29 сакавіка следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама накіравала ў пракуратуру Мінска для накіравання ў суд матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса.

Аб гэтым паведаміла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Беларусі.

18 сакавіка абодвум былым кандыдатам у прэзідэнты было прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года, якія суправаджаліся насіллем над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

У гарадскую пракуратуру накіраваныя таксама матэрыялы ў дачыненні да праходзячых па гэтай справе найбольш актыўных, як іх называюць у міліцыі, удзельнікаў масавых беспарадкаў Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазняка, Арцёма Грыбкова, абвінавачаных ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 КК і Аляксандра Класкоўскага, які абвінавачваецца па ч.1 і ч.2 арт. 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады) і арт. 382 КК (самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы).

«На думку следства, віна гэтых асоб у інкрымінуемых ім дзеяннях поўнасцю даказана атрыманымі ў ходзе расследавання крымінальнай справы паказаннямі сведак і іншых абвінавачаных, фота- і відэаматэрыяламі, іншымі неабвержнымі доказамі», — гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?