Сёньня мэта нашага падарожжа – Лепельскі раён Віцебскай вобласьці.

На Віцебшчыне часьцяком здараюцца загадкі. То вогненныя шары лётаюць, то «самавары» і «талеркі». Аднойчы на жытнім полі зьявіліся кругі незразумелага паходжаньня, у якіх зерне з каласкоў загадкавым чынам чыста пазьнікала. Ды й уклад жыцьця тут адмысловы – у Лепельскім краі, напрыклад, да гэтае пары жывуць у вёсках сапраўдныя паганцы.

– Багата паганскіх традыцыяў захавалася. Людзі нават ня ведаюць, што гэта з часоў паганства. Але яны з пакаленьня ў пакаленьне перадаюць, – кіраўнічка мясцовага аматарскага тэатру Вольга Маханенка паспавядае, што ейныя суседзі пакланяюцца вялізным валунам, а ў дзень зімовага сонцавароту ладзяць пацешныя Цярэшкіныя вясельлі. Цалкам сур’ёзна.

– Гэта сьвята, якое ладзілася у час Калядаваньня, прысьвечанае сонцавароту зімняму. Калі маладыя пары шукалі адно аднаго. Калі хтосьці камусьці быў даспадобы, і ладзяць такое трэніровачнае вясельле.

Старадаўняя гульня «Вішанька» для сучасных хлопцаў – сапраўдны іспыт.

– Гэта калі дзяўчына становіцца на стол ці табурэтку. Вельмі высока. І вось хлопец мусіць гэту дзяўчыну з разгону пацалаваць. Гэта даволі складаны трук. Хлопец мусіць быць моцны, добра разьбягацца ды скакаць.

У вёсцы Аношка жанімства Цярэшкі – рытуал, безь якога праўдзівага вясельля не бывае. Турыстам таксама дазваляюць у ім узяць удзел.

– Хто прыяжджае, усе падбіраюцца па парах. Як яно далей ідзе, мы такі працэс не сачылі, але наагул усе застаюцца задаволеныя, – кажа Вольга Маханенка.

Вольга стварыла «зялёны маршрут» – «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў». Гарлачыкі растуць на тутэйшых азёрах з пракаветных часоў. Старабалцкі назоў гэтых кветак даў імя Лепелю. А загадкавыя валуны пакінуў на гэтай зямлі многа тысячагодзьдзяў таму ледавік. Іх так багата, што роварны маршрут расьцягнуўся на 155 км і некалькі содняў – у кожнага каменя свая гісторыя.

– Жыў некалі цмок. Ён быў добры кравец. Ён лётаў праз возера да дзяўчыны ў суседнюю вёску. Але зьлятаць ад яе мусіў быў да ўзыходу сонца. І аднойчы дзяўчына вырашыла пакінуць цмока ў сябе. І яна яго не абудзіла. Першыя прамяні сонца абпалілі ягоныя крылы, – дзеці вераць у легенду.

Але і дарослыя тут мяркуюць, што камяні жывыя і могуць дапамагчы. Ва ўторах Зьмеева камяня яны пакідаюць амулеты, прысмакі, каралі. Да Рабінавага каменя ля Перуновай гары перад хрысьціянскімі сьвятамі Пасхай і Раством вяскоўцы да гэтае пары ходзяць пакланяцца паганскім багам. Камень дык камень! Мэтры з тры ўвышкі. У «профіль» падобны да зубра з апушчанай галавой. Яшчэ ў 1920-х г. тут было паганскае капішча. За гады савецкай ўлады засталося толькі павер’е, што калі камень гэты тры разы аббегчы ды пацалаваць, дык знойдзеш баравік. «Нос» зубра проста адпаліраваны губамі.

Самы шанаваны народам – камень-сьледавік.

– На яго Маці Багоў ступіла, калі ішла па расьпечаных камянях тушыць зямлю ад пажару. Ёсьць адбітак жаночага ступака: і пятачка добра відна, і кожны пальчык. Памер недзе 34, – мясцовы краязнавец Васіль Шкіндэр кажа, што многія бабулі, як толькі занядужаюць, замест доктара рушаць да камяня, з таго адбітку чэрпаюць ваду далонямі, прамываюць хворыя месцы.

– Гэта ж гаючая вада. Да камяня бацька мой хадзіў зь вядром ячменю ці пшаніцы. Прыходзіў і сыпаў яго ў сьлед. Потым выграбаў назад у вядро, а зь вядра – у мех, перамешваючы з другім зернем. І толькі тады пачынаў сеяць. Для добрага ўраджаю.

Надоечы Шкіндэр вынайшаў у вёсцы Таранковічы нешта зусім дзіўнае – камень, на якім выяўлены чалавек, які ляжыць у чоўне і вяслуе рукамі ў неба.

– Там адзін трактарыст араў зямлю, зачапіў камень. Побач у лесе мы знайшлі звалку з двух дзясяткаў каменных крыжоў і стэлаў. Іх згрувасьцілі мэліяратары, калі пашыралі калгаснае поле гадоў трыццаць таму. Мяркую, гэта былі сярэднявечныя пахаваньні, але чамусьці зь паганскімі сымбалямі.

На месцы старажытных могілак кожны адчуе сябе трохі паганцам. А ў лесе выходзяць зь зямлі два карані, якія зьліваюцца ў адзін ствол. Таму, хто прапаўзе паміж імі, будзе шчасьце. І мы прапаўзьлі. Хто ж адмовіцца ад такога шанцу? Цяпер зьбіраемся на Цярэшкіна жанімства. Тым болей, што пабываць паганцам у лепельскай вёсцы ня так ужо і дорага – з харчаваньнем, начоўкай, старажытнымі абрадамі і сівымі валунамі гэта каштуе 25 даляраў з чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?