Чырвоны каптурок (Red Riding Hood)


ЗША — Канада, 2011, каляровы, 100хв.

Рэжысёр: Кэтрын Гардвік

Ролі выконваюць: Аманда Сэйфрыд, Гэры Олдмэн, Шайло Фэрнандэз, Макс Айранс, Білі Бёрк, Вірджынія Мэдсэн, Джулі Крысці, Лукас Гаас

Жанр: Гатычна-гламурная страшная меладрама па матывах казкі Шарля Перо

Адзнака: 5 (з 10)

Валерыя — дзяўчына ў чырвоным плашчы — закаханая ў дрывасека Пітэра, але матуля прагне выдаць яе за багацейшага Генры. Калі дзяўчына вырашае ўцячы з каханым, у вёсцы пачынаюцца забойствы. Пярэварацень — нехта блізкі да Чырвонага каптурка.

Стужка Кэтрын Гардвік — эклектычная мяшанка з казак, готыкі, дэтэктываў і меладрамных пакутаў.

Чырвоны каптурок Аманда Сэйфрыд — галоўная пажада пярэваратня — гераіня непераканаўчага любоўнага трохкутніка. Імпэтны Гары Олдмэн — паляўнічы на ведзьмаў і ваўкалакаў — аўдавелы біскуп (!) са срэбнымі пазногцямі й заблукалым жалезным сланом у катавальнай калекцыі. А бабуля Джулія Крысці здзіўляе свежым макіяжам, хаця жыве на лясной паляне.

Лес у карціне — цукерна-кардонавы, снег — саладжава-белы, а слынны чырвоны плашчык выглядае абноўкай з моднай калекцыі.

Казачка пра Чырвоны каптурок (ад якой мала што засталося) прасякнутая гламурным патасам і слязлівымі ўздыхамі «Прыцемкаў».
Пераемнасць з папулярнай дзявочай сагай узмацняе і тамашні акцёр Білі Бёрк.

Але, нягледзячы на такую спадчыну, дэтэктыўная інтрыга ў фільме няблага закручаная. І не варта чакаць казкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?