Новіку — 3.5, Малчанаву — 3 гады пазбаўлення волі. У судзе Фрунзенскага раёна Мінска прайшоў чарговы суд над абвінавачаных у «масавых беспарадках», у тым ліку прэс-сакратаром Саннікава.

Аляксандр Атрошчанкаў, фота Юліі Дарашкевіч.

Аляксандр Атрошчанкаў, фота Юліі Дарашкевіч.

Аляксандр Малчанаў, фота Юліі Дарашкевіч.

Аляксандр Малчанаў, фота Юліі Дарашкевіч.

Зміцер Новік, фота Юліі Дарашкевіч.

Зміцер Новік, фота Юліі Дарашкевіч.

18:38

Аляксандр Атрошчанкаў асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Зміцер Новік -- на 3,5, Аляксандр Малчанаў -- на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

15.40

Перапынак да 17.45. Чакаецца, што пасля перапынку будуць абвешчаныя выракі.

15:35

Атрошчанкаў сказаў, што за час следства так і не зразумеў, у чым яго злачынства. «Я не зрабіў нічога з таго, у чым мяне абвінавачваюць, не наносіў удараў.

Я прызнаю, што мае дзеянні могуць падпадаць толькі пад адміністратыўную адказнасць»,

— сказаў Атрошчанкаў. Ён дадаў, што ніякага супраціву міліцыі не аказваў.

15:34

Новік сказаў, што судом устаноўлена, што ён не рабіў ніякіх разбурэнняў.

Ён сказаў, што падчас знаходжання ў СІЗА ён усвядоміў свой праступак і глыбока раскаяўся.

«Турэмны тэрмін мяне ніяк не выправіць», — сказаў Новік. «Ніякай шкоды трэцім асобам я не зрабіў. прашу прызначыць максімальна мяккае пакаранне».

15.30

Малчанаў выступае з апошнім словам. Ён кажа,

што шкадуе аб сваіх непрадуманых учынках, што яго дзеянні справакавалі жорсткі разгон людзей.
15:27

Паводле адваката, незразумела, на чым будуецца тэзіс аб узгодненасці і змове падсудных. Яны ўпершыню ўбачыліся ў судзе. Яны на Плошчы знаходзіліся ў розных месцах, не сустракаліся перад гэтымі падзеямі.

Атрошчанкаў патлумачыў мэту свайго знаходжання на мітынгу. Ён жадаў пачуць думкі грамадзянаў аб выбарах прэзідэнта. Апрача таго, ён як журналіст супрацоўнічаў з інтэрнэт-парталам DELFI. Таму высновы следства аб мэтах Атрошчанкава ў разбурэнні і ўдзеле ў беспарадках галаслоўныя, кажа адвакат Мушынскі.

Паводле адваката, следчы матэрыял толькі пацвярджае прыналежнасць Атрошчанкава да апазіцыі, не больш. Незразумела, што гэтым хацела давесьці следства.

Паводле адваката, на кадрах відэазапісаў бачна, што Атрошчанкаў знаходзіцца ў натоўпе і назірае за падзеямі. Тое, што напісалі абвінаваўцы на ягоны адрас, у ягоных дзеяннях не фіксуецца.

15.26

Адвакат Атрошчанкава Вадзім Мушынскі таксама не пагадзіўся з ацэнкамі абвінавачвання наконт кваліфікацыі дзеянняў 19 снежня як масавых беспарадкаў.

Адвакат Атрошчанкава кажа, што яго падабароннаму інкрымінуецца не менш за адзін удар па шчытах у дзвярным праёме Дома ўрада. Пасьля даследавання матэрыялаў справы, абвінавачанне не знайшло пацвярджэння гэтаму ў зале суда.

15.26

Адвакат папрасіў апраўдаць Новіка па 293-м артыкуле. Ягоныя дзеянні падпадаюць толькі пад адміністратыўную адказнасць, лічыць адвакат. Апрача таго, адвакат просіць улічыць, што Новік раскайваецца, што страты пагашаныя, ніякіх цяжкіх наступстваў яго дзеянняў не было. Адвакат просіць апраўдаць Новіка з-за адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства.

15:12

Адвакат Новіка кажа, што яго падабаронны не наносіў удараў, а толькі ціснуў на загародку, і таму нельга ягоныя дзеянні кваліфікаваць як удары і як знішчэнне маёмасці. Маёмасць можна было адрамантаваць. Не прыведзена ніводнага доказу, што была зброя ў каго-небудзь з удзельнікаў шматтысячнага мітынгу. Таму пра ўзброены супраціў прадстаўнікам улады размовы ісці не можа. Шкада, што абвінаваўца падтрымаў гэты тэзіс. Адвакат Новіка лічыць, што гэтая прыкмета падлягае выключэнню. Тое, што людзі не паслухалі патрабаванняў ДАІ і рушылі далей, не з'яўляецца супрацівам міліцыі, а толькі непадпарадкаваннем.

15.10

Паводле адваката, бачна было з відэа, што людзі дзейнічалі на мітынгу арганізавана, былі выступы, шэсце, не было некіраванай масы. Таму нельга казаць, што былі прыкметы масавых беспарадкаў і гэта не знайшло пацвярджэння ў судзе. Нідзе не ўказана, што знішчыў асабіста Новік. Дзверы ўжо былі разбураныя, пра разбурэнне сталоў актаў няма. Таму гэтая прыкмета павінна быць выключана. Акт агляду месца здарэння пацвярджае, што дзверы і вокны падлягаюць аднаўленню і не былі знішчаныя. Таму нельга казаць, што было знішчэнне маёмасці. Таму і няма такога складу злачынства.

15:06

Адвакат Новіка лічыць, што падчас суда не была даказана віна падабароннага ў цяжкім злачынстве — масавых беспарадках. Не было знішчэння маёмасці — таму нельга кваліфікаваць яго дзеянні па 293-м артыкуле. Трэба ўстанавіць, ці былі масавыя беспарадкі?

Адвакат Мушынскі мяркуе, што гэта не былі масавыя беспарадкі, бо гэтыя дзеянні мелі лакальны характар. «Мітынг праходзіў мірна, ніякай агрэсіі ягоныя ўдзельнікі не ўчынялі. Невялікая група асоб — ад 7 да 15 — разбіла шыбы. Білі толькі 5 чалавек, а астатнія больш за 10 тысяч чалавек нічога не пашкодзілі, не было ніякіх бясчынстваў і масавых беспарадкаў.

Прычым дзеянні невялікай групы мелі стыхійны характар і іх мэтай было не знішчыць маёмасць, а пранікнуць у Дом урада. Паводле адваката, падзеі 19 сьнежня можна падзяліць на 2 этапы. На 1-м этапе невялікая група людзей знаходзілася каля ўваходу, некаторыя зь іх разбілі вокны. На другім этапе з'явіўся спэцназ. На відэа зафіксавана, што толькі 5 чалавек білі вокны. Ніякіх масавых дзеянняў не было.

15.05

Адвакат Малчанава кажа, што яе падабаронны прызнаў віну ў сваіх дзеяннях, але лічыць, што гэтыя дзеянні кваліфікаваныя няправільна. Адвакат Малчанава кажа, што ў дзеяннях Малчанава не было знявагі сцяга. Што да масавых беспарадкаў, то гвалту над асобамі, падпалаў, разбурэнняў і ўзброенага супраціву, якія прадугледжваюцца артыкулам пра масавыя беспарадкі, Малчанаў не ўчыняў.

Паводле адваката, змовы не было, тое, што Малчанаў быў п’яны, не даказана. Акт медычнага абследавання ў матэрыялах справы адсутнічае, таму трэба выключыць акалічнасць, якая абцяжарвае.

Малчанаў з'явіўся з павіннай, прызнаў сваю віну, супрацоўнічаў са следствам, раскайваецца, мае дваіх непрацаздольных бацькоў. Адвакат Малчанава спадзяецца на гуманны прысуд.

15.00

Пачаўся выступ адвакатаў.

14.59

Дзяржаўны абвінаваўца кажа, што Атрошчанкаў адцясняў супрацоўнікаў ДАІ на праспекце, пры гэтым на ягоным твары была усмешка. Відэа Таццяны Гаўрыльчык сведчыць пра тое, што на праспекце былі масавыя беспарадкі, апагей якіх быў на плошчы Незалежнасці.

Дзеянні падсудных па артыкуле 293 кваліфікаваныя правільна, як і абвінавачванне Малчанава ў знявазе дзяржаўнага сцяга. Дзяржаўны абвінаваўца цалкам падтрымала ў судзе абвінавачанне.

У дзеяннях Малчанава яна знайшла рэцыдыў, бо ў яго адна непагашаная судзімасць. Дзяржаўны абвінаваўца сцьвярджае, што падсудныя дзейнічалі па змове групы асобаў.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіла Малчанаву за знявагу сцяга 3 месяцы арышту, але, выкарыстоўваючы прынцып паглынання больш мяккага пакарання больш строгім, у выніку папрасіла 5 гадоў зняволеньня ў калоніі строгага рэжыму.

