Марына Малафеева, жонка галкіпера піцерскага футбольнага клуба «Зеніт» Вячаслава Малафеева, загінула раніцай у чацвер у выніку аварыі ў Санкт-Пецярбургу.

Каля 5:30 раніцы жанчына за рулём сіняга Bentley не справілася з кіраваннем. Машына, якая ехала на вялікай хуткасці, збіла рэкламны шчыт і ўрэзалася ў дрэва. Першапачаткова ў праваахоўных органах не паведамлялі імя загінулай, аднак у СМІ адразу ж з’явілася інфармацыя аб гібелі жонкі футбаліста «Зеніта».

У разбітым аўтамабілі былі знойдзеныя дакументы на імя Марыны Ігараўны Малафеевай.

Паводле папярэдняй версіі, прычынай аварыі стала перавышэнне хуткасці. Bentley занесла, аўто паляцела ў сумёт, перавярнулася і ўрэзалася ў дрэва каля 44 дома па Прыморскім праспекце, расказала крыніца Life News. «Машыну Малафеева ўначы супрацоўнікі ДІБДР ужо спрабавалі спыніць, — сцвярджае крыніца. — Яна імчала на шалёнай хуткасці».

Вячаслаў не ведаў пра смерць жонкі некалькі гадзін — ён быў разам з камандай на перадматчавым карантыне, адкуль і быў выкліканы на месца здарэння. «Марына тэлефанавала мне ўчора вечарам, — паведаміў футбаліст Life News. — Яна сказала, што знаходзіцца на дне нараджэння сябра, што выпіла бакал шампанскага. У Марыны ніколі не было звычкі садзіцца за руль, калі вып’е». Паводле інфармацыі Life News, напярэдадні Марына святкавала дзень нараджэння свайго блізкага сябра, другога саліста групы «М-16» Ігара Хазраткулава.

Сёння «Зеніт» праводзіць у Санкт-Пецярбургу на стадыёне «Пятроўскі» матч у адказ 1/8 Лігі Еўропы супраць нідэрландскага клуба «Твэнтэ». Відавочна, Вячаслаў Малафееў не зможа ўзяць удзел у гульні, і яго хутчэй за ўсё, заменіць другі галкіпер «Зеніта» Юрый Жаўноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?