Чатыры паседжанні спатрэбіліся суддзі Партызанскага раённага суда Менску Наталлі Пыкінай, каб прыгаварыць 20-гадовага актывіста Руху «За Свабоду» Мікіту Ліхавіда да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
Вечарам 29 сакавіка яна абвясціла прысуд.

Пракурор Антон Загароўскі прасіў больш — чатыры гады. Ён настойваў на цяжкім характары правапарушэння і абапіраўся ў асноўным на паказанні трох дзясяткаў спецназаўцаў, якіх прызналі пацярпелымі ад дзеянняў «бясчынствуюшчай талпы».

Працэс пачаўся 22 сакавіка. Ён адразу прыцягнуў да сябе увагу — абвінавачанне заявіла адразу 29 пацярпелых — усе як адзін спецназаўцы, байцы мінскага ПМСП. І хоць адвакатцы Ліхавіда Дар’і Ліпкінай удалося даказаць, што толькі невялікая частка з іх можа насамрэч падцвердзіць свае траўмы дакументальна, спецназаўцы працягвалі спраўна расказваць, як іх білі дэманстранты на плошчы Незалежнасці ў вечар выбараў.

Пацярпелых было так шмат, што толькі іх апытанне заняло два дні працэсу. Адвакат Ліпкіна першапачаткова прыдзірліва распытвала кожнага байца ПМСП аб усіх падрабязнасцях паказанняў, дадзеных імі следству, але калі праз такую руплівасць атрымала адразу некалькі папярэджанняў ад суддзі, то была вымушаная задаволіцца меншай колькасцю пытанняў.

Аднак і іх хапала — спецназаўцы блыталіся ў паказаннях, а сведка — Аляксандр Багданаў — нават публічна ў залі суда прызнаў, што складаў пратакол затрымання Мікіты Ліхавіда не затрымліваючы яго.

Усё гэта не дапамагло. Некалькіх імгненняў відэазапісу, падчас якіх бачна, што Мікіта наносіць удары ў драўляныя шчыты за разбітымі вокнамі Дома ўрада, было дастаткова, каб асудзіць яго на немаленькі тэрмін. Станоўчыя характарыстыкі пяці сведкаў, сярод якіх быў і Аляксандр Мілінкевіч, не былі ўзятыя пад увагу.

У заключнай прамове адвакатка Д.Ліпкіна спрабавала звяруць увагу суддзі, што факт масавых беспарадкаў у Мінску вечарам 19 снежня не даказаны, як і факт знішчэння яе падабаронным дзяржаўнай маёмасці. Завяршэнне прамовы нават было сустрэтае апладысментамі парваабаронцаў і родных Ліхавіда.

Аднак прысуд быў жорсткі.

«НН» вяла анлайн-рэпартаж з залы суда.
18.00

Суддзя Партызанскага суда сталіцы Наталля Пыкіна прызнала Мікіту Ліхавіда вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і пакарала яго 3,5 гадамі зняволеньня ў калоніі строгага рэжыму.

16:05

Дар’я Ліпкіна сказала, што справа вельмі складаная і заклікала суддзю апраўдаць Мікіту Ліхавіда. Ейная прамова была сустрэта апладысментамі залай (не пляскалі ў далоні толькі спецназаўцы).

Мікіта Ліхавід у сваёй прамове цалкам падтрымаў усе тэзы, выказаныя адвакатам.

Прысуд будзе абвешчаны не раней за 18:00. Праваабаронцы настроеныя песімістычна, яны мяркуюць, што Мікіта будзе пакараны трыма гадамі зняволення.

15:50

Адвакатка нагадала суду, што ўсе апытаныя пацярпелыя спецназаўцы заявілі, што Ліхавіда на Плошчы не бачылі і не з’яўляюцца сведкамі парушэнняў, здзейсненых ім.

Адвакатка зазначыла, што аб асобе Ліхавіда можа сведчыць нават кола сведкаў, якія сёння выступілі ў яго абарону. Абаронца таксама гаворыць, што ўдзеянне натоўпу магло вымусіць Мікіту Ліхавіда здзейсніць учынкі, яму неўласцівыя.

