Мемарыял Лінкальна пабудаваны на ўзор грэчаскага Парфенона.

Мемарыял Лінкальна пабудаваны на ўзор грэчаскага Парфенона.

 Жыхары Вашынгтона плацяць федэральныя падаткі, але не маюць сваіх кангрэсменаў.

Жыхары Вашынгтона плацяць федэральныя падаткі, але не маюць сваіх кангрэсменаў.

 Узвод амерыканскіх салдат спрабуе выбрацца з балотнай сцяжыны. Помнік ахвярам вайны у Карэі. Амерыканскія ваенныя помнікі найперш апелююць да спачування, а не да гонару.

Узвод амерыканскіх салдат спрабуе выбрацца з балотнай сцяжыны. Помнік ахвярам вайны у Карэі. Амерыканскія ваенныя помнікі найперш апелююць да спачування, а не да гонару.

 Капітолій стаіць на пагорку, а Белы дом у нізіне. Гэтым таксама падкрэсліваецца перавага заканадаўчай улады над выканаўчай.

Капітолій стаіць на пагорку, а Белы дом у нізіне. Гэтым таксама падкрэсліваецца перавага заканадаўчай улады над выканаўчай.

 У вашынгтонскім «чайнатаўне» вам прыгатуюць качку проста на вуліцы.

У вашынгтонскім «чайнатаўне» вам прыгатуюць качку проста на вуліцы.

 Усяго за 30 км ад Вашынгтона можна трапіць у цуд некранутай прыроды. Вадаспады Патамака — гэта нацыянальны парк з густымі лясамі і воднымі парогамі. Ад Вашынгтона да яго вядзе адмысловая прагулачная дарога. Такія будавалі за Рузвельтам у часы «вялікай дэпрэсіі». Каб людзі проста ехалі па дарозе і ні аб чым не думалі. А, па-другое, каб даць працу.

Усяго за 30 км ад Вашынгтона можна трапіць у цуд некранутай прыроды. Вадаспады Патамака — гэта нацыянальны парк з густымі лясамі і воднымі парогамі. Ад Вашынгтона да яго вядзе адмысловая прагулачная дарога. Такія будавалі за Рузвельтам у часы «вялікай дэпрэсіі». Каб людзі проста ехалі па дарозе і ні аб чым не думалі. А, па-другое, каб даць працу.

 Ужо трыццаць праз дарогу ад Белага дома доўжыцца антыядзерны пікет. Яго пачала ўраджэнка Іспаніі Кансэпсьён Пачыёта. Цяпер пікет працягваюць многія іншыя людзі. Ніводнага разу супраць яго ўдзельнікаў не была ўжытая фізічная сіла.

Ужо трыццаць праз дарогу ад Белага дома доўжыцца антыядзерны пікет. Яго пачала ўраджэнка Іспаніі Кансэпсьён Пачыёта. Цяпер пікет працягваюць многія іншыя людзі. Ніводнага разу супраць яго ўдзельнікаў не была ўжытая фізічная сіла.

Горад Сонца

Вашынгтон пачаў будавацца пры канцы ХVIII стагоддзя. Амерыка ў той час перажывала эпоху крызісу і нестабільнасці, звязаных з вайной за незалежнасць. Сталіца тады знаходзілася ў Філадэльфіі. У 1783 годзе здарыўся «Пенсільванскі мяцеж», калі салдаты ўварваліся ў будынак Кангрэса, патрабуючы большых выдаткаў на вайну. Губернатар Пенсільваніі адмовіўся выдаліць мяцежнікаў з горада, тым самым паралізуючы працу парламентароў. У выніку Кангрэс быў вымушаны збегчы з Філадэльфіі.

Менавіта тады і было прынятае рашэнне аб будаўніцтве новай сталіцы, якая б не залежала ад улады штата. Месцам будаўніцтва была абраная мяжа штатаў Вірджынія і Мэрыленд. Першапачаткова горад меў абрысы правільнага квадрата.

Выглядае на тое, што будаўнікі Вашынгтона ад самага пачатку марылі пабудаваць свой ідэальны Горад сонца. Данесці праз архітэктуру і планіроўку ясныя ідэі свабоды, справядлівасці, адзінства, дабрачыннасці. Вашынгтон поўніцца рознымі відавочнымі і не вельмі знакамі, сімваламі, загадкамі. Архітэктары былі натхнёныя ідэямі новай антычнасці, якая праз шмат стагоддзяў пасля еўрапейскай адрадзілася за акіянам.

Таму і многія мясцовыя помнікі нагадваюць сабой старажытную Грэцыю. Напрыклад, мемарыял Аўраама Лінкальна. Ён абсалютна падобны да славутага Парфенона. 36 калонаў па перыметры будынка сімвалізуюць адпаведную колькасць штатаў пры Лінкальне.

