Міністэрства інфармацыі Беларусі будзе абскарджваць рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду па пазовах ЗАТ «Аўтарадыё» да Мінынфарму, заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» міністар інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі.

«Я вельмі зьдзіўлены вынікамі гэтага разбору. Прынятыя судзьдзём Валерыем Шобікам рашэньні не лічу справядлівымі», — сказаў міністар.

Праляскоўскі падкрэсьліў, што «Мінынфарм зробіць усё магчымае, каб аднавіць справядлівасьць». У прыватнасьці, у найбліжэйшы час мяркуецца падаць касацыйную скаргу ў Касацыйную калегію Вышэйшага гаспадарчага суду, удакладніў міністар.

Учора Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў несапраўднымі рашэньне камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні Беларусі ануляваць права ЗАТ «Аўтарадыё» на наземнае эфірнае перадаваньне, а таксама вынесенае «Аўтарадыё» папярэджаньне Міністэрства інфармацыі.

Міністэрства абвінаваціла радыёстанцыю ў «невыкананьні творчай канцэпцыі і публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Абвінавачаньне было зьвязанае з разьмяшчэньнем у эфіры радыё агітацыйных матэрыялаў альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, у адным зь якіх зьмяшчалася фраза «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?