Беларускія барцы-вольнікі заваявалі дзве ўзнагароды на чэмпіянаце Еўропы ў германскім Дортмундзе і падзялілі з камандай Балгарыі пятае месца ў медальным заліку.
Абодва медалі нашы спартсмены здабылі ў другі дзень турніру, 30 сакавіка.

У катэгорыі да 120 кг сярэбраным прызёрам стаў Аляксей Шамараў, які ў напружаным фінальным паядынку ўступіў Фаціху Чакіраглу — 0:2, 2:0, 3:3. Прычым перамога была прысуджана саперніку толькі па апошняму дзеянню ў трэцім перыядзе, які завяршыўся ўнічыю. На шляху да п’едэстала наш суайчыннік адолеў грэка Іааніса Арзуманідыса, Сімаса Ашацэваса з Літвы, азербайджанца Джамаладзіна Магамедава. Бронзавыя медалі заваявалі венгр Даніэль Лігеці і азербайджанец Джамаладзін Магамедаў.

Другі медаль у беларускую скарбонку прынёс Уладзіслаў Андрэеў, які стаў бронзавым прызёрам у вагавай катэгорыі да 55 кг. На шляху да п’едэстала ён адолеў іспанца Франсіска-Хаўера Санчэса Пару, Міграна Ябурана з Арменіі, а потым у паўфінале ўступіў расіяніну Джамалу Атарсултанаву. У паядынку за бронзу беларускі барэц узяў верх над малдаванінам Генадзем Тулбя, які выступаў за Манака. Яшчэ адным бронзавым прызёрам стаў азербайджанец Махмуд Магамедаў. Чэмпіёнам Еўропы стаў крыўдзіцель нашага спартсмена Джамал Атарсултанаў (Расія), серабро ва Уладзіміра Хінчэгашвілі (Грузія).

За крок ад п’едэстала спыніўся яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі Алі Шабанаў (вагавая катэгорыя да 66 кг). У паядынку за бронзу ён уступіў расіяніну Адаму Батыраву. Акрамя Батырава, яшчэ адным бронзавым медалістам стаў Саба Араш Джавад Балагі з Германіі. Уладальнік чэмпіёнскага тытула — Джабраіл Гасанаў (Азербайджан), серабро ў балгарына Леаніда Бажана, які на паўфінальнай стадыі абыграў беларускага барца Алі Шабанава.

Беларускі барэц Аляксей Ісаеў (вагавая катэгорыя да 84 кг) завяршыў выступленне пасля паражэння ад Апетнака Кургіняна ўжо на першай стадыі. Золата тут заваяваў расіянін Анзор Урышаў, серабро — Дато Марсагішвілі з Грузіі, бронзавымі медалістамі сталі Шарыф Шарыфаў (Азербайджан) і Геаргіта Штэфан (Румынія).

Як паведамлялася раней, 29 сакавіка на дыван выходзілі яшчэ тры беларускія барцы вольнага стылю, аднак поспеху яны не дабіліся. Іван Янкоўскі (96 кг) уступіў у паядынку за бронзу армянскаму барцу Эдгару Энакяну, Аляксандр Кантоеў (60 кг) завяршыў выступленне ў 1/8 фіналу, а Аляксандр Мотыль (74 кг) прайграў у першым раўндзе.

Такім чынам, у медальным заліку сярод барцоў вольнага стылю першае месца заняла зборная Расіі, якая заваявала 6 узнагарод (4 залатыя, 1 сярэбраную і 1 бронзавую).
Другой стала каманда Азербайджана (2, 0, 3), трэцяй — Турцыі (1, 0, 0), чацвёртай — Грузіі (0, 2, 1), а пятае месца падзялілі Беларусь і Балгарыя (па 0, 1, 1). Усяго медалі чэмпіянату Еўропы заваёўвалі барцы-вольнікі 13 краін.

Сёння на дыван выйдуць жанчыны, у іх ліку беларускія спартсменкі Ванеса Каладзінская (48 кг), Марыя Іванова-Ягорава (51 кг) і Кацярына Янушкевіч-Ганчар (55 кг). 1 красавіка будуць разыграны яшчэ чатыры камплекты ўзнагарод кантынентальнага форуму ў жаночай барацьбе, а 2–3 красавіка — сярод барцоў грэка-рымскага стылю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?