Рэдакцыі «Борісовскіх новостей» загадалі зняць лагатып з казырка.

Незалежнае выданне атрымала з аддзела архітэктуры Барысаўскага райвыканкама ліст з прэтэнзіяй. Лагатып газеты на казырку пад’езда, дзе месціцца рэдакцыя, палічылі рэкламай, размешчанай без афармлення тэхпашпарта. У гэтым убачылі парушэннем закона «Аб рэкламе».

Галоўны рэдактар газеты Анатоль Букас рашыў лагатыпу не знімаць, бо не згодны з выстаўленымі прэтэнзіямі: ён лічыць шыльду проста ўказаннем на месца размяшчэння рэдакцыі.

У адказ з аддзела гандлю і паслуг райвыканкама ў газету прыйшло прадпісанне — з’явіцца для складання пратаколу аб адміністратыўным правапарушэнні.

Галоўны рэдактар кажа, што шыльда з лагатыпам вісіць над казырком пад’езда ўжо 8 гадоў. Сп. Букас упэўнены, што прэтэнзіі райвыканкама — гэта чарговы спосаб уладаў націснуць на выданне.

Нагадаем, што 10 студзеня ў рэдакцыі «БН» і дома ў галоўнага рэдактара выдання супрацоўнікі Барысаўскага РУУС правялі ператрусы з санкцыі УКДБ па Мінскай вобласці. З рэдакцыі вынеслі ўсю аргтэхніку. Тым не менш, рэдактару ўдалося працягнуць выпуск газеты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?