Я цяпер хаджу па сваім менскім мікрараёне Зялёны Луг, зьбіраю подпісы грамадзянаў у падтрымку БНФ. Многія ахвотна падпісваюцца, толькі пачуўшы словы «Народны Фронт». Але ёсьць і такія, што сярдзіта грукаюць дзьвярыма. Думаю, гэтыя людзі проста ня ведаюць, што ж такое БНФ, а жывяцца хлусьнёй, якая ліецца зь Беларускага тэлебачаньня. Відавочна, прысьпеў час зноў нагадаць нашую гісторыю, справы й мэты.

Хто мы?

Беларускі Народны Фронт – старэйшая ў нашай краіне (мы дзейнічаем з кастрычніка 1988 году) арганізаваная дэмакратычная сіла. Многія памятаюць, што менавіта Народны Фронт першы выступіў у абарону беларускага народу ад наступстваў Чарнобыля і што БНФ належыць асноўная заслуга ў тым, што мы цяпер жывем не ў «суб’екце фэдэрацыі», а ў незалежнай краіне. І нашыя дзеці не ваююць у Чачні.

У БНФ уваходзіць нямала знакамітых людзей: народны паэт Рыгор Барадулін; акадэмік, спэцыяліст у чарнобыльскіх пытаньнях Іван Нікітчанка; прафэсар, доктар фізыка-матэматычных навук Юры Хадыка; прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба; пісьменьнік Уладзімір Арлоў; прафсаюзны лідэр, колішні галоўны рэдактар газэты "Рабочы" Віктар Івашкевіч (адбыў год прымусовых працаў за "спробу паклёпу на прэзыдэнта"); шматгадовы старшыня лепшага калгаса Дрыбiншчыны Мiкалай Юркоў; мастак, старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Аляксей Марачкін; дэпутаты Вярхоўнага Савета 12 скліканьня юрыст Галіна Сямдзянава, першы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі Пятро Садоўскі, кандыдаты навук Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі ды іншыя прадстаўнікі нацыянальнай эліты.

На зьезьдзе ў 1999 годзе старшынём Партыі БНФ калегі абралі мяне. Тады ж прынцыпамі дзейнасьці Народнага Фронту былі абвешчаныя адкрытасьць, сучаснасьць, гатоўнасьць яднацца. А ў 2002 годзе мы прынялі новую Праграму Партыі БНФ «Беларусь – неад’емная частка Эўропы», дзе дакладна апісалі дзяржаўна-палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя рэформы, якія Партыя БНФ павінна здзейсьніць, каб Беларусь магла ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз.

Што хочам зрабіць

БНФ хоча, каб людзі Беларусі жылі заможна і свабодна. Мы дамагаемся свабодных выбараў, каб ніхто не змог падмануць выбаршчыкаў. Лічым, што толькі ў дэмакратычнай дзяржаве з рынкавай эканомікай можна дасягнуць грамадзкай стабільнасьці і высокага ўзроўню жыцьця для ўсіх. Сёньня ж у нас так: цэны і камунальныя плацяжы растуць штомесяц, а заробкі – хоць і большыя, чым пяць гадоў таму – за імі даўно не пасьпяваюць.

Таму, калі Партыя БНФ прыйдзе да ўлады, яна:

Прыме ўраўнаважаны бюджэт. Скасуе г.зв. «прэзыдэнцкі фонд», нікому не падкантрольны. Зьнізіць выдаткі на ўтрыманьне сілавых структураў і чыноўніцкага апарату, што дазволіць значна павысіць пэнсіі, павялічыць фонды сацыяльнай абароны;

Адменіць усеагульны пераход на кантрактную сыстэму найму па аднабаковай ініцыятыве наймальніка як неканстытуцыйны;

Спыніць інфляцыю, а значыць, спыніць рост цэнаў;

Спыніць перасьлед прадпрымальнікаў. Спрасьціць сыстэму падаткаабкладаньня і зьнізіць падаткі, каб стымуляваць прадпрымальніцтва;

Каб дзяржава не магла абкрадаць пэнсіянэраў, яны павінны стаць гаспадарамі заробленых на пэнсію грошай;

Будзе праводзіць прыватызацыю і акцыянаваньне прадпрыемстваў адкрыта і паводле ясных правілаў, што прывабіць сур’ёзных заходніх інвэстараў;

Гарантуе права ўласнасьці. Верне грамадзянам Беларусі прыватную ўласнасьць на зямлю;

Абароніць здароўе людзей, забараніўшы вырошчваць харчовую прадукцыю на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях.

