Старшыня партыі Аляксей Янукевіч не бачыць сэнсу звяртацца ў міліцыю.

У ноч на 15 сакавіка ў Мінску на сядзібе БНФ (пр. Машэрава, 8) невядомыя аблілі чорнай фарбай дзверы. На сцяне побач хуліганы намалявалі чырвонай фарбай абрэвіятуру АНБ і знак, знешне падобны на свастыку.

Як паведаміў «Нашай Ніве» Аляксей Янукевіч, лідар партыі БНФ, звяртацца ў міліцыю з заявай сябры партыі не будуць, бо не бачаць сэнсу. «Нам ужо аблівалі фарбай дзверы, і неаднойчы, білі шыбы. Мы звярталіся па тых фактах у міліцыю, але нікога ні ў адным з выпадкаў не знаходзілі. Таму не бачым сэнсу звяртацца ў праваахоўныя органы цяпер».

Сядзіба партыі БНФ у Мінску некалькі разоў рабілася аб’ектам атакаў невядомых. Адна з самых гучных спраў звязаная з інцыдэнтам 16 жніўня 2006 г. Тады да дзвярэй сядзібы невядомыя прымацавалі муляж выбуховага прыстасавання. Дзверы і сцены сядзібы былі выпацканыя смалой, а на ходніках былі раскіданыя ўлёткі РНЕ. Была заведзеная крымінальная справа, але вінаватых не знайшлі.

Сённяшні інцыдэнт адбыўся акурат у момант, калі вырашаецца лёс арэнды памяшкання. Нагадаем, што ЖРЭА Савецкага раёна Мінска накіравала партыі ліст, у якім нагадваецца, што арэндная дамова сканчаецца 31 сакавіка, таму партыя будзе павінна вызваліць памяшканне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?