Верталёт сіл самаабароны Японіі пачаў скідаць ваду на трэці аварыйны рэактар АЭС «Фукусіма-1».
Раней у ноч на чацвер ваенны верталёт скінуў ваду на чацвёрты рэактар АЭС. Гэтыя аперацыі павінныя дапамагчы знізіць тэмпературу ў энергаблоках, дзе зламаліся сістэмы ахалоджання пасля землятрусу. Зніжэнне тэмпературы дазволіць пазбегнуць плаўлення паліўных элементаў.

Гэтыя аперацыі былі выкананыя на загад уладаў, пасля таго як іншы верталёт зрабіў замеры ўзроўню радыяцыі над станцыяй, перадае тэлеканал NHK. Варта адзначыць, што раней ад такіх мерапрыемстваў адмаўляліся, спасылаючыся на тое, што радыяцыйны фон над АЭС моцна перавышаны, і гэта можа пашкодзіць здароўю экіпажа верталётаў.

Цяпер узровень радыяцыі над аварыйнай АЭС «Фукусіма-1» усё роўна застаецца высокім, таму час палётаў верталётаў сіл самаабароны над ёй абмежаваны 40 хвілінамі. Кожная каманда павінная здзейсніць толькі крыху больш за дзесяць палётаў, каб не атрымаць небяспечную дозу апрамянення.

Усяго было выканана не менш за чатыры скіды, прычым кожны раз з ёмістасці на тросе верталёта скідалася 7,5 тон вады.

Але гэтых захадаў відавочна мала. На думку экспертаў, для дасягнення эфекту трэба выканаць да ста скідаў. Вялікая частка вады, што скідваецца на рэактары, развейваецца ветрам і не дасягае мэты.

Будынак трэцяга рэактара разбураны больш, чым іншыя аб’екты, што дазваляе спадзявацца на тое, што вада паступае «па адрасе» і астуджае перагрэтыя паліўныя стрыжні. Па выніках праведзенай аперацыі японскія ўлады паведамілі, што вада, скінутая верталётамі, ужо трапіла ў трэці рэактар.

Цяпер актыўна рыхтуецца аперацыя спецатрада японскай паліцыі па заліванні вады ў басейн чацвёртага рэактара АЭС «Фукусіма-1» з дапамогай магутных вадамётных гармат, якія выкарыстоўваюцца для разгону дэманстрацыяў. Такая праца прызначаная на першую палову дня па мясцовым часе.

Узровень радыяцыі застаецца нязменна высокім: працаўнікі станцыі ператварыліся ў «камікадзэ»

Пасля правядзення аперацыі па скідзе вады на аварыйны рэактар АЭС «Фукусіма-1» узровень радыяцыі над станцыяй знізіўся, але толькі на 30 мікразівертаў у гадзіну. Пра гэта паведамілі ў такійскай кампаніі-аператары станцыі TEPCO.

Па стане на 04:50 па Мінску ўзровень радыяцыі на вышыні 90 м над АЭС «Фукусіма-1» складаў 87,4 мілізіверты ў гадзіну, а на вышыні 300 м — ужо 4,13 мілізіверты ў гадзіну. Такія дадзеныя сталі вядомыя пасля замеру, праведзенага раніцай з верталёта японскіх сіл самаабароны.

Па дадзеных прадстаўніка кампаніі-аператара станцыі TEPCO, раней узровень радыяцыі на АЭС «Фукусіма-1» падняўся да 3 мілізіверты, у той час як норма складае 1 мілізіверт у год.

Японскі ўрад ужо правёў эвакуацыю насельніцтва ў радыусе 20 км вакол аварыйнай АЭС, а тых, хто жыве ў радыусе 20–30 км, раілі не пакідаць свае дамы. Прадстаўнік кабінета міністраў Нарыюкі Шыката заявіў, што ва ўладаў няма планаў далейшай эвакуацыі. Між тым амерыканскае пасольства ў Японіі раіць сваім грамадзянам, якія знаходзяцца ў радыусе 80 км ад станцыі, з’ехаць з гэтай тэрыторыі ці хаця б не выходзіць з памяшканняў.

Напярэдадні ўлады Японіі ў 2,5 разы — са 100 да 250 мілізівертаў — павысілі гранічна дапушчальную дозу апраменьвання для работнікаў атамных станцый у сувязі з неабходнасцю працягу прац на АЭС.