15:03

Пачынае прамову адвакат Ліхавіда Дар’я Ліпкіна. Яна адразу ўказала на шэраг памылак, якія, на яе думку, дапусціў пракурор у сваёй прамове. Ліпкіна не пагаджаецца з тым, што даказаны факт нанясення пашкоджанняў Дому ўрада, а таксама ўзброены супраціў міліцыі.

Яна таксама зазначыла, што справа аб масавых беспарадках з’яўляецца ўнікальнай для найноўшай гісторыі. Яна настойвае на тым, што сам факт масавых беспарадкаў 19 снежня не ўстаноўлены, але як масавыя беспарадкі згодна з Крымінальным кодэксам — гэта сукупнасць пагромаў, пажараў, узброены супраціў міліцыі, гвалт над асобай і знішчэнне маёмасці. На думку адваката, гэта сукупнасць не мела месца на плошчы Незалежнасці.

Д. Ліпкіна таксама лічыць, што абвінавачанню не ўдалося даказаць факт знішчэння Ліхавідам маёмасці Дома ўрада. Быў толькі зафіксаваны момант, калі Мікіта Ліхавід наносіў удары па драўляных шчытах, якія перакрывалі аконныя праёмы.

Траўмы 22 з 29 спецназаўцаў не маюць пацвярджэння судмедэкспертызы.

Адвакат нагадала суддзі, што пашкоджанні, атрыманыя спецназаўцамі на Плошчы, у большасці выпадкаў не пацвярджаюцца дадзенымі медэкспертызы. Гэта дазваляе сумнявацца ў праўдзівасці іх паказанняў.

Яна прывяла таксама прыклады масавых беспарадкаў у Расіі, Малдове і Арменіі, яшчэ раз зазначыўшы, што факт здзяйснення 19 снежня ў Мінску масавых беспарадкаў не даказаны.

14:59

Пракурор лічыць, што агулам паказанні пацярпелых і самаго Ліхавіда дастатковыя для таго, каб прызнаць абвінавачанага вінаватым. Ён просіць улічыць палягчаючыя і абцяжарваючыя абставіны і пакараць Ліхавіда 4 гадамі калоніі строгага рэжыму.

14:52

Прамаўляе пракурор Антон Загароўскі (ён вёў працэс Васіля Парфянкова). Пракурор лічыць, што Ліхавід браў удзел у масавых беспарадках, з’яўляўся ўдзельнікам» бясчынствуюшчага» натоўпу. Сцвярджае таксама, што Ліхавід аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі і ламаў дзверы Дома ўрада, біў вокны. У аднаго са спецназаўцаў ён выцягнуў шчыт.

Дзяржаўны абвінаваўца лічыць, што паказанні ўсіх пацярпелых спецназаўцаў можна згрупаваць — яны даказваюць тое, што дэманстранты актыўна супраціўляліся спецназу, спрабавалі прарваць шэраг міліцыі.

14:40

Прысутных на працэсе запусцілі ў залу. Праз некаторы час пасяджэнне адновіцца. Яно пачнецца са спрэчак бакоў. Праваабаронцы лічаць магчымасць станоўчага для Ліхавіда прысуду малаверагоднай. Разам з тым яны лічаць, што сённяшні вырак будзе сведчыць аб тым, які накірунак абралі ўлады для далейшых працэсаў.

13:45

Абвешчаны перапынак да 14:45. Пасля абеду будуць выступы пракурора, адваката, і, магчыма, вырак суддзі.

шмат людзей, шмат моладзі: сябры Ліхавіда, яго сваякі, застаўся Мілінкевіч, ён зараз стаіць побач з маці Ліхавіда. Прысутнічаюць журналісты дзяржаўных СМІ, Белсата.

13:42

Алег Гулак звяртае ўвагу на непаслядоўнасць дзеянняў спецслужбаў. У прыватнасці, яму незразумела, чаму спецназ спачатку дзейнічаў вельмі малымі сіламі, як быў правакуючы натоўп на актыўныя дзеянні супраць яго, а таксама чаму шэраг спецназа, які падышоў да пабітых вокнаў першым, так хутка адышоў назад.

