Арганізацыя «Міжнародная амністыя» заклікала вызваліць 20-гадовага актывіста руху «За Свабоду» Мікіту Ліхавіда, які 29 сакавіка быў прыгавораны да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года.

«Міжнародная амністыя» нагадвае, што 24 сакавіка за «асабліва злоснае хуліганства» былі асуджаны лідар «Маладога фронту» (зарэгістраваны ў Чэхіі) Зміцер Дашкевіч (два гады калоніі агульнага рэжыму) і актывіст арганізацыі Эдуард Лобаў (чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму). «Цалкам зразумела, што тры актывісты былі прыгавораныя на падставе сфабрыкаваных абвінавачанняў толькі таму, што яны асмеліліся крытыкаваць выбары, якія былі атручаныя парушэннямі», — заявіў дырэктар праграм «МА» у Еўропе і Цэнтральнай Азіі Нікола Дакворт.

Паводле яго слоў, Дашкевіч і Лобаў былі затрыманы напярэдадні 19 снежня, каб яны не змаглі ўзяць удзел у дэманстрацыі.

«Гэтыя людзі з’яўляюцца вязнямі сумлення, — падкрэсліў Дакворт. — Яны змешчаныя ў турму за мірнае выказванне сваіх поглядаў і павінны быць без прамаруджвання і безагаворачна вызвалены».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?