Кватэры цаной мільён даляраў у элітным доме «Каля Траецкага» прадмесця ў Мінску раскупленыя. Забудоўшчык, кампанія «Трайпл», абяцае здаць элітнае жыллё толькі ў 2012 годзе, але на сённяшні дзень з 215 кватэр пакупніка чакаюць толькі 43.

Дом над Траецкім стане адным з самых прэстыжных у Беларусі.

Дом над Траецкім стане адным з самых прэстыжных у Беларусі.

Раскупілі менавіта самыя дарагія кватэры на верхніх паверхах.

Раскупілі менавіта самыя дарагія кватэры на верхніх паверхах.

«Маяк Мінска» будзе менш прэстыжным.

«Маяк Мінска» будзе менш прэстыжным.

Прычым разабраныя менавіта самыя дарагія двухузроўневыя кватэры на верхніх паверхах, з вялікімі зялёнымі тэрасамі. Раней на сайце забудоўшчыка пяціпакаёўка агульнай плошчай каля 500 квадратных метраў каштавала 1 мільён 10 тысяч даляраў.

А былі яшчэ кватэры з 6 ды 8 пакоямі! Цяпер іх няма. Засталіся ў асноўным кватэры на першых паверхах, ад 300 тысяч даляраў. Самыя ж дарагія на сёння — «усяго толькі» па 750 тысяч.

«На сённяшні дзень — прыкладна 750 тысяч даляраў. Адразу трэба заплаціць 30%, а астатняе да канца года», — расказалі Еўрарадыё ў фірме «Трайпл».

Між тым прадстаўнік кампаніі адмовіўся казаць, колькі кватэр за мільён было прададзена. Але адзначыў, што асноўная колькасць пакупнікоў — беларусы, хоць ёсць і замежнікі. Больш за тое, на думку прадстаўніка «Трайпла», тыя, хто ўжо набыў кватэру, крэдытаў не бралі: маўляў, гэта іх уласныя накапленні.

У іншым элітным жыллёвым комплексе — «Маяк Мінска», які яшчэ не хутка будзе дабудаваны, — засталося толькі 10% вольных кватэр. Тут таксама асноўнымі гаспадарамі сталі жыхары Беларусі, але набывалі яны кватэры не толькі за назбіраныя грошы.

«Маяк Мінска»: «Па-рознаму: і іх накапленні, і крэдытныя грошы. Статыстыку мы не праводзілі, таму сказаць дакладна не можам. У нас чалавек выбірае сам сабе варыянт, як яму лепш аплачваць. Але мінімальная цана — калі чалавек адразу аддае амаль 91% ад сумы».

Варта адзначыць, што кватэры ў комплексе «Маяк Мінска» таннейшыя, чым у доме «Каля Траецкага». Усё ж далёкасць ад цэнтра ўплывае.

«Маяк Мінска»: «1400 даляраў дзесьці, 1350 за метр. Сярэдняя цана кватэры… не магу сказаць, бо яны вельмі розныя. Зноў жа часам набывалі па дзве, па тры кватэры, каб іх пасля аб’яднаць — і гэта быў самы дарагі варыянт».

У адным з найбуйнейшых мінскіх агенцтваў нерухомасці «Мая сталіца» Еўрарадыё паведамілі, што нават угоды на 600 тысяч даляраў досыць рэдкія, нягледзячы на высокую актыўнасць пакупнікоў у мінулым годзе. А амаль цалкам раскупленыя кватэры ў элітных новабудоўлях, на думку прадстаўніка агенцтва, паказалі, колькі ў нашай краіне багатых людзей.

«Мая сталіца»: «Гэты дом, напэўна, і паказаў тую нешматлікую частку багатых людзей, якія жадаюць мець нерухомасць у Беларусі. Увогуле, заўсёды змены на рынку нерухомасці ў Беларусі звязаныя з магчымасцю людзей крэдытавацца. Як толькі стаўка рэфінансавання пачала падаць, а за мінулы год яна ўпала тры разы, адразу ажывіўся попыт. І гэты перыяд быў дастаткова актыўным. Заўтра ці сёння ў нас змяняецца стаўка рэфінансавання, і што будзе далей — невядома».

Для параўнання: за мільён даляраў сёння прапануюць двухузроўневыя апартаменты з мэбляй у цэнтры Нью-Ёрка, прычым вокны кватэры выходзяць на Цэнтральны парк, а плошча такой кватэры складае больш за 600 квадратных метраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?