Вялізны Лінкальн унутры мемарыяла ўзіраецца ў бок Капітолія. Загадкай застаецца аблічча на патыліцы помніка. Каму яно належыць? Адны кажуць, што гэткім арыгінальным чынам архітэктар зрабіў свой аўтограф. Іншыя схіляюцца да думкі, што гэта мог быць генерал Роберт Лі, кіраўнік войскаў Поўдня ў часы Грамадзянскай вайны.

Справа ў тым, што гэты твар углядаецца ў той бок, дзе месціўся дом генерала. А яшчэ гэтае таямнічае аблічча бачнае толькі з паўднёвага боку мемарыяла. Ну і ўрэшце, хто мог яшчэ сядзець у галаве ў Лінкальна, як не генерал Лі?

У Вашынгтоне вялізны распаўсюд мелі масонскія ложы. Нават адмысловыя цэрквы масонскія ёсць у горадзе па сёння.

Хмарачосы, ФБР, мемарыялы

У сталіцы ЗША забаронена будаваць дамы вышэйшыя за Капітолій, г.зн. за 12 паверхаў, таму ў горадзе абсалютна няма хмарачосаў. Затое па іншы бок ракі Патамак (у літаральным перакладзе рака) хмарачосы ўзвышаюцца. Справа ў тым, што Вірджынія праз нейкі час запатрабавала землі, выдадзеныя ёй для федэратыўнай сталіцы, назад у свае ўладанні. Бо Вірджынія згубіла рачны порт, які прыносіў вялікія прыбыткі. Давялося гэтыя землі аддаваць. Зрэшты, па той бок ракі ходзіць метро. Тамсама месціцца Пентагон — Міністэрства абароны ЗША.

З агульнага гарадскога архітэктурнага ансамбля выбіваецца хіба што толькі будынак ФБР — той самы, дзе працавалі славутыя героі телесерыяла «Сакрэтныя матэрыялы» Малдэр і Скалі. Аграмадны будынак размешчаны на паўдарозе паміж Белым домам і Капітоліем. Самі вашынгтонцы смяюцца, што ён выкананы ў стылі бруталізму, і называюць яго бяльмом у воку Вашынгтона.

У горадзе ёсць невялікі «чайнатаўн». Гэта літаральна некалькі кварталаў. У асноўным тут месцяцца кітайскія, тайскія, мангольскія рэстараны. Некаторыя гандляры проста на вуліцы могуць засмажыць табе качку. Такая сабе экзотыка. Азіятаў тут далёка не большасць.

Калі ўжо спыняць гаворку на архітэктурных асаблівасцях Вашынгтона, то варта згадаць пра ваенныя мемарыялы. У адрозненне ад беларускіх, яны тут зусім не пампезныя. Яны маўклівыя, сціплыя. Зусім побач адзін ад аднаго знаходзяцца мемарыялы ў гонар ахвяр войнаў у Карэі і В’етнаме.

Узвод з дзевятнаццаці амерыканскіх салдат прабіраецца па заблытанай балотнай сцяжыне ў Карэі. Усе яны адлюстроўваюцца ў чорнай гранітнай сцяне насупраць. Гле¬дзячы на гэтых салдат і іхнія адбіткі, робіцца жудасна.

Што датычыць мемарыяла вайны в’етнамскай, то яго часта называюць проста сцяной. На ёй выбітыя імёны загіблых і зніклых у В’етнаме. Усяго на 75-метровай сцяне запісаныя прозвішчы 58 тысяч чалавек.

Аўтарам гэтай скульптурнай кампазіцыі была 21-гадовая студэнтка азіяцкага паходжання Мая Лін. Яна перамагла больш за тысячу іншых прапанаваных праектаў. Цікава, што ў сваім універсітэце студэнтка Лін атрымала «двойку» за праект сцяны. А вось у нацыянальным конкурсе перамагла.

Гэты помнік знаходзіцца крыху ніжэй узроўню дарогі. Тым самым амерыканцы нібыта кажуць, што не ганарацца той вайной, не лічаць яе дастойнай, а сябе ў ёй — пераможцамі.

Асаблівасці амерыканскага федэралізму

Прэзідэнт ЗША не можа трапіць у будынак Капітолія (там месцяцца Сенат і Кангрэс) без адмысловага запрашэння, там няма ягоных партрэтаў. Прэзідэнт выступае ў Капітоліі толькі ў адмысловых выпадках. Гэткім чынам падкрэсліваецца перавага заканадаўчай улады перад выканаўчай.

Сімвалічна нават тое, што велічны Капітолій узвышаецца на ўзгорку, а сціплы Белы дом пабудаваны ў нізіне. То бок парламентары глядзяць на прэзідэнта зверху ўніз. Уявіце нешта падобнае ў Беларусі.

Увогуле ж, улада федэратыўнага цэнтра ў ЗША дакладна абмежаваная. Ёсць непарушныя пункты Канстытуцыі, якія выконваюцца па ўсёй краіне. Як, напрыклад, свабода веравызнання, слова, прэсы, мірных сходаў, падачы петыцый. