Віцебскі актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка на волі пабыў толькі 5 хвілін. Калі ён выйшаў з турмы пасля сямі сутак арышту, яго зноў затрымала міліцыя.

У Першамайскім райаддзеле міліцыі Віцебску на Сяргея Каваленку склалі пратакол за парушэнне рэжыму, за што яму далі яшчэ 15 сутак арышту.

Пра гэта распавяла жонка актывіста Алена Каваленка, якая так і не дачакалася мужа дома пасля папярэдняга арышту ды пачала яго шукаць.

Папярэдні арышт Сяргею Каваленку быў прысуджаны 25 сакавіка — за тое, што актывіст выйшаў у цэнтр Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сцягамі. Суд Чыгуначнага раёну прызнаў яго вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага пікету, а таксама ў дробным хуліганстве — нібыта падчас затрыманьня спадар Каваленка нецэнзурна лаяўся.

Усе сем сутак арышту Сяргей галадаваў на знак пратэсту супраць несправядлівага, на ягоную думку, прысуду. Ці будзе ён галадаваць наступныя 15 — невядома.

Інцыдэнт 24 сакавіка, кваліфікаваны судом як хуліганства, быў расцэнены як парушэнне рэжыму адбывання прысуджанага летась пакарання. Актывіст дагэтуль адбывае так званую «хатнюю хімію» — тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы, — пасьля вывешвання бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня мінулага году. Тады суд абвінаваціў яго ў супраціве міліцыянтам, якія яго затрымлівалі, і нанясенні шкоды дзяржаўнай маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?