10 сакавіка ў сталічнай галерэі інтэрнэт-партала tut.by адкрылася выстава жаночай графікі.
Прэзентавана прыкладна 30 твораў маладых аўтараў Наталлі Слушко, Алены Тукач і Яўгеніі Літвіновіч. Работы выкананы ў розных тэхніках: лінагравюра, туш, аловак, пастэль, акварэль.

Як паведаміла куратар галерэі tut.by Кацярына Савіцкая, выстава прысвечана Міжнароднаму жаночаму дню і памяці мастачкі і дызайнера Наталлі Слушко, якая месяц таму пры трагічных акалічнасцях памерла ад цяжкай хваробы парушэння абмену рэчываў (хвароба Бартэра-Гітэльмана).

Паводле слоў Савіцкай, большая частка экспазіцыі — каляровыя і чорна-белыя работы Слушко, якія вылучаюцца жыццярадаснасцю, яркасцю фарбаў, дзівакаватасцю персанажаў. Яны выкананы ў асноўным у змешанай тэхніцы: акварэль, аловак, туш, ручкі. «Творчасць Наталлі Слушко — гэта жывы палёт фантазіі, лёгкі і тонкі па манеры выканання, што аб’ядноўвае ўсіх жанчын-графікаў», — сказала куратар галерэі.

Яна зазначыла, што часцей за ўсё, гледзячы на работу, можна вызначыць, жаночая яна ці мужчынская. «Мужчынам уласцівыя больш рэалістычныя, буйныя дэталі, а жанчыны — такія вышывальшчыцы. Жаночая графіка вызначаецца тонкасцю, ажурнасцю і лёгкасцю», — дапоўніла Савіцкая.

Як паведаміла на вернісажы леташняя выпускніца аддзялення графікі Беларускай акадэміі мастацтваў Алена Тукач, на выставе паказана сем яе работ з серыі «Нараджэнне казкі». Гэта не ілюстрацыі да казак, а асабістае ўспрыманне навакольнага свету аўтарам. «Вось недзе праляцеў матылёк, сеў на кветку, кветка апусцілася, капнула раса… І гэта адчуванне чароўнасці свету я паспрабавала перадаць у сваіх работах», — сказала графік.

Паводле слоў Яўгеніі Літвіновіч, яе чатыры работы, прэзентаваныя на выставе, аб’яднаны назвай «Жывая графіка». Задачай Літвіновіч было перадаць прыгажосць навакольнага свету і прыроды з дапамогай раслінных, жывёльных, геаметрычных арнаментаў. «Вельмі хочацца паказаць, што прырода, яе нейкія часткі больш складаныя і цікавыя за тыя, што мы ўспрымаем. Таму работы такія дэталёвыя, у іх столькі элементаў, графічных вобразаў», — зазначыла мастачка.

На адкрыцці выставы выступіў беларускі гурт Dzivasil, які іграе ў сучасным музычным кірунку этнаэмбіент. Быў паказаны фільм памяці Наталлі Слушко.

Выстава будзе працаваць па 1 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?