Канцэрн «Белнафтахім» адказаў на калектыўны зварот аўтамабілістаў адносна фармавання цэн на паліва, паведаміў БелаПАН дырэктар інфармацыйна-асветнай установы «За Аўто» Арцём Шаркоў.

Напярэдадні чарговага павышэння адпускных цэн на паліва, якое адбылося 31 сакавіка, установа «За Аўто» атрымала адказ «Белнафтахіма» на калектыўны зварот, які быў накіраваны ў канцэрн, Саўмін і Адміністрацыю прэзідэнта.

У звароце ініцыятары прыводзілі довады на карысць неабгрунтаванасці павышэння цэн на паліва, патрабавалі пазбавіць «Белнафтахім» манапольнага права на рэгуляванне гэтых цэн, а таксама прасілі падаць калькуляцыю — схему фармавання канчатковага кошту паліва.

Паводле слоў Шаркова, ні на адно з пастаўленых у звароце пытанняў канцэрн «Белнафтахім» не адказаў. На яго думку, адказ на зварот носіць «хутчэй апраўдальны характар» — канцэрн спрабаваў растлумачыць, што фармаванне цэн адбываецца ў межах дзейнага заканадаўства, выпуск нафтапрадуктаў для насычэння ўнутранага рынку не спалучаны з атрыманнем прыбытку, а канчатковы кошт паліва залежыць ад мноства фактараў.

«У адказе значылася, што аптовыя і рознічныя цэны на нафтапрадукты фармуюцца канцэрнам у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, — паведаміў Шаркоў.
 — А менавіта ўказам прэзідэнта № 72 „Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн і тарыфаў Рэспублікі Беларусь“, законам аб цэнаўтварэнні, Падатковым кодэксам Беларусі, пастановай Мінэканомікі».

«Пры фармаванні цэнаў, у першую чаргу, прымаецца пад увагу тое, што аўтамабільнае паліва — гэта сацыяльна значны тавар, а прыбытак вытворца нафтапрадуктаў пры рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку не прадугледжваецца», — працытаваў вытрымку з адказу дырэктар «За Аўто».

Шаркоў адзначыў, што ў адказе канцэрна значыцца: з прычыны таго, што кошт нафтавай сыравіны няўхільна рос з сакавіка мінулага года, гэта і прывяло да павышэння канчатковых цэн на паліва. Таксама «Белнафтахім» у сваім лісце паведаміў, што ў цэнаўтварэнні гэтых відаў тавараў значную ролю адыгрываюць «падатковая нагрузка і акцызы, якія ўстанаўліваюцца заканадаўча».

Канцэрн у сваім адказе таксама ўказваў на высокі кошт паліва ў краінах Прыбалтыкі, паведаміў дырэктар «За Аўто».

«Мне здаецца, „Белнафтахім“ быў зацікаўлены ў тым, каб мы атрымалі гэты адказ раней, чым цэны на паліва павысяцца, яны хацелі апраўдацца», — дадаў Арцём Шаркоў.

Рух аўтамабілістаў «За Аўто» стаў ініцыятарам пратэстных акцый «Стоп-бензін» і «Стоп-бензін 2» супраць павышэння цэн на паліва ў чэрвені 2010 і сакавіку 2011 гадоў адпаведна. У рамках ініцыятывы «Стоп-бензін 2» установа запланавала правесці 14 красавіка акцыю з удзелам беларускіх аўтамабілістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?