Так, Лукашэнка прыватызуе Беларусь... Кажу патрыярху: чаго бараду хаваеш?..

18 сакавіка кіраўнік Беларусі даў інтэрв’ю 11 кіраўнікам розных расійскіх СМІ. Першы матэрыял пад назвай «Споведзь Лукашэнкі» апублікаваны ў газеце «Завтра» 23 сакавіка, а

часопіс парламента Расіі «Российская Федерация сегодня» апублікаваў поўную стэнаграму чатырохгадзіннай (!) гутаркі Лукашэнкі з журналістамі.

Пра выбары

«У дзень галасавання выбарчыя ўчасткі зачыніліся ў 20 гадзін. А 

людзі прыехалі хто з дачы [19 снежня — Рэд.], хто адкуль. І натоўпы людзей у дзевяць гадзін прыйшлі прагаласаваць.
Мне тэлефануюць:
«Аляксандр Рыгоравіч, што рабіць? Тысячы людзей прыйшлі да ўчастка, хочуць прагаласаваць». Ведаем, што гэта мае прыхільнікі. Але я сказаў: не, не трэба, калі вырашана ў 20 зачыніць участкі — зачыніць. І мы фактычна плюнулі ў душу сваім прыхільнікам, не працягнулі галасаванне да 22 гадзін».

Пра кандыдатаў

«Чаму мы іх, так званых сяброў, прытрымалі, затрыманых павезлі куды трэба? Мы хацелі ўдакладніць: хто яны такія, адкуль іх грошы (…) Там і расійскія грошы, мы гэтую тэму не педалюем, але, на вялікі жаль, гэта так».

«Я вам магу расказаць толькі адзін выпадак. Адзін з іх, дзеяч моцны, не называю прозвішча, абвясціў галадоўку: «Не буду есці, паміраю». Ну, галадай. Мне дакладвае старшыня КДБ, кажа: «Вось так і так, не есць і так далей, што рабіць?» Я кажу: «А што ў гэтых выпадках робяць?» — «Можам прымусова накарміць». Ну, павезлі яго ў шпіталь карміць. Ён як убачыў: «Хлопцы, усё раскажу, карміць не трэба». Усе расказаў: куды вазілі, як вазілі, у якіх асабняках пісалі гэтыя праграмы, як пералічвалі грошы».

Пра ўладу

«Калі ты да гэтага да ўсяго дакрануўся, то тут не дыктатура, не таму што я так люблю ўладу, а таму што гэта ўжо тваё. Вось разумееш,

мяне папракаюць: так, Лукашэнка прыватызуе Беларусь… Ну хочаце, гэта слова падабаецца, называйце гэта. Але гэта мая Беларусь.
І я баюся, што раптам будзе не так, і ты не ўмяшаешся і нічым не дапаможаш?»

Пра наступны тэрмін

«Рана яшчэ казаць: буду я вылучацца або не буду. Але ёсць нейкі комплекс. Я ж не пяць і не дзесяць гадоў працую прэзідэнтам. Хоць я спрабую знайсці аргументы і сябе супакоіць: ну добра, быў бы я нямоглы, хворы і гэтак далей… І я вельмі акуратна стаўлюся да меркавання людзей. (…)

Я бачу тых, якія разважаюць так, што, маўляў, хопіць. (…) Што значыць «досыць»? Я — не пенсіянер, нават калі і пенсіянер, я здаровы, ну чаму не працаваць.
(…) Я не да таго, што я там думаю, што час на адпачынак і гэтак далей. Для мяне, напэўна, спакой мне толькі сніцца (…) Ну вось уявіце, які-небудзь прыйдзе, цяпер сабе думаю, адмарозак і пачне тут: «прыватызуем», «раздамо», «прадамо», вуліцы не прыбярэм, не падмяцем, людзей не накормім і іншае».

«Мы вельмі шмат зрабілі, у ахове здароўя асабліва, я гэтым ганаруся. Таксама думаю: ну вось сыдзеш, прыватызуюць усё гэта, ахову здароўя і медыцыну… Ну і што? Людзі паміраць будуць на вуліцы».

Пра прадукты і гандаль

«Па экспарце нам трэба будзе працаваць, таму што гэта валюта. У нас адмоўны аплатны баланс. Да прыкладу, цэны на нафту, газ у тры разы ізноў падскочылі. (…) Колькі трэба прадаць каўбасы, бульбы, малочных прадуктаў і нейкіх трактароў, каб заплаціць па такіх цэнах за прыродны газ і нафту?!»

«Няхай мы не ўсе прадукты вырабляем для сябе, а некаторыя наогул не можам вырабляць (бананы, ківі, кава і іншае), але асноўнае мы вырабляем. (…) Нават вінаград ужо пачалі рабіць, бахчавыя культуры — кавуны. У мінулым годзе мяне завезлі ў Гомельскую вобласць і кажуць: „Ешце“. (…). Выдатныя кавуны!»

Пра мары

«Вы ведаеце, я часта мару. Я ў асноўным лётаю на верталёце па краіне, таму што калі едзеш на машыне — там перакрылі, там, а людзі незадаволеныя. Ну і гэта, урэшце, у выніку танней. І вось я лячу.
Я вельмі люблю прыроду, я вельмі люблю людзей, усё жывое, звяроў і гэтак далей. Я ні разу на паляванне не хадзіў… Я нават не магу глядзець на забітага звера. З дзяцінства, памятаю, парася зарэзаць… У вёсцы, калі нехта парася забіў, будуць не толькі суседзі, уся вёска тыдзень будзе хадзіць піць гарэлку.
У мяне маці была непітушчая абсалютна, у яе няма, як і ў мяне, фермента, які алкаголь перапрацоўвае, і яна мне кажа: «Вой, сынку, трэба ж гэтае парася закалоць». Я кажу: «Не, я не буду»
Ну як? Ён з табой рос, як член сям’і, ты яго карміў і іншае… Ідзі, кажу, старэйшага брата стрыечнага прасі, я не буду». (…) Я не магу забіваць жывёл, яны ж безабаронныя».

Пра здаровы лад жыцця

«У нас (…) пяцікіламетровая траса гарадская, яна не адна, лыжная, у метр снегу падушка. І гляджу, целяпаюцца гэтыя людзі ўсё: і пажылыя, і маладыя. Але ён выйдзе — свежае паветра, уздоўж гэтай рэчкі пройдзецца. Проста ў мяне пад плотам. Я таксама часам выходжу і ціхенька з людзьмі там прайдуся, яна ўся асветленая. (…) У нас, акрамя нашага мітрапаліта, усе на горных лыжах катаюцца. Ну, праўда, мой сябар патрыярх Кірыл, ён выдатна валодае лыжамі горнымі. Праўда, бараду хавае…

Кажу: «Чаго ты хаваеш? Ты прасунуты патрыярх. У нас моладзь за табой пойдзе». Гэта мы ў Сочы з ім сустрэліся два гады таму».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?