Праваслаўная царква ўганаравала Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь харугвай з выявай Хрыста Збаўцы.Цырымонія трансліравалася па дзяржаўным тэлебачанні. Перад урачыстым канцэртам, прысвечаным Дню міліцыі, Мітрапаліт Філарэт перадаў міністру Куляшову харугву з відарысам аблічча Хрыста Збаўцы, прамовіўшы з гэтай нагоды ўрачыстую малітву і акрапіўшы харугву святой вадой.
З намі Бог!
Звяртаючыся да залы, што была запоўнена абранай публікай — архіепіскапамі, епіскапамі, вікарыямі, сілавікамі ў форме і цывільным, дзяржслужбоўцамі, дэпутатамі — кіраўнік праваслаўнай царквы пачаў прамову ўрачыстымі словамі: " Наша страна процветает усилиями многих людей. Ваш труд — сохранение Отечества от посягательства злоумышленников — можно назвать крестным…» Пасажы з вывераных сінтагмаў Мітрапаліта гучалі ў прыціхлай зале як вібрацыі стальных струн і па заканчэнні выступлення былі ўвенчаны шматгарлавым урачыстым выгукам спеўнай групы, што выстраілася на сцэне: «С нами Бог!».
Сам працэс перадачы харугвы (тут, пэўна, патрэбны быў цалавальны рытуал) аператары неяк змазалі. Магчыма, было нешта выразана. (У пазнейшых тэлепаўторах гэта ўвогуле не паказвалі.) У параўнанні з урачыстай прамовай Мітрапаліта міністэрскае слова ў адказ слухалася вельмі будзённа і нават сарамяжліва. У інтэрв’ю для партала sobor.by міністр выглядаў больш рэспектабельна і вымавіў сказ, які ў той жа вечар быў вынесены на афіцыйныя сайты: «Нравственный верующий человек всегда будет дружен и с законом…»
Можна яшчэ дадаць, што — паводле афіцыйнай інфармацыі — «передача хоругви была совершена по инициативе Министерства внутренних дел», і што «замысел освящения воинского знамени родился во время акции «Семья — служим вместе» в рамках проведения программы «Семья — единение — Отечество».
Пераказваю ўсё так амаль фатаграфічна і нейтральна, таму што хачу, каб той, хто не бачыў той урачысты сход, змог паразважаць разам з намі: што ж адбылося ў той вечар у Палацы Рэспублікі? Што стаіць за гэтым знешнім урачыстым актам яднання царквы з міліцыяй у гэтыя складаныя дні для нашай краіны?
Блаславенне зла — тут і цяпер
У першы год свайго прэзідэнцтва Лукашэнка заяўляў, што не стаў прыхільнікам беларускай нацыянальнай ідэі, фармуляванай папярэднікамі, і лічыць (хоць і як «праваслаўны атэіст») хрысціянскія каштоўнасці найбольш прыдатнымі ў якасці складнікаў сучаснай самаідэнтыфікацыі беларускіх грамадзян. (Тут мы не ўдаёмся ў супярэчнасці выказвання: ранейшая нацыянальная ідэя не адмаўляла хрысціянскіх каштоўнасцяў.) У наступныя гады праваслаўная царква неадступна «суправаджала» і асвячала Лукашэнку, калі ён рухаўся па лесвіцы аўтарытарызму. На інаўгурацыі 2006 года Мітрапаліт настаўляў «сэкулярнага суверэна» не як евангельскі пастар, а як бязлітасны старазапаветны Давыд свайго сына Саламона: «Будзь цвёрды і мужны. Ідзі ўпэўненым крокам. Барані Айчыну і зямлю нашу ад зламыснікаў…» Не дачакалася грамадства ад царквы ні дыялогу з іншадумцамі, ні слоў спачування родным зніклых палітыкаў, ні ацэнкі дзяржаўных ілжэсведчанняў у час выбараў, ні асуджэння (ці хаця б ціхага мудрага настаўлення) кіраўніка дзяржавы за яго публічныя абразы апанентаў і моўнае хамства, маральнае распуства…
І вось раптам — вяршыня цынізму: евангельскае маўчанне перарастае ў бласлаўленне зла. Святая харугва перадаецца міліцэйскаму воінству, чый галоўны начальнік узяў пад казырок і загадаў чыніць крывавую бойню! Акурат цяпер, калі ідуць вераломныя суды, калі ўвесь цывілізаваны свет патрабуе вызвалення вязняў і пакарання службовых асоб, якія перавысілі свае паўнамоцтвы і татальна парушылі права грамадзян на свабоднае волевыяўленне. Лічу, праваслаўная царква на чале з Мітрапалітам канчаткова страціла свой твар. Яе літаральна згвалцілі, або, як бы сказаў Лукашэнка, — «нахілілі ды апусцілі». Думаецца, што царкоўнае начальства сціпла папрасіла, каб у афіцыйным тэксце напісалі, што «перадача харугвы была здзейснена па ініцыятыве МУС».
