Міністэрства замежных справаў Беларусі пасьпяшыла заявіць, што нічога ня ведае пра беларускіх наймітаў, якія ваююць у Лібіі на баку Муамара Кадафі. Але ня важна, што міністэрства ведае ці што яно кажа, што ня ведае — Беларусь здаўна вядомая сваімі сувязямі з таталітарнымі рэжымамі ў розных кутах сьвету.

Гэта робіць Беларусь часткай усясьветнай сеткі супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі паміж недэмакратычнымі рэжымамі.

Паведамляецца, што гэтымі днямі сямейны самалёт Кадафі зьдзяйсьняў рэйс у Менск і назад зь няяснымі мэтамі. Некаторыя беларускія блогеры разважаюць, што Лукашэнка мог захоўваць частку сваіх грошай у Лібіі і цяпер вяртаў іх дадому, у больш бясьпечнае месца. Але горш за гэта, Беларусь падазраецца ў пастаўках зброі рэжыму Кадафі.

Паводле ААН, Беларусь таксама пастаўляе гелікоптары Лярану Ґбаґбу, дыктатару Кот д’Івуар, у парушэньне міжнароднага эмбарга. Беларускі МЗС абвяргае і гэта.

Сувязі Лукашэнкі з аўтарытарным кіраўніком Вэнэсуэлы Уґа Чавэсам добра вядомыя: сумесная дабыча нафты, пастаўкі нафты з Вэнэсуэлы ў Беларусь, шматлікія беларускія будаўнічыя праекты ў Вэнэсуэле. Апроч таго, Беларусь пастаўляла Чавэсу і зброю.

Больш за тое, былі паведамленьні пра тое, што Чавэс і Лукашэнка пастаўляюць зброю калюмбійскай леварадыкальнай тэрарыстычнай групоўцы FARC.

Лукашэнкаўская Беларусь не магла не наладзіць партнэрства і з Іранам. Усё пачалося з сумеснага прадпрыемства па вытворчасьці іранскіх аўтамабіляў «Саманд» у Беларусі — праект зараз, падобна, канчаткова выявіў сваю няўдачнасьць. Беларуска-іранскіянафтавыя праекты выглядаюць куды больш сур’ёзна.

«Я перакананы, што канструктыўным беларуска-іранскім стасункам будзе нададзены новы імпульс», заявіў Лукашэнка ў сваім віншаванні Ахмадынэджаду адразу пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў у Іране ў 2009 г.

Махмуд Ахмадынэджад, у сваю чаргу, патэтычна назваў сумнавядомыя прэзыдэнцкія выбары 19 сьнежня 2010 г. «залатой старонкай у пачэснай гісторыі беларускага народу».

Раней беларускі рэжым, падобна, выдаў беларускія пашпарты членам сям’і Садама Хусэйна. У 2010 г. ён даў прытулак бегламу тырану Кыргызстана Курманбэку Бакіеву.

Беларусь, падобна, не яўляе непасярэдняй небясьпекі сваім суседзям. Аднак ёсьць адзнакі таго, што

Беларусь укосна адказная за сотні людзей, якія гінуць у Лібіі, Кот д’Івуары, Калюмбіі і іншых краінах, незаконна пастаўляючы туды зброю і займаючыся не заўжды легальным бізнэсам з краінамі-ізгоямі.

У гэтыя дні зноў робіцца ясным, што праблема таго, што Беларусь — непразрысты і карумпаваны аўтарытарны рэжым, мае сур’ёзныя наступствы для міжнароднай бясьпекі і стабільнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?