Я перакананы на ўласным сціплым досведзе:

толькі той чалавек можа атрымаць паўнавартасную асалоду ад Масленкі ці французскага карнавала Mardi Gras, у каго праз пару дзён ці на наступны дзень пачынаецца Вялікі пост.
Не кажучы і пра тое, што толькі той, хто трымае пост, атрымае і непараўнальна большую радасць ад Вялікадня ці свята Нараджэння Хрыстовага.

Без наступнага посту Масленка і Mardi Gras проста губляюць сэнс. З-за неспрыяльнага надвор’я святочны Mardi Gras’аўскі карабельны парад у Ніццы сёлета перанесьлі, панімаеш, на два дні наперад — ужо на перыяд Вялікага посту. Арганізацыйная замінка па форме, анекдот і дэманстрацыя прафанацыі традыцыі — па сутнасці. Жывы прыклад, як свята з глыбінным сэнсам ператвараецца ў маркетынгавае мерапрыемства кшталту Дня Святога Валянціна, Хэлоўіна ці Дня Святога Патрыка.

Учорашняя Папяльцовая серада,

нагадванне, што з праху мы нарадзіліся і ў прах вернемся; і адпачынкі ў Турэччыне, новыя мабільнікі, гіпатэка і піццё піва — усё гэта ў гэтым сусветным экзістэнцыйным масштабе ёсць пыл ад таго праху.

Што пра нас скажуць нашчадкі? Што пра нас скажа Бог, калі мы паўстанем перад Ім на суд? Ці хаця б што мы самі падумаем у момант сваёй смерці, азіраючыся назад? Вось пра што раз-пораз павінен задумвацца кожны з нас. Пра гэта цікава задумвацца, і чым часцей чалавек разважае пра гэта, тым асэнсаваней робіцца яго жыццё. І пост, у суперажыванні з Хрыстом у яго саракадзённым выпрабаваньні перад смерцю і ўваскрасеннем,  — найлепшы час для такіх развагаў.

Пост — гэта практыкаваньне доабраахвотнага матэрыяльнага самаабмежавання, якое з'яўляецца цнотаю бадай што ва ўсіх рэлігіях свету.
Гэта, зрэшты, проста спроба хаця б на паўтара месяца зрабіцца лепшым чалавекам, чым ты ёсць: не спакушацца паленнем, не спакушацца смачнотамі і алкаголем, знаходзіць радасці ў жыцьці іншыя, чым звыклыя нізка-спажывецкія, ад якіх часта не стае сілы — ці проста добрай прыгожай нагоды — вызваліцца па-за постам. Гэта практыкаванне дзеля таго, каб калісьці, дай Божа, паспрабаваць ператварыцца ў такога лепшага чалавека назусім.

Мне падабаецца пасціцца. Жадаю і вам гэтага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?