Нядаўна прыйшла мне позва, але не ў КДБ, а ў філіял Беларусбанка побач з чыгуначным вакзалам. Доўга думаў за што мне такое, але калі нарэшце прыйшоў, аказалася, яны проста хочуць пагасіць дзіцячы рахунак, адкрыты на маё імя ў 1991 годзе.

Памятаеце, перад сконам СССР камунякі вырашылі адабраць у насельніцтва яшчэ трошкі грошыкаў сыграўшы на бацькоўскіх пачуццях? «Мэтавы дзіцячы ўклад» азначаў паступовае ўнясенне сродкаў на імя малога, каб па дасягненні 18 гадоў яму ў якасці пад’ёмных выплацілі ажно 1000 паўнавартасных савецкіх рублёў. Мільёны дарослых людзей у 1991 годзе ўсур’ёз паверылі савецкай дзяржаве, што ўжо само па сабе кажа шмат аб чым… Ну дык вось, у 2011 г. надышоў час збіраць камяні.

Пакорпаўшыся з 20 хвілін (людзі ў чарзе пры гэтым падазрона шапталіся), касірка нарэшце зразумела, у чым справа, знайшла патрэбны алгарытм дзеянняў.

Я падпісаў 5 ці 6 папер і атрымаў на рукі 70 беларускіх рублёў.
Вось! А разам з імі — даўжэзную квітанцыю на якой адлюстраваная ўся фінансавая гісторыя незалежнай Беларусі. Прапаную вам найбольш цікавыя фрагменты квітанцыі:

Як бачна на першым здымку,

дзяржава чэсна-чэсна штогод налічвала мне працэнты па ўкладзе, так што з улікам першай дэнамінацыі, калі адкінулі адзін нуль, у 1999 годзе на рахунку скапілася ажно 4 722 рублі, што, пагадзіцеся, крута.
Але ж 31.12.1999 адбылася чарговая дэнамінацыя, падчас якой адкінулі ўжо тры нулі, і на рахунку, па правілах акруглення, апынулася цэлых 5 беларускіх рублёў. З таго часу дэнамінацый не было, падарункаў і папаўненняў рахунку таксама, але ж за 10 з хвосцікам гадоў толькі за кошт працэнтаў па ўкладзе атрымалася 70 рублёў. Такім чынам профіт склаў больш за 1000%. Сапраўды кажу, амерыканскія банкіры задушыліся б ад зайздрасці пры такой даходнасці ўкладаў. А каб яшчэ не было тых трыклятых дэнамінацый, то сёння атрымаў бы 700 тыс., а не тую занюханую адну, на якую прывабіліся ў 1991 мае бацькі.

Як гэта стала магчыма? Глядзім другі здымак.

Аказваецца, у асобныя гады працэнтная стаўка складала неймаверныя па сённяшніх мерках велічыні: 1993 — 1994 — 300% гадавых, з новага году 1995 падскочыла аж да 430%, відаць, у эканоміцы быў проста капец, але ж хутка, праз два месяцы, яе падбілі да 330%. Прыкіньце, за два месяцы скокнула больш чым на 100% туды і сюды — ФАНТАСТЫКА!!! Потым 1995 — 1999 — перыяд адноснай стабільнасці (цікава паглядзець, хто тады прэм’ерам быў, — хіба Лінг), але ж потым зноўку пайшла катавасія, у 2000 моцны расійскі крызіс зачапіў, і на табе — 180%.

Нагадаю, што сёння стаўка рэфінансавання — 12%, і яе падвышэнне выклікала ледзь не паніку.

Вось такія раптоўныя сутыкненні з гісторыяй могуць адбывацца… Прашу ўключыць мой квіток у хрэстаматыю па найноўшай гісторыі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?