Сёння падчас імправізаванай прэс-канферэнцыі, што прайшла на ганку суда Маскоўскага раёна Мінска, дзе а 14-й гадзіне пачнецца працэс над актывістамі Маладога фронту Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым, было пацверджана ўчорашняе рашэнне наконт новага фармату акцыі на Дзень Волі (25 сакавіка). Гэта — ускладанне кветак да помніка Янкі Купалы.

Пра гэта заявіў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які таксама сказаў, што пададзена скарга ў Мінгарвыканкам. Нагадаем, што заяўнікі прасілі сабрацца на Плошчы Якуба Коласа, а потым прайсці праспектам Незалежнасці да парка Янкі Купалы. Мінгарвыканкам адправіў заяўнікаў на Бангалор, дазволіўшы толькі мітынг без шэсця. Заяўнікі вырашылі не правакаваць сутычак са спецназам, а абысціся ўскладаннем кветак да помніка Янку Купалу. «Бангалор немагчымы», сказаў Янукевіч.

Адзін з кіраўнікоў Маладога фронта Мікола Дземідзенка чарговы раз падкрэсліў, што яго паплечнікі ў любым выпадку будуць збірацца на Плошчы Якуба Коласа, пра сваё далучэнне да МФ заявілі, сёння прадстаўнікі руху «Еўрапейская Беларусь» (Максім Вінярскі). Мікола Дземідзенка таксама назваў арганізатараў акцыі баязліўцамі.

Прадстаўнік руху «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў зазначыў, што нельга падстаўляць людзей пад дубінкі: «Трэба адчуваць адказнасць за людзей». Сам ён аднак заявіў, што прыйдзе на Плошчу Коласа як прыватная асоба, тады як рух ухваляе ініцыятыву сабрацца ў скверы Янкі Купалы.

Актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў8b> нагадаў сёння прысутным пра дзве сумныя даты: угодкі Хатыні (1943) і павешання Каліноўскага (1864), а таксама пра тое, што сёння адбываецца двое судоў.

Міжнародны каардынатар аргкамітэта па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі заявіў, што нельга дапусціць, каб у Дзень Волі з’явіліся новыя палітвязні, таму БХД далучаецца да акцыі ўскладаненя кветак па помніка Купалу.

А 14-й гадзіне ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачнецца суд над Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?