Былы супрацоўнік КДБ, які пасля прэзідэнцкай кампаніі 2006-га апынуўся ў эміграцыі, лічыць, што ўся апошняя прэзідэнцкая кампанія 2010-га — суцэльная правакацыя.

Пенсіянер КДБ, маёр, агучыў «Беларускаму партызану» сваю версію «крывавай нядзелі».

Па звестках пенсіянера КДБ, атрыманых з крыніц ва ўладзе, задоўга да кампаніі спецслужбы па даручэнні А. Лукашэнкі ўзялі меркаваных кандыдатаў і іх актыў пад шчыльнае агентурнае і аператыўна-тэхнічнае назіранне. На падставе здабытых матэрыялаў з ліку кандыдатаў былі вылучаныя «слабыя звёны», на іх падрыхтаваны адпаведны кампрамат і іншае, пад цяжарам якіх яны і павінныя былі, на думку распрацоўшчыкаў, даць згоду выступіць на БТ.

Беларускае тэлебачанне засвяціла тры вядомыя прозвішчы: Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў, Андрэй Дзмітрыеў.

Інфармацыя аб правакацыях спецслужбаў на плошчы (пабітае шкло, збіццё кандыдатаў), пра Я. Раманчука, Г. Кастусёва атрыманая, як сцвярджае А. Рамановіч, ад пэўнай крыніцы з асяроддзя Аляксандра Лукашэнкі ўжо на трэці дзень пасля Плошчы — 22 снежня 2010 года.

— Вы называеце падзеі 19 снежня правакацыяй спецслужбаў. Што дае вам падставы вінаваціць у гэтым КДБ?

— Я сапраўды так лічу. Уся дзейнасць Лукашэнкі шмат у чым звязаная з правакацыямі. І Плошча была задуманая з мэтай падвесці лідараў апазіцыі пад масавыя беспарадкі (калі збярэцца шмат народу). Гэта было бачна і па тым, як развіваліся падзеі 19 снежня.

Пасля Плошчы мне патэлефанаваў адзін мой добры знаёмы, які знаходзіцца на тых жа пазіцыях, што і я, працуе ў адпаведных структурах (не буду называць, дзе, у адміністрацыі прэзідэнта ці ў спецслужбах). Ён мне ў панядзелак паведаміў (не буду называць канал сувязі), што разбіванне шкла арганізаванае спецслужбамі, блізкімі да Лукашэнкі. Ён больш за ўсё завастрыў увагу на сітуацыі з Раманчуком. Не буду паўтараць тое, што ўжо напісана.

Лукашэнка асабіста з удзелам сына Віктара і некаторых прыкормленых і аблашчаных кіраўнікоў сілавых ведамстваў РБ распрацоўваў план па «ўціхамірванні» насельніцтва і наогул усяго таго, што звязана з выбарамі, з Плошчай і правакацыяй «жалезам па шкле».
Загадзя імі прадугледжвалася «вырубіць» да пачатку шэсця Някляева і Саннікава, выключыць гукаўзмацняльную апаратуру (як сродак кіравання маніфестацыяй) і пакінуць тых, хто сабраўся, без асноўных лідараў прэзідэнцкай гонкі.
У прысутнасці (на вачах і ў непасрэднай блізкасці!) работнікаў ДАІ (г.зн. падапечных Куляшова), з іх маўклівага бяздзеяння (чытай — загадзя ўзгодненага з Лукашэнкам дзеяння) групай спецназа Уладзімір Някляеў прафесійнымі ўдарамі быў выведзены са строю.

На фота- і відэаздымках, ужо апублікаваных і зробленых супрацоўнікамі МУС і КДБ, відаць, што ў прысутнасці (калі пачынаюць штурхаць машыну ДАІ) супрацоўнікаў ДАІ раптам з’яўляюцца людзі ў масках. А потым Куляшоў апраўдваецца: гэта не мае людзі. Як не яго людзі, калі ўсё гэта адбывалася на вачах работнікаў ДАІ!

— У чым палягала задума гэтага плану? Давайце спынімся на ім больш падрабязна. Што атрымалася і што не атрымалася ва ўладаў?