Гулак сканчае даваць паказанні, пытанні да яго ўзніклі толькі ў суддзі. Ні пракурор, ні пацярпелыя да яго пытанняў не мелі.

Адвакат Ліпкіна ізноў звяртаецца да суддзі з хадайніцтвам ацаніць тое, ці мелі месца масавыя беспарадкі і запрасіць дадатковыя матэрыялы. Суддзя адхіліла хадайніцтва, абвясціўшы судовае следства закрытым.

13:33

Гулак лічыць, што бяздзейнасць міліцыі, якая не замінала біццю вокнаў, магла справакаваць іншых удзельнікаў акцыі на незаконныя дзеянні.

13:26

Гулак выказаў меркаванне, што людзі, якія білі вокны, не былі звязаныя з агульнай масай дэманстрантаў. На яго думку, яны нават фізічна не маглі чуць заклікаў палітыкаў, якія прамаўлялі для адзінай масы.

13:09

Праваабаронца таксама расказаў, што пасля завяршэння акцыі бачыў, як спецназаўцы ганялі па Плошчы людзей, некаторых збівалі.

Гулак расказаў, як яго затрымлівалі ў раёне плошчы Незалежнасці, у пратаколе пазначылі час затрымання 22:30, хаця насамрэч гэта адбылося каля гадзіны ночы. На наступны дзень у судзе А. Гулак адпусцілі, а справу накіравалі на дапрацоўку.

13:06

Гулак расказаў, што чуў заклікі падысці да Дома ўрада, але заклікаў уваходзіць унутр не было. Сцвярджае, што кандыдаты выступалі ля помніка Леніну, а ў той час пачуліся ўдары па шкле.

Гулак расказвае, што калі пачалі біць шкло ў вокнах, ён падыходзіў да супрацоўнікаў міліцыі, чаму яны не перадкаджаюць? Адказу не было. Але Гулак таксама настойвае, што заклікаў разысціся ля Дома ўрада чуваць не было.

Праваабаронца расказвае, што як толькі спецназ з’явіўся ля дзвярэй Дома ўрада, міліцыянты адразу пачалі ўжываць сілу — наносілі ўдары дэманстрантам дубінкамі.

Гулак яшчэ раз зазначыў, што не чуў на Плошчы заклікаў біць шкло, былі толькі заклікі ісці да перамогі.

Гулак распавёў суддзі, што бачыў, як пры затрыманні спецназаўцы валілі людзей на зямлю і збівалі. Ён пры гэтым заўважае, што не бачыў, каб нехта з дэманстрантаў актыўна суцпраціўляўся збіццю.

12:54

Наступны сведка — Алег Гулак, кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта. Ён заявіў, што не знаёмы з Ліхавідам. Адвакат задае яму пытанні аб падзеях на Плошчы.

Гулак кажа, што прысутнічаў на ўсіх галоўных падзеях 19 снежня. Тлумачыць сваю прысутнасць тым, што БХК вядзе маніторынг парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку і на масавых мерапрыемствах.

Гулак расказвае, як ішоў з дэманстрантамі па праспекце. Кажа, што не бачыў у руках дэманстрантаў ніякіх падазроных прадметаў, не бачыў агрэсіўных людзей. Алег Гулак таксама сцвярджае, што супрацоўнікі ДАІ перакрылі бакавыя ўезды на праспект, аднак машына хуткай дапамогі магла спакойна праехаць па праспекце — дэманстранты яе прапусцілі.

Гулак кажа, што на Кастрычніцкую плошчу прыйшоў у 19:30, пабачыў там каля 5 тыс чалавек. Яго таксама здзівіла тое, што аглушальна гучна грала музыка, а коўзанка была незвычайна вялікая.

12:45

Наступная сведка — былая настаўніца Ліхавіда Людміла Шлеперава. Паказанні дае па-беларуску.

Шлеперава кажа, што ведае Ліхавіда з 1997 года, кажа, што Мікіта не меў канфліктаў з аднакласнікамі, быў заўсёды актыўны ў школе, адстойваў свае погляды.

Шэпелева таксама расказвае, што Мікіта Ліхавід дапамагаў жыхарам Уручча адстаяць свае правы, калі яны выступілі супраць незаконнай забудовы.

Настаўніца таксама пазітыўна ахарактарызавала сям’ю Ліхавіда, звярнулася да суддзі са словамі: «Я лічу, што Мікіту няма ў чым абвінавачваць і ён павінен апынуцца сёння дома».

12:36

Пачынаецца допыт сведкі абароны Літвінава, гэта сябра Ліхавіда. Вадзім Літвінаў таксама станоўча характарызуе Ліхавіда, кажа, што ведае Мікіту шэсць гадоў.

12:25

Пачаўся допыт сведкі абароны Ігара Дударава — сябра сям’і Ліхавідаў.

Дудараў кажа, што ведае Ліхавіда ўсё жыццё. Характарызуе яго станоўча, кажа. што яго сын — аднагодак Мікіты, і ён часта бачыў сына разам з Мікітам. Гэта сведку задавальняла, бо ён давярае Ліхавіду.

Дудараў заявіў суддзі, што Ліхавід не злодзей і не гвалтаўнік, а права выказваць свае думкі, ёсць у кожнага. Сведка дадае, што час праведзены ў СІЗА, дастатковае пакаранне для таго, каб прааналізаваць свае ўчынкі.

12:16

Наступны сведка абароны — Наталля Лычкоўская, яна сяброўка сям’і Ліхавіда, суседка, ведае Мікіту 20 гадоў. Характарызуе яго як вельмі добрага чалавека, высокамаральнага. Сцвярджае, што не бачыла, што ён піў на застоллях нават піва.

Лычкоўская — адна з падпісантак калектыўнай характарыстыкі на Ліхавіда. якую падпісалі 39 жыхароў дома, дзе жыве сям’я

падазраванага.

Лычкоўская просіць суддзю улічыць свае паказанні пры вынясенні прысуду. Называе Ліхавіда высокамаральным чалавекам.

12:12

Адвакат апытвае Мілінкевіча, як даўно ён ведае Ліхавіда. Паказанні Мілінкевіча зацікавілі спецназаўцаў, калі ён зазначыў, што Беларусі патрэбна больш такіх людзей, як Ліхавід — дысцыплінаваных і добра выхаваных. Мілінкевіча таксама зазначыў, што Ліхавіду неўласцівыя агрэсіўныя дзеянні, а эмоцыі часам уласцівыя ўсім.

Мілінкевіча пра Ліхавіда: «Актыўны малады чалавек, мы вельмі радыя, што такія людзі, як ён, ёсць сярод нас».

Aдвакатка пры апытанні Мілінкевіча зрабіла націск на тое, што Рух за Свабоду афіцыйна зарэгістраваны.

Допыт Мілінкевіча скончаны, ні пракурор, ні суддзя, ні пацярпелыя пытанняў не маюць.

12:10

У абарону Ліхавіда сведчыць Мілінкевіч.

12.05

Пачалося апытанне першага сведкі абароны — Аляксандра Ціцянкова. Ён кіруе аддзелам лагістыкі ў фірме, дзе некалі быў працаўладкаваны Мікіта Ліхавід.

Аляксандр Ціцянкоў расказвае аб падазраваным. Сцвярджае, што за час працы на яго прадпрыемства (паўтара года), Ліхавід зарэкамендаваў сябе добра і як супрацоўнік, і як чалавек. «Ён нармальны хлопец», — такімі словамі скончыў свой выступ Ціцянкоў.

12.00

Адвакат Ліпкіна просіць суддзю правесці апытанне сведкаў абароны. Папярэдняе хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы дадатковага відэазапіса было адхіленае.

11.55

Адвакатка Ліпкіна звярнула ўвагу суддзі на тое, што на працягу ўсяго часу біцця шкла гэтаму не перашкаджалі супрацоўнікі праваахоўных органаў — яны з’явіліся на месцы толькі тады, калі ўжо ўсё было скончана.

Дар’я Ліпкіна таксама выказала свой погляд на з’яўленне ў кадры Мікіты Ліхавіда. На яе думку, падабаронны Ліхавід на відэа выглядае вельмі разгубленым і не прадпрымае актыўных дзеянняў.

Адвакатка, у сваю чаргу, звярнула ўвагу суддзі, што на працягу ўсіх 33 хвілінаў відэазапісу на ім не адлюстраваны ні адзін факт прымянення сілы ў дачыненні да спецназаўцаў. У сувязі з гэтым, Ліпкіна падала хадайніцтва аб запыце дадатковага відэазапісу, зробленага пацярпелым Сарокам.

11.50

Скончыўся прагляд відэазапісу. Пасля яго адвакатка Дар’я Ліпкіна выступіла з заявай, у якой зазначыла, што за 33 хвіліны відэа на ім не было зафіксавана факта масавых беспарадкаў. Адкаватка сцвярджае, што відэа пазбаўлена буйных планаў і нават праз гэта не можа сведчыць аб тым, што на плошчы Незалежнасці мелі месца масавыя беспарадкі.

Адвакат Ліпкіна таксама лічыць, што з відэа вынікаюць доказы толькі адміністратыўных правапарушэнняў. Указвае таксама, што відэа не падцвярджае заклікаў разыходзіцца. На відэа выразна зафіксаваныя пагрозы ўжыць фізічную сілу да дэманстрантаў, якія агучваліся праз мегафон прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Гэты факт таксама выклікаў пытанні ў адвакаткі — яна лічыць гэта неабгрунтаваным.

11.45

На відэа нарэшце скончылі біць шкло ў вокнах Дому урада. Зараз дэманструюцца кадры апошніх хвілін дэманстрацыі. Чуваць галасы Наталлі Каляды і Анатоля Лябедзькі.

11.35

Запіс біцця вокнаў працягваецца ўжо больш дзесяці хвілін. Магчыма, ён складзены з запісаў адразу некалькіх камер. Іначай патлумачыць такую працягласць немагчыма.

11.25

Пасля прамоваў Саннікава відэазапіс пераключыўся на біццё шкла ў вокнах Дома ўрада. Здымкі непрафесійныя — якасць карцінкі дрэнная і яна ўвесь час скача ў бакі. Хутчэй за ўсё, што гэта матэрыялы аператыўных здымкаў, што на плошчы Незалежнасці праводзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Адзін з іх праходзіць па справе Ліхавіда пацярпелым. Ён называў падобную дзейнасць «фіксацыяй».

11.21

На відэазапісе, які дэманструецца зараз у судзе, шмат прамоваў Андрэя Саннікава. Іншыя кандыдаты чамусьці амаль не фігуруюць. Аператар выбраў моманты, падчас якіх экс-кандыдат Саннікаў вельмі эмацыйна прамаўляе.

11.20

Сёння на працэсе ўзмоцненая ахова — на кожным шэрагу па спецназаўцу, якія сочаць за прысутнымі. Сярод спецназаўцаў ёсць і адна жанчына.

11.12

Чытанне матэрыялаў справы скончанае. Зараз пачнецца прагляд відэазапісу. Суддзя Наталля Пыкіна вырашыла зрабіць гэта з дапамогай невялікага ноўтбука, а не тэлевізара — у выніку прысутным у зале зусім нічога не відаць. Відэа глядзяць з гукам, аднак ён вельмі ціхі — разабраць нешта з залы надзвычай складана. Чуваць толькі лозунгі «Жыве Беларусь», голас Саннікава і Статкевіча.

11.00

Пракурор працягвае чытаць матэрыялы справы. Большая частка з агучанага — апісанне траўм пацярпелых спецназаўцаў.