Тлумачыцца, што такіх захадаў ужо нельга пазбегнуць. «Я не ведаю, як гэта яшчэ назваць, але гэтыя людзі проста як камікадзэ на вайне», — пракаментаваў рашэнне міністэрства прафесар Кейчы Накагава з Такійскага медыцынскага ўніверсітэта, які працуе ў аддзяленні радыялогіі.

Кіраўнік камісіі па ядзерным рэгуляванні ЗША Грэгары Яцко, выступаючы ў палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША, заявіў таксама, што дозы апраменьвання, якія атрымаюць работнікі, могуць быць смяротнымі. «Мы лічым, што вакол зоны рэактара існуюць высокія ўзроўні радыяцыі. Супрацоўнікам аварыйна-выратавальных службаў будзе надзвычай цяжка падабрацца да рэактара. Дозы радыяцыі, якія яны атрымліваюць, патэнцыйна здольныя стайць смяротнымі цягам вельмі кароткага прамежку часу», — сказаў эксперт.

У той жа час ЗША папярэджваюць, што можа адбыцца пажар і новы выкід радыеактыўных рэчываў, бо з басейна ў трэцім энергаблоку, які астуджае адпрацаванае ядзернае паліва, выпарылася вада. Улады Японіі плануюць у падчас цяперашніх палётаў заліць ваду ў гэты басейн.

Амерыканскі спецыяліст па атамных рэактарах Пол Гантэр нагадаў, што басейны, у якіх астуджаюцца адпрацаваныя паліўныя стрыжні, знаходзяцца на даху рэактараў, гэта значыць, па-за ахоўнымі канструкцыямі. Гаворка ідзе пра сотні тон ядзерных адходаў. «Адсутнасць вады ў басейне азначае выкід у паветра велізарнай колькасці радыяцыі, — падкрэсліў Пол Гантэр. — Сітуацыя вельмі сур’ёзная».

Пры гэтым праводзіць паралелі з аварыяй у Чарнобылі Гантэр не гатовы. «На Чарнобыльскай АЭС, як вядома, адбыўся выбух, які зруйнаваў рэактар, — нагадаў эксперт.- У выпадку з „Фукусімай“ пагражае радыяцыйны пажар. Аднак, як і ў Чарнобылі, тут можа адбыцца выкід у атмасферу велізарнага радыяцыйнага воблака». І хоць на АЭС «Фукусіма-1» стаяць менш магутныя рэактары, але калі іх скласці ўсе разам, гэта «значна мацней і больш за Чарнобыль, дадаў Пол Гантэр.

Пачалося аднаўленне электрасілкавання на станцыі. Гэта можа выратаваць рэактары

Акрамя таго, працягваецца падвядзенне новай энергетычнай трасы да электрастанцыі. Лініі электраперадач былі знішчаныя землятрусам і цунамі, што прывяло да псавання сістэм астуджэння рэактараў.

Калі кампанія-аператар станцыі Tokyo Electric Power Co здолее зрабіць гэта найбліжэйшым часам, гэта дапаможа спыніць працэс плаўлення паліўных элементаў у рэактарах і пазбегнуць крызісу.

TEPCO вывучае магчымасць пракладання новых сілавых кабеляў да АЭС, падлучаных непасрэдна да ліній электрасілкавання іншых энергакампаній. За кошт гэтага спецыялісты разлічваюць аднавіць працу сістэм астуджэння, падключыўшы іх абсталяванне праз часовы размеркавальны шчыт. У сераду адпаведныя мерапрыемствы правесці не ўдалося праз высокі ўзровень радыяцыі на тэрыторыі комплекса АЭС.

Між тым прадстаўнік TEPCO Наокі Цунода паведаміў, што новыя лініі электраперадач для сілкавання атамнай электрастанцыі «Фукусіма» амаль завершаныя, і ўвядзенне іх у эксплуатацыю чакаецца найбліжэйшым часам. Аднак ён не ўдакладніў, калі менавіта TEPCO плануе пачаць электразабяспечанне ахаладжальных блокаў АЭС, падкрэсліўшы, што спецыялісты імкнуцца завяршыць працы «як мага хутчэй.

Як паведамілі прадстаўнікі кампаніі TEPCO, новая лінія электразабяспечання павінная аднавіць сілкаванне помпаў, што дасць магчымасць падтрымліваць пастаянны прыток вады для ахалоджання рэактараў. Да гэтага часу 180 супрацоўнікаў аварыйных службаў працуюць у некалькі зменаў, запампоўваючы марскую ваду ў рэактары ручнымі помпамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?