Актыўная забудова тэрыторый за Мінскай кальцавой аўтадарогай пачнецца ў 2012 годзе.
Пра гэта паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька ўчора на сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта М. Танка.

«У 2012 годзе мы актыўна выйдзем за МКАД, бо ў сталіцы вялікіх тэрыторый для будаўніцтва жылля ўжо няма. Будаўніцтва будзе ісці, але не так маштабна. А агрэсіўна мы будзем працаваць за МКАД», — сказаў мэр горада.

Прыярытэтным напрамкам па актыўнай забудове прыгарада ён назваў Шчомысліцу. «Ударны кірунак — гэта мікрараён Шчомысліца. Затым — Калодзішчы (тэрыторыя былога вайсковага палігона), дзе можна пабудаваць каля 5 млн кв.м жылля.

Гэта наша перспектыва на 7–8 гадоў. Там мы сфармуем буйную забудову на адлегласці 3 км ад МКАД, дзе зможа пражываць каля 150 тыс. чалавек»,
 — паведаміў старшыня Мінгарвыканкама, дадаўшы, што за кальцавой аўтадарогай для камфортнай жыццядзейнасці насельніцтва створаць усю неабходную інфраструктуру.
Мікалай Ладуцька таксама нагадаў пра праект узвядзення ў прыгарадзе Мінска гарадоў-спадарожнікаў
і расказаў, што ўжо ідзе праектаванне першага горада-спадарожніка ў Смалявічах і вялікага пасёлка індывідуальнай забудовы ў раёне Кургана Славы. Першы дом у Смалявічах пачнуць будаваць ужо сёлета. Цяпер улады Мінска прапрацоўваюць магчымасці стварэння спрыяльных умоваў для прыцягнення ахвотных будаваць жыллё ў прыгарадзе. «Мы прапрацоўваем матывацыю праекту. Гэта, у прыватнасці, льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля, захаванне для мінчукоў магчымасці абслугоўвання ў паліклініках сталіцы і стварэнне працоўных месцаў у гарадах-спадарожніках», — дадаў мэр Мінска.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?