Палітолаг Уладзімір Падгол прапануе напісаць агульнанацыянальную дыктоўку па тэксце Каліноўскага.
На яго думку, такім чынам можна выказаць салідарнасць з вязнямі.
«Адметнасцю сёлетняй дыктоўкі павінна стаць салідарнасць з палітзняволенымі. На ўгодкі БНР агульнанацыянальная дыктоўка можа быць напісаная палітычнымі актывістамі, паплечнікамі зняволеных, экс-кандыдатамі ў прэзідэнты, якія застаюцца на волі, па тэксце, створаным на аснове «Лістоў з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага». Сп. Падгол раіць загадзя даслаць тэкст дыктоўкі вязням, каб тыя па магчымасці арганізавалі яе і за кратамі.
Чаму менавіта «Лісты»? Палітолаг кажа, што
ён правёў паралель паміж Каліноўскім і аўтарам «Лістоў з лесу» Паўлам Севярынцам, які цяпер знаходзіцца ў засценку КДБ.
Сітуацыя з тых часоў не нашмат памянялася.
Разам з тым Уладзімір Падгол адзначае, што «было б цудоўна, каб усе экс-кандыдаты ў прэзідэнты ды лідары партый, якія знаходзяцца на волі, пісалі дыктоўку разам у адзін час і адным месцы — і тым самым зрабілі крок да яднання апазіцыі. Яднання вакол нацыянальных каштоўнасцяў, дзе агульнанацыянальным лідарам ёсць не нейкі ідал, а Мова».
«Ёсць ідэя напісаць эстафетную дыктоўку амбасадарам краін Эўразвяза па тэкстах Каліноўскага «Лісты з пад шыбеніцы», і даслаць копію дыктоўкі кожнаму палітвязню ў турму КДБ ў знак салідарнасці».
Над зводным тэкстам для дыктоўкі цяпер працуе паэт Сяргей Законнікаў.
Нагадаем, што агульнанацыянальная дыктоўка ўпершыню была праведзена ў Беларусі ў 2008 годзе. Яе ініцыятарам з’яўляецца Уладзімір Падгол. Сёлета дыктоўка праводзіцца ў тры этапы: 21 лютага, 15 і 25 сакавіка.





