«Наша Ніва» толькі што атрымала з Вярхоўнага Суда статыстыку за 2010 год: было апраўдана 217 чалавек на 61054 асуджаных (0,36%). У дэмакратычных краінах лічба апраўдальных прысудаў складае 10–20%.

Калі людзі ў масках раздзяваюць кандыдатаў у прэзідэнты дагала і ставяць іх на расцяжку пяць разоў за дзень, яны фармальна нічога не парушаюць. Няма ніякай нормы закона, якая б абмяжоўвала лічбу вобшукаў у турэмнай камеры.

Гітлерцы таксама дзейнічалі па законе — па сваім законе.

Аблівалі на марозе халоднай вадой генерала Карбышава — за парушэнне лагернага рэжыму.

Арыштоўвалі камуністаў і сацыялістаў — як «дэструктыўных элементаў».

І старшыня КДБ БССР Цанава згодна з законам паслаў элегантную Ларысу Геніюш на 25 гадоў у канцлагеры — на верную смерць.

Праўда, доля распарадзілася іначай: Геніюш праз 8 гадоў з лагера вярнулася ў родны край, а пасадзілі ўжо Цанаву — таксама ў поўнай адпаведнасці з законам. Кат сам аказаўся не такі трывушчы і сканаў за кратамі.

Законы краіны часам пярэчаць нормам міжнароднага права і агульнапрызнаным уяўленням аб правах чалавека.

Дзеянні па законе, які пярэчыць Канстытуцыі ці неад’емным правам чалавека, могуць цягнуць у далейшым юрыдычную адказнасць.

Як нагадаў нядаўна лідар сацыял-дэмакратаў Анатоль Сідарэвіч, «Энгельс адзначаў: першай умовай захавання законнасці з боку народу з’яўляецца тое, што і органы ўлады трымаюцца ў рамках закону. У адваротным выпадку, пісаў ён, паводле англійскіх прававых паняццяў, паўстанне становіцца першым абавязкам грамадзян».

Наша жыццё фармуе не толькі літара законаў, але і дух звычаяў.

Лічба, якая найлепш характарызуе рэпрэсіўнасць лукашэнкаўскага рэжыму, — гэта нават не колькасць палітвязняў, а доля апраўдальных прысудаў, якія выносяцца ў краіне.

Паводле звестак Вярхоўнага Суда Беларусі, у 2008 годзе быў апраўданы 191 человек на 68 530 асуджаных (0,28%). У 2009 годзе гэты паказчык склаў 187 апраўданых на 62 064 асуджаных (0,3%). «Наша Ніва» толькі што атрымала з Вярхоўнага Суда статыстыку за 2010 год: было апраўдана 217 чалавек на 61054 асуджаных (0,36%).

Вось што пра гэта піша чалавек, ніяк не звязаны з палітычнай апазіцыяй, — Ігар Лапека, галоўны спецыяліст камісіі палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу па нацыянальнай бяспецы, кандыдат юрыдычных навук:

«Пачынаючы з 60-х гадоў, нягледзячы на ўсе сацыяльныя, эканамічныя, дзяржаўныя змены, змены ў судаводстве і працэсуальным заканадаўстве, доля апраўдальных прысудаў ніколі не перавышала 2% ад усёй масы вынесеных прысудаў. Гэта анамальна нізкі ўзровень, не супастаўны са станам рэчаў ні ў адной з развітых дзяржаў. Яго немагчыма растлумачыць, як часам спрабуюць, нагляднай дзейнасцю пракуратуры, якая не дапускае да перадачы ў суд спраў, якія не ўтрымліваюць дастатковых для асуджэння доказаў вінаватасці. Падобныя, і нават больш жорсткія, фільтры маюцца ва ўсіх прававых сістэмах, аднак адсотак апраўдальных прысудаў там несувымерна вышэйшы (вар’юецца ад 10 да 20% і нават больш)».

Параўнайма гэтыя лічбы: 0,3% у Беларусі і 10–20% у дэмакратычных краінах.

У ліку гэтых дзесяці працэнтаў і 4 гады турмы Атрошчанкаву і Парфянкову за іх палітычны пратэст. У іх ледзьве не трапіў і школьнік Логінаў з Віцебска, на якога хацелі павесіць забойства. Толькі дзякуючы звышнастойлівасці бацькоў, яго справа нядаўна стала паказальным выняткам, які толькі пацвярджае правіла.

Гэта і ёсць кошт дыктатуры і яе псеўдазаконнасці.

Гэта і ёсць рэальная лічба ахвяраў злачыннага рэжыму — 6000–12000 чалавек у год. Людзей, якім ламаюць лёсы, якія выходзяць — калі выходзяць — маральнымі і фізічнымі калекамі, сухотнікамі, рэцыдывістамі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?