Мікалай Чаргінец накіраваў зварот да прадстаўнікоў еўрапейскай грамадскасці з пратэстам супраць прыняцця спісаў, якія забараняюць уезд у ЕС асобным грамадзянам Беларусі. Сам пісьменнік сцвярджае, што матывам для звароту стала «пачуццё абражанага чалавека, што заўсёды верыў у ідэалы, якія нярэдка агучвалі заходнія палітыкі».
Пра ягоны ліст паведамляе лукашэнкаўскае агенцтва БелТА.
Мікалай Чаргінец лічыць, што еўрачыноўнікі, абмежаваўшы права на ўезд, праігнаравалі палажэнні шматлікіх міжнародных дакументаў, у тым ліку Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, дзе абвяшчаецца, што кожны чалавек мае права на свабоду думак, сумлення, рэлігіі, а таксама на свабоду перакананняў і свабоднае іх выказванне.
Забарону на ўезд для журналістаў і прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі пісьменнік расцэньвае як спробу пазбавіць іх права на свабоду думкі і выказвання сваіх перакананняў.
На яго думку, такія спісы «зневажаюць чалавечую годнасць не толькі тых, чые прозвішчы ў іх уключаныя, але і саміх чыноўнікаў, якія прымаюць гэтыя зневажальныя рашэнні».
«Памылка Еўрасаюза ў тым, што яго кіраўнікі паверылі невялікай групе грамадзян Беларусі, якія спрабуюць узяць уладу не з дапамогай свайго таленту, працы, ведаў, актыўнага ўдзелу ў стваральнай працы народа, а шляхам шантажу, паклёпу на грамадства»,— падкрэсліў Мікалай Чаргінец, дадаўшы, што менавіта гэтая група грамадзянаў займалася складаннем «чорных» спісаў, уключаючы ў іх «непажаданых» людзей, да якіх яны адчуваюць асабістую непрыязнасць і хочуць звесці асабістыя рахункі.
У якасці найбольш дзейснага адказу з беларускага боку на рашэнні ЕС пісьменнік прапанаваў скласці аналагічныя спісы нашых грамадзян,
якія садзейнічалі еўрачыноўнікам у выбары кандыдатур, і забараніць ім выезд з Беларусі. «Павінны ж яны панесці нейкае пакаранне за паклёп на наш адрас і падман чыноўнікаў і парламентарыяў Еўропы!»— адзначыў Мікалай Чаргінец.
Свой зварот ён накіраваў у міжнародныя міждзяржаўныя арганізацыі, у прыватнасці ў Раду Еўропы, Еўрапарламент, Еўрапейскую камісію, ААН, а таксама ў міжнародныя няўрадавыя арганізацыі — медыцынскую гуманітарную арганізацыю «Дактары без межаў», Упаўнаважанаму па правах чалавека Расіі, арганізацыю «Рэпарцёры без межаў» і Міжнародную супольнасць адукацыйных тэхналогій.
Наконт парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі Чаргінец ніколі не выказваўся. У снежні ён ухвальна і з кпінаю адкаментаваў арышт свайго калегі-пісьменніка Уладзіміра Някляева.





