БТ, 22.10

«Бессань»

ЗША, 2002, рэж. Крыстафэр Нолан

Дэтэктыўны трымценьнік

Дэтэктыў Ўіл Домэр (Аль Пачына) расьсьледуе сьмерць семнаццацігадовай дзяўчыны ў маленькім мястэчку на Аляску. Герой ня можа заснуць ужо шосты дзень. Прычынаю гэтаму – белыя ночы і пакуты сумленьня. Калісьці Дормэр забіў напарніка, прыняўшы яго за злачынцу. Ня сьпіць і забойца...

Паўтор нарвэскае стужкі пастаўлены рэжысэрам Крыстафэрам Ноланам («Памятай»), які абапіраецца на вынаходкі эўрапейскай кінатрадыцыі. Аль Пачына выдатна пасуе на ролю паліцэйскага з растрывожаным сумленьнем, а ягоны вораг – самотна рамантычны Робін Ўільямз («Таварыства мёртвых паэтаў»).

НТВ, 22.55

«Кэры»

ЗША, 1976, рэж. Браян Дэ Пальма

Містычны трымценьнік паводле раману Стывэна Кінга

У дзяўчынкі, якую цкуюць аднаклясніцы і дзяўбе маці-фанатычка, абуджаюцца тэлекінэтычныя здольнасьці. На выпускным бале адбудзецца крывавая помста...

Стужка Браяна Дэ Пальмы зрабіла невядомага тады пісьменьніка знакамітым. Адылі будзе экранізаваны кожны радок Кінга, але «Кэры» застаецца адной зь вяршыняў кінакашмараў.

Пальма, якога называюць нашчадкам Хічкока, пакрысе нагнятае напружаньне й вымотвае ўсе нэрвы: доўгія панарамы, поліэкран, цішыня – і гістэрычны крык. Гераіня, залітая крывёю, працятая нажамі маці – і пякельны пажар.

Кожны з актораў на сваім месцы (сярод іх малады Джон Траволта), але саліруе Кэры – Сісі Спэйсэк: сарамлівая, датклівая, бязьвінная – і жорсткая.

Шэдэўр, які не старэе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?