Першы і адзіны прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў адзначыў сваё 80-годдзе дабрачынным гала-канцэртам у лонданскім Альберт-холе і ўручэннем прэмій «Чалавек, які змяніў свет».

Узнагароды ўручаліся ў трох намінацыях — «Перабудова» (яе ўладальнікам стаў заснавальнік інтэрнэту сэр Цім Бернэрс-Лі), «Галоснасць» (уручаная заснавальніку амерыканскай тэлевізійнай сеткі CNN Тэду Тэрнеру) і «Паскарэнне» (яе атрымаў 25-гадовы кенійскі інжынер Эванс Вадонга, які распрацаваў лямпу на сонечных батарэях).

Уладальнікаў прэмій выбіраў асабіста Міхаіл Гарбачоў.

Падчас канцэрту Гарбачоў сказаў: «Я нават і не думаў, што дажыву да 80 гадоў, а цяпер абяцаю дажыць да 90 «.

Канцэрт, прысвечаны ўручэнню прэмій і юбілею былога прэзідэнта СССР, вялі галівудскія зоркі Шэран Стоўн і Кевін Спэйсі.

«Гэта проста дзіўна — калі была дзіцем і расла, я бачыла краіну, з якой мы былі ў канфлікце, — сказала Стоўн. — А цяпер у мяне ёсць неверагодная магчымасць паехаць у гэтую краіну і нават працаваць з [яе былым лідарам] дзеля добрых мэтаў па ўсім свеце. Гэта даказвае, што канфліктаваць з кім-небудзь няма неабходнасці».

Зорны канцэрт

На канцэрце сярод іншых выступалі Шырлі Бэйсі, Браян Феры, гурт Scorpions, Пол Анка, а таксама дырыжор Валерый Гергіеў і Лонданскі сімфанічны аркестр.

Вечар павінен завяршыцца сумесным выступленнем лідара расійскага гурта «Машина времени» Андрэя Макарэвіча і Пола Анкі, якія разам напісалі песню спецыяльна для гарбачоўскага юбілею. На сцэне ім маюць дапамагаць Кэтрын Джэнкінс і расійскі «Хор Турэцкага».

У ліку знакамітасцяў, якія ўдзельнічалі ў вечары, былі таксама губернатар Каліфорніі Арнольд Швацэнэгер, прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс, экс-прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, былы дзяржаўны сакратар ЗША Джордж Шульц, акторы Х’ю Грант і Міла Ёвавіч.

Пры гэтым з відэазваротамі з нагоды 80-годдзя Гарбачова выступілі былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, а таксама музыкі Стынг і Бона.

Акрамя запрошаных, у зале былі людзі, якія набылі квіткі за 100 — 195 тыс. фунтаў. Уся выручка ад канцэрта будзе накіраваная дабрачынным арганізацыям,
якія дапамагаюць змагацца з ракавымі захворваннямі, у тым ліку Фонду імя Раісы Гарбачовай.

Дэманстрацыя

Перад пачаткам канцэрту прадстаўнікі апазіцыйнай групы «Гаварыце грамчэй», якія выступаюць за грамадзянскія свабоды ў Расіі, паспрабавалі правесці акцыю пратэсту.

Яны на кароткі час разгарнулі плакат з надпісам на англійскай мове «Горбі, ці можаце Вы дапамагчы перазагрузіць перабудову?».
Зрэшты, праз некалькі хвілін ахова і паліцыя спынілі акцыю, хоць актывісты запэўнівалі, што гэта «не пратэст, а віншаванне».

У ліку ўдзельнікаў імправізаванай дэманстрацыі быў расійскі бізнэсовец Яўген Чычваркін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?