10.45

Адвакатка звярнула ўвагу суддзі Наталлі Пыкінай на чарговае несупадзенне. Справа ў тым, што Мікіту Ліхавіда, акрамя іншага, абвінавачваюць таксама і ў пашкоджаннях, нанесеных Дому ўрада — у тым ліку пашкоджаннях дывановых дарожак, што нібыта былі сапсаваныя дэманстрантамі. Аднак у матэрыялах справы, якія працягвае зачытваць пракурор, няма ні слова аб гэтым.

10.25

Адвакат Дар’я Ліпкіна паведаміла суддзі, што родныя Мікіты Ліхавіда гатовыя кампенсаваць усю шкоду, нанесеную іх сынам. Маці Мікіты, Алена Ліхавід, звярнулася з просьбай растлумачыць механізм кампенсацыі, калі суд палічыць гэта магчымым.

Зараз пракурор зачытвае характарыстыкі на абвінавачанага. Паводле іх Мікіта характарызуецца станоўча, адзначаецца, што ён з няпоўнай сям’і, жыве разам з маці і бабуляй.

Характарыстыку ад Руху «За Свабоду» для Мікіты Ліхавіда напісаў Аляксандр Мілінкевіч.

10.23

Са словаў пракурора, да справы Ліхавіда было таксама далучана калектыўнае хадайніцтва ПБНФ аб змяненні меры стрымання.

10.10

Агучваюцца матэрыялы справы, дзе пералічаныя пашкоджанні пацярпелых спецназаўцаў. аднак праваабаронцы зазначаюць, што ў матэрыялах справы амаль цалкам адсутнічаюць вынікі судмедэкспертыз — пацярпелыя спецназаўцы папросту адмовіліся іх праходзіць. У выніку абвінавачанне грунтуецца на запісах шпіталя МУС.

10.00

Працэс аднавіўся. Зараз пракурор працягвае чытаць матэрыялы справы — падчас мінулага паседжання суддзя спыніла яго праз тое, што быў перавышаны ліміт часу, на працягу якога можа працягвацца паседжанне — 8 гадзінаў.

9.55

Праваабаронцы схіляюцца да думкі, што сённяшні дзень стане апошнім у працэсе. Засталося заслухаць толькі двух сведкаў з боку абароны — палітыка Юрася Губарэвіча і праваабаронцу Алега Гулака і праглядзець відэазапіс з Плошчы.

Магчыма, што прысуд будзе вынесены ўжо пасля абеду.

9.50

У залю запусцілі пацярпелых спецназаўцаў, родных Мікіты Ліхавіда, журналістаў, праваабаронцаў. Памяшканне запоўненае цалкам.

Бабуля абвінавачанага прынесла з сабой невялікую іконку. Ахова гэта заўважыла і настойліва папрасіла схаваць яе. «Гэта не царква», — сказаў міліцыянт.

20-гадовага юнака вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, нанясенні шкоды будынку Дома ўрада, а таксама ўзброеным супраціве супрацоўнікам міліцыі.

Працэс пачаўся 22 сакавіка, аднак у першы дзень суд змог выслухаць паказанні толькі дзесяці з 29 пацярпелых на Плошчы спецназаўцаў. Другі дзень разгляду справы выніку таксама не прынёс — адвакатка выявіла сур’ёзныя супярэчнасці ў паказаннях адзінага сведкі і ў выніку суддзя перанесла разгляд справы на трэці дзень — 24 сакавіка. Аднак праз хваробу дзіця адвакаткі Д.Ліпкінай паседжанне перанеслі на 29 сакавіка.

Нагадаем, што актывіст Руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід быў затрыманы 19 снежня на плошчы Незалежнасці і асуджаны на 15 сутак арышту ў Жодзінскім СІЗА. Аднак 23 студзеня пастанова аб арышце была адменена, і Мікіта быў пераведзены ў статус абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках. З Жодзіна яго перавялі ў мінскую «Валадарку».

Справу Мікіты Ліхавіда разглядаюць у судзе Партызанскага раёна Мінска. Суддзя — Наталля Пыкіна, адвакат — Дар’я Ліпкіна.

Абвінавачванымі па справе аб масавых беспарадках з’яўляюцца 42 чалавекі. Сямёра з іх ужо асуджаны: за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?