Былы начальнік Упраўлення па расследаванні злачынстваў Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК не прызнаў у судзе сваёй віны і заявіў, што не можа адказваць за людзей, якія яго атачаюць, а сам ён нічога незаконнага не ўчыняў.

Па словах Дзмітрыя Адамовіча, абвінавачанага цяпер былога галоўнага фінансавага следчага Беларусі, ні сведкі, ні самі пацярпелыя не прызналіся, што ён іх да чагосьці схіляў ці ўдзельнічаў у перамовах адносна хабару. Менавіта таму, паводле сцверджання Дзмітрыя Адамовіча, абвінавачанне супраць яго няслушнае.

Падпалкоўніку Дзмітрыю Адамовічу інкрымінуецца ўчыненне злачынстваў па ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 424 (падрыхтоўка да злоўжывання службовым становішчам або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 3 арт. 425 (бяздзейнасць службовай асобы) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

На думку абвінавачання, галоўны фінансавы следчы краіны удзельнічаў у незаконным спыненні крымінальнага пераследу двух бізнэсоўцаў. Гэтую паслугу ён нібыта аказваў сваёй знаёмай, начальніку Упраўлення прадпрымальніцтва і ліцэнзавання камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Ірыне Ільюкевіч, якая абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў па ч. 5 арт. 16, ч. 2 арт. 431 (падбухторванне да давання хабару), ч. 4 арт. 209 (махлярства), ч.1 арт. 13, ч. 3 арт. 424 (падрыхтоўка да злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 1 арт. 14, ч. 4 ар. 209 (спроба махлярства).

Паводле высноваў следства, Ільюкевіч узяла з двух бізнэсоўцаў 50 тысяч даляраў за тое. каб станоўча вырашыць пытанне з падатковай праверкай і не распачынаць па яе выніках крымінальнай справы. Нібыта Адамовіч дапамагаў Ільюкевіч вырашаць пытанні па сяброўстве, разлічваючы з яе боку на аналагічнае рашэнне пытанняў з яго сябрам-бізнэсоўцам, які хацеў інвеставаць грошы ў Мінскую вобласць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?