— Па інфармацыі той жа крыніцы, Лукашэнка да 19 снежня выдатна бачыў, які размах прыняла выбарчая кампанія і як моцна ідуць два асноўных кандытаты, якія, па сутнасці, добра кантактуюць паміж сабой, — Някляеў і Саннікаў. Ён бачыў, якую харызму набывае Някляеў. Таму ён хацеў знайсці прычыну пазбавіцца ад гэтых лідараў. Ён насамрэч баяўся іх. У наступных выступах Лукашэнка шмат чаго кажа пра тое, што ён зрабіў дрэннага і што збіраецца зрабіць. Галоўнае, да чаго ён імкнуўся, — надоўга схаваць Някляева і Саннікава. Ну і, вядома ж, не дапусціць, каб лідары апазіцыі маглі кіраваць дэманстрацыяй.

— Вы сцвярджаеце, што план «Плошча» беларускія спецслужбы распрацоўвалі пад асабістым кіраўніцтвам А. Лукашэнкі. І гэты план меркаваў выключыць яшчэ да шэсця двух кандыдатаў у прэзідэнты: Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава. Якую пагрозу ўяўлялі паэт і мідаўскі працаўнік для Лукашэнкі (менавіта так афіцыйная прапаганда называла двух палітыкаў)?

— Я не ведаю планаў Някляева і Саннікава, але іх ведаў Лукашэнка, які забяспечыў іх па поўнай праграме. Ён забяспечыў іх не толькі вонкавым назіраннем — ён іх і глядзеў, і слухаў. Гэта дэманструе і прыклад Раманчука: яго не толькі слухалі, але і глядзелі. Што спецслужбам трэба было ўбачыць і зняць — тое ўбачылі і знялі.

Калі б дэманстрацыя пайшла па мірным рэчышчы, як гэта і меркавалася першапачаткова, яна б, на мой погляд, значна прырасла, і гэтай значнай колькасцю людзей можна было б уплываць на далейшае развіццё сітуацыі. У наступныя дні Лукашэнка казаў усё, што круцілася на языку.

— Вы сцвярджаеце, што шэраг кандыдатаў і набліжаных да кандыдатаў асобаў загадзя былі ўзятыя спецслужбамі пад каўпак. Вы можаце імёны назваць «герояў»?

— Усе кандыдаты, за выключэннем аднаго — Віктара Цярэшчанкі — знаходзіліся пад каўпаком. Гэты быў непрыкрыты, а ўсе астатнія ў большай ці меншай ступені кантраляваліся.

Некаторыя кандыдаты і набліжаныя да іх людзі выкарыстоўваліся для таго, каб скампраметаваць сам інстытут дэмакратычных кандыдатаў — Раманчук, Кастусёў.
А некаторых выставілі ў такім святле, каб пасеяць разлад паміж актывістамі, пасварыць. Гэта адносіцца і да Рымашэўскага, і да начальніка выбарчага штаба Някляева.
Дэмакраты, кіраўнікі партый крыху прымітыўна падыходзяць да пытанняў бяспекі, канспірацыі.
Я некалькі разоў гаварыў пра гэта і Мілінкевічу, і Жаляпаву — ніхто не звяртае ўвагі. Трэба ўлічваць, што сёння ледзь не галоўная спецслужба — Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце, дзе ўсю ідэалагічную працу вядзе Талсташоў Аляксандр Алегавіч, былы начальнік галоўнага ўпраўлення абароны канстытуцыйнага ладу і барацьбы з тэрарызмам КДБ, дастаткова хітры. Калі КДБ ўяўляе сабой такую класічную спецслужбу, дзе выкарыстоўваюцца агентурна-аператыўныя сродкі, то ААЦ больш выкарыстоўвае тэхнічныя сродкі і задзейнічае афіцэрскі склад.

ДАВЕДКА. Рамановіч Ануфрый Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1943 годзе пад Гроднам. Падчас тэрміновай службы ў войску яго «знайшоў КДБ», дзе ён і прапрацаваў аж да 1991 года. У 1991 годзе звольніўся па ўласным жаданні. З 1992 года заняўся бізнэсам. З 1996 года дапамагаў беларускай апазіцыі — і фінансава, і арганізацыйна. Працаваў у штабах Сямёна Домаша (2001) і Аляксандра Мілінкевіча (2006). Пасля выбараў 2006-га эміграваў у Польшчу, дзе знаходзіцца да сёння. Спроба афіцыйнага Мінска дамагчыся экстрадыцыі Ануфрыя Рамановіча поспеху не мела. Разам з тым, А. Рамановіч не атрымаў і афіцыйнага статусу бежанца ў Польшчы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?