31 сакавіка Канстытуцыйны суд Беларусі пачне высьвятляць, ці адпавядае польскі закон «Аб карце паляка» міжнароднаму праву.

«Суд сёньня прыступіў да вывучэньня пытаньня, невядома, колькі часу спатрэбіцца для прыняцьця рашэньня», — паведамілі Інтэрфаксу ў КС.

Там адзначылі, што «ўпершыню ў сваёй дзейнасьці Канстытуцыйны суд павінен будзе выкласьці сваю пазыцыю наконт дакумэнту, прынятага замежнай дзяржавай».

У лютым Палата прадстаўнікоў пастанавіла зьвярнуцца ў КС, каб вызначыць, ці адпавядае польскі закон «Аб карце паляка» агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, заявіў, што «гэтая праблема (польскі закон „Аб карце паляка“) закранае цэлы шэраг напрамкаў беларуска-польскага ўзаемадзеяньня. У закон Рэспублікі Польшча „Аб карце паляка“ закладзеныя палажэньні, якія супярэчаць міжнародным нормам і не адказваюць прынцыпам добрасуседзтва».

7 верасьня 2007 парлямэнт Польшчы прыняў закон «Аб карце паляка», які пачаў дзейнічаць 31 Сакавіка 2008 г. Карта пацьвярджае прыналежнасьць этнічных палякаў, якія жывуць у СНД і Прыбалтыцы, да польскага народа і дае ім льготы ў афармленьні візаў пры наведваньні Польшчы, гарантуе падтрымку пры вядзеньні бізнэсу, працаўладкаваньні і паступленьні на вучобу ў Польшчы.

Улады Беларусі неаднаразова крытыкавалі практыку распаўсюджваньня «карты паляка», абвінавачваючы Польшчу ў парушэньні міжнароднага права.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?