Вуснамі галоўнага святара Беларусі гвалтоўныя дзеянні міліцыі кваліфікуюцца як «крестный труд»! Вось прыйдуць у Маскоўскі суд 15
У той вечар, 4 сакавіка, тэлегледачы чакалі паказу інтэрв’ю Лукашэнкі газеце «Вашынгтон Пост». Урачысты вечар, прысвечаны Дню міліцыі, быў паказаны перад гэтым гадзіны за паўтары. Дух «бажэсьцьвеннага» міліцэйскага вечара і атмасфера гутаркі Лукашэнкі з замежнай карэспандэнткай былі вельмі падобныя: той жа цынізм, тое ж жангліраванне словамі. Лукашэнка пачуваў сябе свабодным ад усялякіх хімераў сумлення і логікі: не ведае, у якой сям’і вязняў трохгадовы сын; адзін кандыдат у прэзідэнты патрабаваў ягонага павешання; у Беларусі выбары ў разы дэмакратычней, чым у Амерыцы… З Лукашэнкам на інтэрв’ю быў таксама ягоны ўласны бог, бог «праваслаўнага атэіста», які дазваляў яму і раней бессаромна лгаць і плесці ўсякую несянесіцу: мой бацька згарэў у танку; па мне шмат разоў стралялі; Быкаў пісаў вершы; Скарына тварыў у Піцеры; у Гітлера было не ўсё дрэнна…
Быў такі адзін дзяржаўны дзеяч мінулага, які абяцаў сваім грамадзянам: «Я зраблю ваша жыццё лягчэйшым. Я вызвалю вас ад залішняга розуму і хімеры сумлення!». Ягонае воінства напісала тады сабе на спражках тры словы «З намі Бог!» і замаршыравала ў ганебны паход, які каштаваў чалавецтву дзясяткі мільёнаў жыццяў.
Што ж вы,
У той жа вечар пасля ўрачыстага сходу патэлефанаваў я знаёмаму праваслаўнаму святару. Час ад часу мы гутарым з ім на царкоўныя тэмы. Апошні раз мы сустракаліся з ім у Палацы мастацтва на лекцыі Андрэя Кураева, які ў почаце Мітрапаліта Кірыла прыязджаў ў Мінск. Пра вельмі своеасаблівую лекцыю Кураева ў Палацы мастацтва пісала ў свой час і «Народная Воля». Мой знаёмы — чалавек адукаваны, шчыры, але асцярожны. Зразумеўшы тэму нашай магчымай гутаркі, ён не выказаў асаблівай гатоўнасці абмяркоўваць учынак Мітрапаліта Філарэта, спаслаўшыся на тое, што яму гэта рабіць не вельмі этычна ды і перадачу ён не глядзеў. Ды і ўвогуле, кажа, час зараз не той, каб па тэлефоне такія тэмы абмяркоўваць. Вось так.
Мы неяк больш схільныя крытыкаваць праваслаўную царкву за хаўрусаванне з уладамі. Як па мне, дык — чым астатнія лепшыя? Каталікі тыя, праўда, на беларускай мове часам казані кажуць. А так — мала чым ад праваслаўных адрозніваюцца. Харугваў, праўда, пакуль не падносілі, але гэтак жа лагодна, як і праваслаўныя, Лукашэнку прымаюць, слухаюць прыхільна ягоныя не надта ўмесныя тырады,
Я не ведаю, ці спавядаюцца святары перад смерцю і як яны палагоджваюць сваё сумленне, калі ў апошнія хвіліны жыцця ўзважваюць свае словы і ўчынкі? Канечне, агульны баланс дзейнасці шараговых святароў станоўчы, калі глядзець «па пладах і па зернях». Але, калі яны высокія іерархі і працягла «не аблічаюць грэшнікаў» (што патрабуе Святое Пісьмо) і тым больш публічна асвячаюць злачынства, тым самым спрыяючы дэградацыі грамадства, — хто асмеліцца сказаць, што іх промысел праведны. Цень крывавых падзей 19 снежня стаіць чорнай хмарай над беларускім МУС і ягоным галоўным начальнікам, уганараваным чарговай генеральскай зоркай з рук галоўнага свецкага начальніка Беларусі. Цяпер вось ягоныя подзвігі ўжо асвячаюцца іменем Бога.
Цынізм чалавека ва ўбранні святара — больш небяспечны, чым ілжа свецкага начальніка: генсекі, прэзідэнты прыходзяць і адыходзяць. Ідэя Боскай справядлівасці вечная. Яе разумее падсвядома і нехрышчоны, і неўцаркоўлены, хаця і не можа для гэтага знайсці слушныя словы. У бядзе, у хваробе, неабаронены сярод цёмнай ночы самы слабы грэшнік набліжаецца да Бога. «Падзенне» святара — сігнал і страшэнна дзейсны чыннік дэградацыі грамадства. Сціраецца мяжа паміж дабром і злом.
Крынiца: Народная Воля





