Былому прэтэндэнту на пост прэзідэнта Беларусі Івану Кулікову выстаўленае новае абвінавачанне.
Ён больш не падазраецца ў крадзяжы сродкаў ДНУ «Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Нагадаем, што Іван Кулікоў балатаваўся ў прэзідэнты Беларусі ў 2010 годзе, але зняў сваю кандыдатуру на этапе збору подпісаў. Праз месяц пасля заканчэння прэзідэнцкіх выбараў навукоўцу, які заявіў аб сваіх прэтэнзіях на пасаду кіраўніка дзяржавы, выставілі абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Беларусі (крадзеж у буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).

Згодна з першапачатковымі высновамі следства, 61-гадовы кандыдат тэхнічных навук, доктар фізіка-матэматычных навук прафесар І. Кулікоў з 17 красавіка 2000 па 4 чэрвеня 2008 трымаў у штаце лабараторыі двух жыхароў Мінска, якія насамрэч там не працавалі.
Яны былі фіктыўна аформленыя на працу ў ДНУ «Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» НАН РБ і на працягу васьмі гадоў ім налічваўся заробак. Першапачаткова следчыя падазравалі, што І. Кулікоў усе грошы — 22,3 мільёна рублёў — паклаў сабе ў кішэнь. Цяпер высветлілася, што гэта не так.

Як высветліў «Ежедневник», некалькі дзён таму Івану Кулікову перакваліфікавалі абвінавачанне на ч.2 ст.216 (прынясенне шкоды ў значным памеры шляхам здабывання маёмаснай выгады ў выніку падману, злоўжывання даверам цi шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі пры адсутнасці прыкмет крадзяжу). Паводле новых дадзеных следства, навуковец сапраўды 8 гадоў налічаў заробак «мёртвым душам», у выніку чаго ДНУ «Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» НАН РБ была прынесеная шкода. Праўда, гаворка ўжо ідзе не пра 22, а пра 8,6 млн. руб. І цяпер следства не думае, што экс-кандыдат у прэзідэнты іх выкраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?