14.53

Абвінавачванне просіць па пяць гадоў Малчанаву, Новіку і Атрошчанкаву.

14.37

Суд скончыў дасьледаваньне матэрыялаў спраы. Адзін з адвакатаў папрасіў перапынак для падрыхтоўкі, але судзьдзя Тацяна Чаркас не пагадзілася. Суд пераходзіць да дэбатаў бакоў. Першай выступае дзяржаўны абвінаваўца Маладцова.

14.28

Другое і трэцяе відэа таксама, паводле судзьдзі, прысьвечанае дзеяньням Малчанава. Малчанаў не апазнаў сябе і на гэтых відэазапісах.

14.12

Працягваецца дэманстрацыя відэазапісаў з камэраў вонкавага назіраньня будынку КДБ. Запісы без гуку, бачныя дробныя фігуркі. Малчанаў сябе апазнаць не можа, але не выключае, што гэта ён.

14.05

Пачаўся прагляд яшчэ трох відэадыскаў. На першым — дзеяньні Малчанава са сьцягам.

13.50

Судовы працэс аднаўляецца. Падсудных прыводзяць у кайданках і саджаюць у мэталічную клетку. Іх ахоўваюць 4 супрацоўнікі міліцыі.

13.05

Усе пісьмовыя дакумэнты вывучаныя. У судовым працэсе абвешчаны перапынак да 14.00.

12.54

У справе ёсьць яўка з павіннай Малчанава, у якой ён прызнае, што сарваў сьцягі з будынку КДБ і пад уплывам эфэкту натоўпу стукаў у дзьверы Дома ўраду. Ён шкадуе пра зьдзейсьненае.

12.38

Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае, якія дакумэнты ёсьць у справе, але не цытуе іх. Пратаколы вобшукаў і агляду прадметаў, іх канфіскацыі, праслухоўваньня тэлефонных размоў, пастановаў сьледзтва.

12.10

Яшчэ адзін пратакол агляду цэнтральнага ўваходу ў Дом ураду — на бакавой тумбе помніка Леніна знойдзена рэчыва бурага колеру, бутэлька з вадкасьцю і фрагмэнтамі заціснутай тканіны, каністры з гаручай вадкасьцю.

12:05

Зафіксавана, як білі шыбы ў першым шэрагу дзьвярэй. У другім шэрагу дзьверы ў Дом ураду зачыненыя, бачных пашкоджаньняў няма. Знайшлі заплечнік з сольлю і содай, бутэлькай з вадкасьцю, дымавой шашкай. У матэрыялах шмат разоў адзначаецца, што знойдзеныя бутэлькі з «вадкасьцю, нібыта гаручай». Што за вадкасьць і ці сапраўды гаручая, не высьветлена.

11.59

Сярод іх — пратакол агляду мясцовасьці на плошчы Незалежнасьці, і знойдзеных там рэчаў: газавага балёнчыка, дымавой шашкі, рыдлёўкі, бутэлькі з-пад вады «Банаква» зь мяркуемай гаручай вадкасьцю, каністры з бэнзінам, мэталічных прутоў.

Пачалі дасьледаваць пісьмовыя матэрыялы справы.

11.45

На відэа чуваць, як апэратыўнікі ў цывільным пры разгоне крычаць спэцназаўцам: «Свае-свае-свае, ГУВД». Гэтае відэа ўжо разглядалася падчас суду над Васілём Парфянковым. Урыўкі зь яго таксама паказвалі па БТ.

11.44

Пра наступны эпізод «штурму», у якім Атрошчанкаў знаходзіўся ў задніх шэрагах натоўпу, ён кажа, што на яго націснулі ззаду і ён паддаўся, бо было сьлізка. Атрошчанкаў сказаў: «Я тут знаходзіўся ў якасьці журналіста, і разумеў, што тут адбываецца нешта важнае».

11.38

Аляксандар Атрошчанкаў пазнаў сябе на заднім пляне падзей ля дзьвярэй Дома ўраду: «Я гляджу, што адбываецца».

11:36

Малчанаў не пазнаў сябе на відэа, калі невядомыя б’юць шчыты на ўваходзе ў Дом ураду.

11:31

Праглядаецца наступны дыск з запісамі дзеяньняў Новіка каля ўваходу ў Дом ўраду. Новік сябе пазнаў на відэаздымках, на якіх натоўп б’е па драўляных сталах, якімі спэцназаўцы забарыкадавалі ўваходы ў Дом урада. Адвакат налічыў на відэа толькі 3 ўдары Новіка нагою, калі ўжо не было шкла. Абвінавачаньне цьвердзіць — як мінімум, 21 удар.