Палітычная і эканамічная незалежнасьць – неабходная ўмова для квітненьня краіны. Партыя БНФ будзе разьвіваць замежныя сувязі, патрэбныя Беларусі і яе грамадзянам. Беларусь знаходзіцца ў Эўропе, а ня ў Азіі. Нават сёньня наш экспарт у краіны Эўрапейскага Зьвязу большы, чым у Расею. Таму наша месца, таксама як месца Польшчы, Літвы, Латвіі, -- у Эўрапейскім Зьвязе. Гэта прынясе бясьпеку і дабрабыт нашым грамадзянам.

Дзяржаўны і эканамічны лад Беларусі мусіць быць справядлівым, спрыяць сумленным і працавітым. Не чалавек служыць дзяржаве, а дзяржава чалавеку. Мы выступаем за падзел і раўнавагу заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Толькі прынятыя парлямэнтам дэмакратычныя законы, а не прэзыдэнцкія дэкрэты, павінны мець вышэйшую сілу. Мясцовае самакіраваньне людзі павінны выбіраць самі, і яно, а не прызначаная зьверху «вэртыкаль», будзе распараджацца мясцовым бюджэтам. Міліцыя мусіць быць не інструмeнтам для палітычных расправаў, а ахоўваць грамадзкі парадак. Бо калі не будзе cпынены роcт злачыннаcці, калі не будуць пакараныя карупцыянэры, - пацерпяць няўдачу і эканамічныя пераўтварэньні, і нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва незалежнай Беларуcі.

Адносіны з Расеяй

Каротка наша канцэпцыя гучыць так: пакінуць узаемавыгадныя дамовы з Расеяй, але скасаваць нераўнапраўныя. У гэтым сэнсе трэба вучыцца ў паўднёвай суседкі -- Украіны. Украінцы не будуюць з Расеяй ніякіх «саюзных дзяржаваў», цьвёрда бароняць кожны свае нацыянальныя інтарэсы, але пры гэтым інтэнсіўна гандлююць, узаемна інвэстуюць грошы ў суседзкія прадпрыемствы, карацей – паводзяць сябе як нармальныя суседнія дзяржавы. Можа таму й бэнзін ва Ўкраіне таньнейшы за беларускі. І газ яны нам зараз прапануюць купляць у іх таньней, чым у «саюзнага брата».

На рынкавай аснове павінны будаваць дачыненьні з Расеяй і мы. Сёньня да канцавога беларускага спажыўца, скажам, расейскі газ і так паступае амаль па рынкавай цане (рэшту забірае пасярэднік -- дзяржава). Але нам даўно трэба было браць аплату па рынкавых расцэнках за ўсе нашыя транспартныя калідоры, якімі карыстаецца і Расея, і Польшча, і любыя іншыя краіны.

Нельга пагаджацца на ўвядзеньне расейскага рубля, чаго ад Лукашэнкі дамагаецца Пуцін. Гэта будзе азначаць катастрофу для нашай аслабленай эканомікі. Калі сюды верхам на расейскім рублі ўедуць расейскія сыравінныя алігархі, расейскія банкі, -- будзе зьнішчана наша прамысловасьць, наш дробны, сярэдні й буйны бізнэс, рассыплецца наша банкаўская сыстэма. Грамадзяне Беларусі будуць толькі парабкамі. Запануе «закон-тайга» з забойствамі й вяршэнствам крыміналітэту з Масквы-ракі ці Ангары. Ды наогул, як гэта можна аддаваць рычагі фінансава-крэдытнае сыстэмы у рукі іншай дзяржавы, да таго ж з эканомікай, якая трымаецца толькі на распродажы сыравіны?

