Следчы стварыў уражанне, што ўсё ведае, і гаварыў на тэму, якая цікавіла падследнага.
Уладзімір Качагур, сябар выбарчага штаба Віталя Рымашэўскага, удзельнік Плошчы, пастар царквы “Новае жыццё” пасьля наведвання КДБ у Менску зрабіў выснову: там усё пра ўсіх усё ведаюць.
Качагура выклікалі ў КДБ Беларусі пасля таго, як ён адмовіўся даваць паказанні чэкістам у Наваградку, паколькі тыя забаранялі пры гэтым прысутнічаць ягонай даверанай асобе.
10 сакавіка ён прабыў у следчага шэсць гадзін і павінен з'явіцца яшчэ і сёння.
Са слоў Качагура, яны найменш гаварылі са следчым пра Плошчу, амаль увесь час гутарылі пра Бога. Але найболей Качагура здзівіла дасведчанасць чэкістаў пра ўсіх і пра ўсё.
Качагур нават заявіў: “Хаваць ад іх нешта бессэнсоўна, яны нават сказалі мне, у якія мы карты гулялі і хто выйграў. Яны ведаюць абсалютна ўсё і пра тое, хто там дзверы разьбіў таксама. А ў мяне збольшага пыталіся пра Насту Палажанку – ці ведаю я яе? Я сказаў, што ведаю, не стаў гэтага хаваць”.
Са слоў Качагура, следчы паказаў яму відэа з Плошчы, на якім добра быў бачны сам Качагур, але на гэтым акцэнт не рабіўся. Ніякага ціску, з яго слоў, не аказвалася, наадварот, размова вялася прыстойна.
У КДБ выкліканы іншыя актывісты Хрысціянскай Дэмакратыі з Наваградка: Дар’я Бахар, Сяргей Воўчак, Юрась Казак.
Раней іх тройчы выклікаліся ў праваахоўныя органы з мэтай дапытаць іх у справе падзеяў 19 снежня на Плошчы, але не з'яўляліся туды. Пазней суд Навагрудскага раёна асудзіў іх за гэта на 200 тысяч рублёў штрафу.
А яшчэ пазней яны адмовіліся даваць паказанні следчым КДБ у Навагрудку без прысутнасці пры гэтым іх давераных асобаў. Актывісты заяўлялі следчым, што такое права ім гарантуе Канстытуцыя Беларусі.