16 сакавіка ў 21.20 на кватэры на вуліцы Чырвонай быў затрыманы Андрэй Юраў — кіраўнік Міжнароднай назіральніцкай місіі.
Яго даставілі ў Савецкі РУЎС, дзе выставілі абвінавачанне. Аказалася, што спадар Юраў незаконна перасек беларуска-расійскую мяжу, яго імя фігуруе ў спісе «непажаданых» асобаў, і супраць яго могуць распачаць крымінальную справу. Шансаў даведацца пра тое, што ён з’яўляецца «непажаданым» у праваабаронцы не было: мяжа з Расіяй празрыстая. Цяпер Андрэй Юраў мусіць пакінуць краіну цягам 24 гадзінаў, то бок да 11 ранку заўтрашняга дня. 9 сакавіка ўжо быў зняты з цягніка Кіеў-Мінск іншы прадстаўнік місіі — Максім Кіцюк.
«Гэта было вельмі нечакана, і гэта канешне вялікі скандал, — каментуе сітуацыю Юраў. — Ніколі не было ніяк перашкодаў для працы місіі, тым больш, што нават нараканняў не было.
Наадварот, нам нават казалі пра залішнюю лаяльнасць — мы проста імкнуліся даваць аб’ектыўную інфармацыю. Напрыклад, нашая прапанова запрасіць на суды прадстаўнікоў АБСЕ была ўхвалена. І тут выяўляецца, што я з’яўляюся „непажаданай“ персонай. Застаецца спадзявацца, што гэта памылка чыноўнікаў сярэдняга ўзроўню. Гэта з’яўляецца рэальным доказам таго, што „чорныя спісы“ існуюць і дзейнічаюць. Гэта можа датычыць грамадзян усіх краін, якія не мусяць мець беларускую візу. Навіна ўжо трапіла ў топ Яндэкса, і расейскі бок заўтра дасць сваю адзнаку гэтай сітуацыі».

«Я так ці інакш збіраўся пакінуць Беларусь, — кажа Юраў. — Але павінен быў заўтра ляцець у Кіеў, у выніку палячу ў Маскву — заўтра збіраецца прэзідэнцкі Савет, сябры якога яшчэ ўчора збіраліся прыляцець у Мінск, даведаўшыся пра затрыманне».

Праваабаронцы мяркуюць, што гэта выпадак не апошні. І невядома, хто з грамадзян Расіі, якія прыязджаюць у краіну праз празрыстую мяжу, адразу падпадаюць пад крымінальную адказнасць у Беларусі.

«Канешне, мы будзем паднімаць гэтае пытанне на ўзроўнях МЗС Расіі, Беларусі, Украіны, а таксама ў шэрагу міжнародных арганізацый.
Дарэчы, Беларусь заўжды даказвае сваю адданасць прынцыпам ААН і іншых арганізацый, але тое, што адбылося ўчора — максімальна грубае парушэнне гэтых правілаў», — сцвярджаюць яны.

«Непажаданай» персонай Андрэй Юраў стаў 4 сакавіка. У Беларусь прыехаў 14-га лютага, якая арганізацыя стварыла «спіс» і хто ўнёс туды ягонае імя — невядома.

«Мы нават думалі здзейсніць крок у адказ — замест кожнага высланага з краіны сябра місіі прысылаць двух новых, але персаналу ў нас няшмат, — іранічна заўважае Юраў. — 90 адсоткаў супрацоўнікаў місіі працуюць па-за межамі краіны, тут працуюць „палявыя“ праваабаронцы — чатыры чалавекі.

Скандал будзе вялікі, гэта абсалютна дакладна. Будзе міжнароднае разбіральніцтва. Гэта ставіць пад пагрозу існаванне саюзнай дамовы, да якой можна ставіцца скептычна, але яна ўсё адно існуе.
У рэшце рэшт, чаму я — асоба непажаданая — змог уехаць у краіну. Прэцэдэнт вельмі небяспечны».

Андрэй Юраў злятае ў Маскву заўтра, а сёмай раніцы. Міжнародная назіральная місія па маніторынгу правоў чалавека ў Беларусі пачала працу ў Мінску 27 снежня. Яны была створаная прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый краін АБСЕ і міжнародных грамадзянскіх сетак і арганізацый. Дзейнічае па даручэнні Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, які яднае прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый краін АБСЕ. Ажыццяўляе маніторынг агульнай сітуацыі з захаваннем фундаментальных правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама пытанняў абароны праваабаронцаў і забеспячэння іх прафесійнай дзейнасці. Падкрэслівае, што правы чалавека з’яўляюцца прадметам наўпроставай і законнай заклапочанасці міжнароднага грамадзянскай супольнасці і заклікае, каб улады Беларусі трымаліся ўзятых на сябе міжнародных абавязальніцтваў у сферы правоў чалавека, а дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ, у адпаведнасці з прынцыпамі АБСЕ, — кантралявалі выкананне гэтых абавязальніцтваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?