Два дні таму супраць журналіста распачалі крымінальную справу за абразу кіраўніка краіны.
Сённяшняя «Gazetа Wyborcza» надрукавала гутарку гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута з былым кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам, які атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
Інтэрв’ю мае назву «Лукашэнка як тэрарыст» і з’явілася яно праз два дні пасля таго, як супраць журналіста распачалі крымінальную справу за абразу кіраўніка краіны паводле ч.1 арт. 368 КК. Нагодай сталі восем артыкулаў Пачобута ў «GW», артыкул на сайце «Белорусский партизан» і допіс ва ўласным блогу. Дарэчы, акурат у ім журналіст і паведаміў сёння пра публікацыю інтэрв’ю з Міхалевічам.
29 сакавіка на кватэры журналіста супрацоўнікі КДБ зладзілі ператрус. Яны апісалі маёмасць Пачобутаў: камп’ютары, тэлевізар, пральную машынку і велатрэнажор. Патлумачылі гэта тым, што пацярпелага Лукашэнкі ёсць правы, у тым ліку і на кампенсацыю маральнай шкоды.
Нягледзячы на пагрозу крымінальнага пераследу Андрэй Пачобут не збіраецца спыняць журналісцкую працу, пра што ён паведаміў «Нашай Ніве» пасля візіту ў пракуратуру ў панядзелак 28 сакавіка. Артыкул у сённяшняй «GW» таму пацверджаннем.