11:30

Допыт сьведкаў скончаныя. Суд вырашыў аднавіць прагляд відэазапісаў. Адзін зь іх учора не ўдалося дагледзець, бо дыск аказаўся сапсаваным.

На відэа дэманструюцца падзеі 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы, воклічы людзей «Жыве Беларусь», момант зрыву афіцыйнага сьцягу з будынку КДБ. Падсудны Малчанаў прызнаў, што гэта ён сарваў сьцяг, але ён не таптаўся па тых сьцягах.

11.15

Наступны сведка — Мікіта Кастыцкі, 1987 года нараджэння, пажарны з Менска.

Ён сказаў, што ведае Змітра Новіка, пацвердзіў, што Новік карыстаўся сім-карткай, якая зарэгістравана на ягонае імя.

11.07

Наступны сведка — Тацяна Гаўрыльчык, відэааператар сайта «Нашай Ніва».

Дзяржаўны абвінаваўца распытвае Тацяну пра яе працу на плошчы, пра зняццё сьцягоў з будынку КДБ. Дзяржаўны абвінаваўца спытаў: «Што ён рабіў са сцягамі?»

Тацяна адказала: «Убок адкінуў, дрэўка сцяга не паламаў». Яна сказала, што не можа апісаць чалавека, які усталёўваў бела-чырвона-белы сцяг на будынку. Як той быў апрануты, згадаць не змагла. Таксама яна не змагла прыгадаць, ці гэта адна асоба зрывала дзяржаўны сцяг і ўстанаўлівала нацыянальны. Яна паказала, што хлопец спрабаваў парэзаць афіцыйны сцяг, што ён таптаў сцяг — не памятае.

11:05

Наступны сьведка — Віталь Ляўчук, 1986-га года нараджэньня з Барысава, які таксама ехаў з Малчанавым 19-га ў Менск з Барысава.

«Мы зьбіраліся выказаць пратэст і нязгоду з тым, як ідуць прэзыдэнцкія выбары. Мы меркавалі, што выбары будуць сфальшаванымі і дамовіліся паехаць на Плошчу выказаць сваю нязгоду».

У адказ на пытаньні прадстаўніцы абвінавачваньня сьведка распавядае пра мітынг на Кастрычніцкай плошчы, пра рух па праспэкце, кажа што міліцыя ім не замінала ісьці па праезнай частцы.

Ляўчук кажа, што не бачыў, што рабілі людзі ля ўваходу ў дом ураду, толькі чуў як разьбіваецца шкло. Ён кажа, што не размаўляў з Малчанавым пасьля плошчы, пазьней пры праглядзе на відэа з плошчы ён не бачыў Малчанава. Але бачыў відэа, дзе Малчанаў махае бела-чырвона-белым сьцягам.

Ляўчук быў за рулём, калі яны ехалі ў Менск з Барысава, кажа, што ягоныя пасажыры крыху выпілі піва па дарозе, прыкмет ап’яненьня ў іх не было.

10:50

Новік кажа, што сьведка яго агаварыў з-за непрыязных адносінаў. Сьведка кажа, што яму прапанавалі апазнаць сябе у перахопленым тэлефонным запісе, дзе Новік расказваў, што ён біў па сталах і ў яго баліць нага.

10:36

Допыт наступнага сведкі Уладзіміра Красава, кіроўцы амбасады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, перадае Радыё Свабода.

Сьведка сказаў: Новік не распавядаў яму, што ён хацеў патрапіць у будынак Дома ўраду. Для чаго ён наносіў удары па загародцы — Новік сьведку не казаў. «Я спачатку падумаў, што Новік пахваліўся і не прыдаў сур’ёзнасьці ягоным расповядам».

Сьведка ведаў, што будзе мірная акцыя і калі прыйшоў на плошчу Незалежнасьці, то ўбачыў, што там «абсалютна мірная акцыя і ў лёзунгах на плошчы не бачыў нічога нямірнага».

Новік сказаў, што гэты сьведка «здаў» яго супрацоўнікам КДБ, бо супрацоўнікі выйшлі пасьля плошчы спачатку на яго. Адносіны паміж Новікам і сьведкам былі сапсаваныя яшчэ да 19 сьнежня.

10.32

Наступны сведка — Сяргей Маёраў, паведамляе Радыё Свабода, 1977-га года нараджэння, кіроўца пагрузчыка з Менска.