На гэтую тэму Партыя БНФ правяла сур’ёзную міжнародную канфэрэнцыю «Беларуская нацыянальная валюта – праблемы й пэрспэктывы»,куды сабраліся найлепшыя беларускія вучоныя й спэцыялісты як з дзяржаўных установаў (у тым ліку Нацыянальнага банка), так і з недзяржаўных структураў. Я быў усьцешаны пабачыць, што ўсе навукоўцы, незалежна ад статусу, былі супраць увядзеньня расейскага рубля.

Энэргетычная бясьпека?

Для Партыі БНФ, на жаль, ня сталі нечаканасьцю апошнія падзеі ў энэргетычнай галіне, калі Расея пачала газавы шантаж Беларусі. Беларускі Народны Фронт прагназаваў гэтыя праблемы яшчэ ў пачатку 1990-х. Мы прапанавалі тады стварыць балта-чарнаморскі нафтагазавы калектар, каб атымліваць энэрганосьбіты з розных краінаў. Але да ўлады прыйшоў Лукашэнка, які пад байкі пра «саюзную дзяржаву» завёў нас у пастку «Газпрому».

Мы правялі міжнародны круглы стол «Энэргетычная бясьпека краін Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы», прысьвечаны балючай тэме паставак паліва й энэргіі ў краіны нашага рэгіёну й забесьпячэньня іх эканамічнага й дзяржаўнага сувэрэнітэту. Спэцыяліст-энэргетык, сябра Сойму БНФ Станіслаў Гусак, аўтар ідэі балта-чарнаморскага калектару, расказаў пра страчаныя шанцы першага дзесяцігодзьдзя незалежнасьці, калі Беларусь магла безбалесна ўключыцца ў міжнародную сыстэму паставак. Выдатны эканаміст Валер Дашкевіч, які, на жаль, пакінуў гэты сьвет, паведаміў, што 30% прадпрыемстваў з рэнтабэльнасьцю ад 0 да 5% будуць першымі ахвярамі падвышэньня коштаў на энэргарэсурсы.

Стан эканомікі

Паводле Міністэрства статыстыкі й аналізу, даходы на душу насельніцтва за студзень-верасень 2006 г. складаюць у сярэднім 386800 руб. (? USD 181). Спажывецкія цэны ў кастрычніку сёлета ў параўнаньні зь леташнім кастрычнікам вырасьлі на 3,8%. На харчовыя тавары (студзень-кастрычнік 2006 у параўнаньні з такім самым пэрыядам 2005) – на 6,1%. Рост цэнаў на мясныя прадукты – 6,7%; малочныя – 6%; яйкі – 3,4%; крупы – 7,6; бульбу – 58,1% (!). Вырасьлі цэны на нехарчовыя тавары (акрамя мэдыкамэнтаў і тэлевізараў), у тым ліку на бэнзын – на 10,8% і на будаўнічыя матэрыялы на 4,3%. Рэзка, у разы, падскочылі цэны на паслугі.

Як паведамілі расейскія «Известия» ад 20 лістапада, у Расеі сёньня працуе каля 300 тыс. беларусаў. Тых, хто нейкім чынам зарэгістраваны. У той жа час, паводле Міністэрства статыстыкі й аналізу Беларусі, беспрацоўе ў нас шчасьліва й няўхільна зьнікае: ад 1,6% у студзені да 1,3% у верасьні сёлета. Рай. Цуд. Але ж толькі яўных беларускіх вэстарбайтэраў у Расеі – 7% ад эканамічна актыўных 4,4 млн, і гэта без уліку нелегалаў, а таксама тых, што працуюць у Польшчы, краінах Балтыі і г.д.! У беларускіх мястэчках улетку практычна няма мужчынаў: усе на заробках на чужыне.

