Нядаўна распаліў жорсткую дыскусію пра фемінізм на «Новай Эўропе»:

«

Жанчына і мужчына — гэта інь і янь, дзве ўзаемадапаўняльныя часткі адзінага цэлага, дзве раўнапраўныя супрацьлегласці ў адзінстве. Адрозненне паміж мужчынамі і жанчынамі закладзенае самою прыродаю. Жанчыны нараджаюць дзяцей, а мужчыны — не нараджаюць. Мужчына стварае семя, якое жанчына выношвае і нараджае новае жыццё — гэта сакральная і ўсяленская схема існавання абсалютнай большасці жывых істотаў, вакол якой будавалася і светаўспрыняцце чалавека.

Маці-зямля і бацька-неба, у хрысціянстве яны прынялі вобраз Дзевы Марыі, якая нараджае Езуса ад Святога Духа, што сыходзіць ад Бога-айца. Тэзіс — антытэзіс — сінтэз, плюс на мінус — замыканне.

Ад глыбокай старажытнасці на гэтай падставе склаліся агульныя сацыяльныя ролі жанчыны як выхавацелькі дзяцей, мужчыны — як здабывальніка ежы для сям’і. Гэта натуральна, і ў гэтым няма нічога абразлівага ні для жанчын, ні для мужчынаў.

Абразлівае і несправядлівае — гэта калі жанчынам на гэтай падставе адмаўляюць у грамадзянскіх правах і калі іх гвалтоўна выключаюць з грамадскага жыцця, але змаганне з гэтаю з’яваю, [на інстытуцыянальным узроўне] ужо амаль пераможанай у нашай краіне, не мае сэнсу ператвараць у валюнтарысцкае выкарчоўванне традыцыйных гендэрных роляў. Як і барацьбу за свабоду веравызнання і аддзяленне царквы ад дзяржавы не трэба было ператвараць у руйнаванне цэркваў.

Мужчыны і жанчыны — розныя. Яны часта маюць розныя звычкі, розныя інтарэсы, розную ментальнасць, часам нават адрозны рацыён. Склалося так праз шматтысячагадовае выхаванне, ці пад гэтым ёсць і натуральныя чыннікі — не так важна. Важна, што так ёсць і што пераважнай большасці з гэтым камфортна.

»

(чытаць цалкам)

***

Дадам:

Фемінізм імкнецца не да раўнапраўя жанчын і мужчын, а да разбурэння нармалёвых для жыццяздольнага чалавечага грамадства гендэрных роляў.

У выпадку з традыцыйнымі гендэрнымі ролямі варта казаць не проста пра стагоддзі іхнага існавання, але пра тысячагоддзі ці нават пра амаль усю гісторыю чалавецтва, калі яны заставаліся збольшага нязменнымі.

Насупраць гэтага,

штучна і па-валюнтарысцку створаныя сацыяльныя канструкцыі мы бачылі ў дзеянні ў Нямеччыне 1930-х, Кітае 1960-х. Самае прыкрае, мы самі былі аб’ектам такога інжынернага эксперымента на працягу большай часткі ўсяго мінулага стагоддзя.
Усе гэтыя рацыяналістычныя пражэкты даказалі сваю нежыццездольнасць, не кажучы пра тое, што ў чалавечай гісторыі такая рацыяналізацыя заўжды была суправаджэннем заняпада той ці іншай чалавечай супольнасці, пра што напісаў яшчэ Шпэнглер сто гадоў таму.

І сучасны

дэструктыўны фемінізм, з яго ўтапічнай мэтай сцерці адрозненні паміж мужчынскім і жаночым, і ёсць квінтэсенцыяй гэтай абсурднай рацыянальнасці.
Больш за гэта, гвалтоўны перадзел традыцыйных роляў у грамадстве магчымы выключна праз інструмент сацыяльнай дзяржавы, праз гэты штучны дзяржаўны «кастыль», які ў рэшце рэшт ставіць грамадства і сістэму стымулаў з ног на галаву.

Лішне казаць, што з катэгорыяй асабістай свабоды (і, калі хочаце, класічным лібералізмам) такая пастаноўка пытання не мае нічога агульнага.

У гэткай дыскусіі даводзіцца яшчэ і яшчэ раз паўтараць: я за магчымасць для ўсіх людзей незалежна ад пола рабіць якую заўгодна кар’еру, я проста супраць таго, каб штучна імкнуцца да парытэта 50 на 50 абсалютна паўсюль. То бок, я супраць разбурэння гэтых роляў, я за змягчэнне іх межаў для жадаючых. Тое, што ў тых ці іншых прафесіях дамінуюць прадстаўнікі таго ці іншага пола (ці таго ці іншага этнасу і г.д.) зусім не абавязкова сведчыць пра дыскрымінацыю.

Хіба не так?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?