Сведка паведаміў суду, што 19-га снежня ён працаваў на праспекце Незалежнасці, рух па праспекце, калі ён ехаў, быў заблакаваны натоўпам. Ён вымушаны быў стаяць на рагу вуліцы Леніна і праспекта. Хлопец залез на пагрузчык і пачаў размахваць сцягам — якім, сьведка не звяртаў увагі. «Я запатрабаваў, каб ён зьлез. Але ён нічога не адказаў, там было шумна, крык. Пазней я з’ехаў з месца, калі рух быў разблакаваны».

10:05

Працягваецца допыт сведкаў.

Першы сведка — беспрацоўны Сяргей Уленскі з Віцебска — сябар Малчанава. Ён ехаў з Малчанавым 19-га ў Менск, сказаў, што па дарозе выпілі піва з ім, двухлітровую бутэльку, паведамляе Радыё Свабода.

Прыехалі ў Менск, а 18 гадзіне, ва Уручча. Каля 20-й былі на Кастрычніцкай плошчы. «Там было шмат людзей, выступалі кандыдаты. потым мы рушылі ў бок плошчы Незалежнасці. Людзі ішлі па праспекце. Гаварылі між сабой», — распавёў сьведка.

На плошчы Незалежнасці сведка зноў убачыў Малчанава, насупраць Чырвонага касцёла. «Даслоўна не памятаю, што расказаў мне там Малчанаў, пра сцягі на будынку КДБ не расказваў. Ён мне адназначна не расказваў пра тое, што ён здымаў сцягі».

Сведку дапытвае прадстаўніца абвінавачвання.

Суддзя дадае рэдкія рэплікі: «Ці бачылі на відэа ў інтэрнэце з Малчанавым?

«Падобны на яго чалавек біў шкло, стукаў у дзьверы. Ён пазней мне ў размове пацвердзіў, што гэта быў ён. Матывацыяй ягоных дзеянняў я не цікавіўся».

Суд вырашыў часткова зачытаць вытрымку з пратаколу допыту сьведкі на папярэднім сьледзтве, ба заўважыў супярэчнасьць паказаньняў яго ў судзе.

На папярэднім сьледзтве Сяргей Уленскі паказаў, што Малчанаў распавядаў яму пра тое, што менавіта ён зняў сьцягі з будынку КДБ і размахваў пазьней бел-чырвона-белым сцягам з трактара на праспекце. Сведка пацвердзіў свае паказанні, але дадаў, што ўспрымаў гэтую размову як выхвалянне сябра.

10:00

На ўваходзе ў залу суда ва ўсіх праверылі пасведчанні і перапісалі дадзеныя. Запусцілі найперш дзяржаўных журналістаў, недзяржаўных выбарачна. Хоць зала напалову пустая, яна разлічана на 36 чалавек.

Палову залі, каля 15 чалавек, займаюць невядомыя, якія не прадстаўляюцца. У залу патрапіла мала праваабаронцаў і журналістаў.

Спецназаўцы стаяць у людскім натоўпе пад дзвярыма залы суда і не пускаюць.

Сярод выкліканых сведак — відэааператар НН Таццяна Гаўрыльчык.

***

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска працягваецца працэс над абвінавачаных у «масавых беспарадках».

Судзяць прэс-сакратараэкс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандра Атрошчанкава, а таксама Аляксандра Малчанава і Змітра Новіка. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, што караецца пазбаўленнем волі тэрмінам ад трох да васьмі гадоў.

У аўторак быў першы дзень працэса, які скончыўся праглядам відэа.

Атрошчанкава і Новіка вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, а Малчанава — яшчэ і ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга, які ён сарваў з будынку КДБ. Атрошчанкаў сваёй віны не прызнаў, Малчанаў прызнаў цалкам, Новік — часткова.

***

Нагадаем, што 17 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна Менска адбыўся працэс над актывістам кампаніі «Гавары праўду» Васілём Парфянковым, якога звінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года. Парфянкова пакаралі 4 гадамі калоніі строгага рэжыму. Таксама ён павінен кампенсаваць матэрыяльныя страты ў памеры 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў.

У судзе Маскоўскага раёна Менска 10 сакавіка працягнецца працэс над удзельнікамі падзеяў 19 снежня грамадзянамі Расіі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам, а таксама прадпрымальнікам з Баранавічаў Змітром Мядзведзем.

***

Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», вылучыныя абвінавачанні 42 грамадзянам па крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі:

— 32 — утрымліваюцца пад вартай;
— 2 — пад хатнім арыштам;
— 8 — пад падпіскай аб нявыездзе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?