Прызнайма праўду: беспрацоўе ёсьць адной з найвастрэйшых праблемаў у сёньняшняй Беларусі, а заўтра, пасьля падвышэньня цаны на газ, будзе яшчэ горш. Трэба даць людзям стварыць самім сабе працоўныя месцы ў Беларусі. Па-першае, разьняволіць прадпрымальніцтва, зрабіць рэгістрацыю прыватнага прадпрымальніка хуткай мэханічнай працэдурай; па-другое, радыкальна зьнізіць колькасьць падаткаў, увесьці падатковыя льготы (альбо нават і падатковыя канікулы) для пачаткоўцаў.

Зараз эканоміка Беларусі ў тупіку. Але ж мы ня горш за суседнія дзяржавы. Дэмакратызацыя краіны, рынкавыя рэформы, адкрыцьцё на сьвет, уваход у эўрапэйскую гаспадарчую прастору ўратуюць беларускую эканоміку. Для гэтага патрэбная палітычная воля, якой Лукашэнка са сваім савецкім мысьленьнем ня мае. Яе мае Беларускі Народны Фронт. Трэба правесьці свабодныя выбары кіраўніцтва краіны й скасаваць «вэртыкаль».

Абарона нацыянальнай культуры й мовы

Часам кажуць: «Тут БНФ перагінае палку». Але, па-мойму, перагінаюць яе якраз улады! Вазьміце прыклад горацкай сям’і Каральковых, якім улада доўга не знаходзіла магчымасьці забясьпечыць іхнае законнае права вучыць дачку на роднай мове? А ліквідацыя адзінага ў краіне Беларускага гуманітарнага ліцэя з цалкам беларускамоўным навучаньнем? А ці нармальна, што мая малодшая дачка праз увесь горад едзе ў адзіную ў раёне беларускамоўную школу?

Мы не павінны ператварацца ў людзей без роду-племя, над якімі лёгка панаваць. Трэба мець свой гонар, не паддавацца на ціск школьнай адміністрацыі, калі яна (сама пад ціскам начальства) пераконвае вас, бацькоў, напісаць заяву на расейскамоўнае навучаньне вашага дзіцяці. Ад кожнага з нас залежыць, каб калі не мы, дык хаця нашыя дзеці вярнуліся да прыгожае й самабытнае беларускае мовы. А мова – яна ў выглядзе мясцовых гаворак і гарадзкога размоўнага варыянту перажыла і цара, і Саветы; перажыве і цяперашнюю на яе атаку.

Што робім цяпер

Цэны на энэрганосьбіты няўхільна растуць. З пачатку наступнага каляндарнага году Расея падвысіць іх да рынкавага ўзроўню. Частка нашых прадпрыемстваў спыніцца, большая частка страціць рынкі збыту, бо прадукцыя падаражэе. Калі плата за камунальныя паслугі будзе расьці далей, а заробкі й пэнсіі ў лепшым выпадку застануцца на тым жа ўзроўні, пачнуцца сацыяльныя пратэсты. Узмацніцца міжнародная ізаляцыя, беларусам стане яшчэ цяжэй выяжджаць у цывілізаваныя краіны Эўропы з-за візавых бар’ераў. Ужо сёньня 65% нашых суграмадзянаў выступаюць за зьмену палітычнага курсу, а ўвесну будзе яшчэ больш.

Усе асноўныя дэмакратычныя партыі краіны дамовіліся дзейнічаць разам. Цяпер мы ідзем на мясцовыя выбары пад лёзунгам «За Свабоду!», каб інфармаваць людзей пра сапраўднае становішча ў краіне й рыхтаваць та таго, каб бралі свой лёс у свае рукі.

* * *

Калі людзі кажуць: «БНФаўцы нікога не баяцца, а значыць, могуць пастаяць за нашыя правы і за нашую краіну», -- такія словы для нас найлепшая ацэнка. Так што Народны Фронт быў, ёсьць і будзе з народам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?