Аргкамітэт руху «За Аўто» 11 сакавіка даў старт чарговай акцыі супраць павышэння цэнаў на паліва — «Стоп-бензін — 2».
Пра гэта паведаміў старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання «За Аўто» Арцём Шаркоў.

«Акцыя бестэрміновая, пакуль ніякіх часавых абмежаванняў мы не ставім», — сказаў ён.

Ініцыятары акцыі «Стоп-бензін — 2» у першы дзень сабралі 30 подпісаў пад зваротам, які сёння будзе накіраваны ў шэраг дзяржаўных структур.

«Людзі выказалі незадаволенасць у сувязі з падвышэннем адпускных цэнаў на паліва, — паведаміў старшыня аргкамітэта, — таму мы вырашылі пачаць другую акцыю „Стоп-бензін“. Сёння мы падрыхтавалі зварот у „Белнафтахім“, Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў, у якім абгрунтоўваем немэтазгоднасць гэтага падвышэння і патрабуем зніжэння цэнаў на паліва, прадстаўлення нам калькуляцыі фармавання цэнаў і патрабуем пазбавіць „Белнафтахім“ манапольнага права на рэгуляванне цэнаў».

Лідар «За Аўто» выказаў надзею, што зварот прыцягне ўвагу дзяржаўных органаў і «Белнафтахіма» і падштурхне іх да дыялогу. У адваротным выпадку, сказаў ён, акцыя «Стоп-бензін — 2» будзе праводзіцца «больш актыўна і ярка, набудзе новы фармат».

Шаркоў адзначыў, што «патрабаванні носяць, магчыма, завышаны характар», аднак «калі не прасіць па максімуме, то не атрымаем нічога». Паводле яго словаў, «пэўную эфектыўнасць» першай акцыі «Стоп-бензін», якая адбылася ў пачатку чэрвеня 2010 года, даказвае той факт, што дзевяць месяцаў цэны на паліва не падвышаліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?