Натуральна, усё гэта значна ўскладняе і маё жыццё, — дадала жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты.

Прысуд у дачыненні да Васіля Парфянкова — 4 гады строгага рэжыму — Уладзімір Някляеў публічна каментаваць не можа. Яго жонка, у сваю чаргу, лічыць, што «гэта жорсткае пакаранне, а абвінавачанне — беспадстаўнае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?