Ён пройдзе ў кнігарні «логвінаЎ».

У красавік у кнігарні «логвінаЎ» (Мінск, пр-т Незалежнасці, 37А) пройдуць сустрэчы з польскімі пісьменнікамі.

Чатыры тыдні — чатыры аўтары.

Міхась Адрасюк (Michał Androsiuk). Нарадзіўся ў Падляшшы. Піша па-беларуску і па-польску. Апошнія кнігі: па-беларуску — зборнік апавяданняў «Вуліца добрай надзеі», па-польску — зборнік «Wagon drugiej klasy». Асноўная тэма — прыгоды местачковых жыхароў. Падчас публічных чытанняў уласных твораў Міхась не расстаецца з бейсболкай.

Ігнацы Карповіч (Ignacy Karpowicz). Нарадзіўся і жыве на Беласточчыне. Выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта, афрыканіст і іспаніст. Аўтар шэрагу раманаў, адзначаных прэстыжнымі літаратурнымі ўзнагародамі Польшчы. Тэма большасці з іх — лёсы і светаадчуванне людзей, якім наканавана жыць на беларуска-польскім памежжы. А яшчэ Ігнацы размаўляе па-амхарску (мове эфіопаў).

Міхал Ягела (Michał Jagiełło). Нарадзіўся ў 1941 годзе ў вёсцы Янковіцы пад Кракавам. У 1964 годзе скончыў Ягелонскі ўніверсітэт. Празаік, эсэіст, публіцыст і паэт. Аўтар манаграфій па гісторыі літаратуры. Сфера інтарэсаў — шматкультурнасць Польшчы, а таксама супрацоўніцтва ў сферы культуры з Беларуссю, Літвой, Славакіяй і Украінай. У 1989-2006 займаў пасады намесніка міністра культуры Польшчы, дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі. Альпініст.

Лешэк Энгелькінг (Leszek Engelking). Адзін з найвядомых польскіх паэтаў, перакладчык, мастацтвазнаўца. Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт. Выкладаў літаратуру і кіназнаўства. Перакладае з ангельскай, расійскай, чэшскай, украінскай і беларускай. Аўтар кніг «Хайку ўласныя і чужыя» (1991), «Пяты дом» (1997), «І іншыя вершы». Жыць не можа без чэшскага піва.

Расклад імпрэзаў «Месяца польскай літаратуры ў кнігарні «логвінаЎ»

31 сакавіка (чацвер). Пасля ўрачыстага адкрыцця адбудзецца сустрэча з польскім пісьменнікам беларускага паходжання Міхасём Андрасюком і прэзентацыя яго кнігі «Wagon drugiej klasy/Вагон другога класу». Пачатак а 18, Галерэя «Ў».

6 красавіка (серада). Сустрэча з польскім пісьменнікам Ігнацыем Карповічам і прэзентацыя яго новага рамана «Balladynа i romance/Баладына і рамансы». Пры ўдзеле перакладчыцы Марыі Мартысевіч. Пачатак а 19, кнігарня «логвінаЎ».

13 красавіка (серада). Сустрэча з публіцыстам, пісьменнікам, даследчыкам літаратуры і еўрапейскіх культурных сувязяў Міхалам Ягелам і прэзентацыя яго кнігі «Narody i narodowości. Przewodnik po lekturach/Народы i нацянальнасці. Вандроўка па кнігах». Пачатак а 19, кнігарня «логвінаЎ».

20 красавіка (серада). Творчая лекцыя і сустрэча з вядомым паэтам і польскім перакладчыкам Набокава Лешэкам Энгелькінгам. Кнігарня «логвінаЎ», пачатак а 19.

Вядоўца ўсіх сустрэч — Андрэй Хадановіч.

Сустрэчы адбываюцца пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?