Сфарміраваная чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у Мінску пакуль пераглядацца не будзе. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 29 сакавіка заявіў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

Нагадаем, 25 сакавіка падчас даклада Мінгарвыканкама аб перспектывах забудовы сталіцы да 2015 года Аляксандр Лукашэнка даручыў перагледзець парадак фарміравання чаргі з тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у сталіцы. Прэзідэнт лічыць несправядлівым, што ў чарзе знаходзяцца як тыя, хто не мае ніякага жылля, так і тыя, хто зусім крыху не дацягвае да нарматыву ў 15 кв. м на чалавека.

Ладуцька зазначыў, што ў чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у сталіцы знаходзяцца прыкладна 280 тыс. чалавек, гэта ў 2,5 разу больш, чым год таму. Прыкладна 60 тыс. з іх не маюць ва ўласнасці ніякага жылля.

«Ёсць ініцыятыва, якая будзе разглядацца, і потым будзе прымацца рашэнне. Але дзейнічаць у гэтым кірунку тым ці іншым чынам трэба», — мяркуе старшыня Мінгарвыканкама.

Пры гэтым ён зазначыў, што ўмовы пастаноўкі ў чаргу — гэта заканадаўчае пытанне, а Мінгарвыканкам — гэта выканаўчая ўлада. «Тыя 280 тыс. грамадзян, якія знаходзяцца ў чарзе і маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, такімі і з’яўляюцца», — падкрэсліў Ладуцька.

Ён прывёў прыклад абмежавання забудовы многіх сталіц, у тым ліку Прагі, Варшавы і Масквы. У Мінску разглядаецца варыянт забудовы тэрыторый за МКАД і ў гарадах-спадарожніках. «Прэзідэнт даручыў Мінску і Мінскай вобласці распрацаваць план сумесных дзеянняў, і Мінску, магчыма, давядзецца ўзяць на сябе фінансаванне развіцця гэтых тэрыторый», — зазначыў Ладуцька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?