Вядомы журналіст і палітолаг Аляксандр Класкоўскі, бацька арыштаванага па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня былога міліцыянера Аляксандра Класкоўскага, атрымаў ад сына першы за тры месяцы ліст.

Класкоўскі-старэйшы звязвае гэта з тым, што ў мінулую пятніцу, 11 сакавіка, газета «Народная воля» апублікавала яго адкрыты ліст на імя генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. У лісце Аляксандр Класкоўскі патрабаваў забяспечыць сыну, які знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, магчымасць нармальна весці перапіску і сустракацца з адвакатам.

На думку Класкоўскага-старэйшага, такім чынам «удалося прарваць інфармацыйную блакаду». Ён указвае на тое, што за ўвесь перыяд турэмнага зняволення сына не атрымліваў ад яго ніводнага ліста. А мяркуючы па нешматлікіх лістах, якія атрымала жонка Класкоўскага-малодшага, ён, у сваю чаргу, не атрымліваў лісты ад маці і сястры. Зараз, як піша Класкоўскі-малодшы, сітуацыя змянілася, і да яго сталі даходзіць лісты ад сваякоў.

Адкрыты зварот да генпракурора, мяркуе Класкоўскі-старэйшы, таксама садзейнічаў атрыманню яго сынам юрыдычнай дапамогі. У звароце, нагадаем, гаварылася пра тое, што сыну Класкоўскага, як і іншым арыштаваным па справе 19 снежня, не забяспечана належная юрыдычная дапамога, у прыватнасці не даецца магчымасць сустрэчы з адвакатам сам-насам, як гэта прадугледжана законам. «Зараз сын піша ў лісце, што напісаў адпаведную заяву і спадзяецца найбліжэйшымі днямі на сустрэчу з адвакатам», — сказаў бацька арыштаванага.

Паводле яго слоў, сын паведамляе, што атрымаў ліст ад бацькі ў пятніцу, 11 сакавіка. Менавіта ў той дзень, падкрэсліў Класкоўскі-старэйшы, у «Народнай волі» быў апублікаваны зварот да Васілевіча. Паводле слоў бацькі зняволенага, з улікам таго што з абанементнай скрыні № 8 карэспандэнцыя для вязняў «амерыканкі» вымаецца па аўторках, можна зрабіць выснову, што тры дні гэты ліст, відаць, трымалі і пасля рэзанансу ў прэсе аддалі.

З гэтага бацька арыштаванага робіць выснову: «Усё-такі галоснасць дзейнічае, і грамадскасці трэба біць у званы, звяртаць увагу на факты парушэння закону ў дачыненні да тых асоб, якія ўтрымліваюцца ў гэтак званай «амерыканцы». На думку Класкоўскага-старэйшага, «у выніку гэта ўсё-такі прымушае прадстаўнікоў сілавога ведамства ўносіць карэктывы ў сваю палітыку адносна арыштаваных і прытрымлівацца хаця б элементарных норм закону».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?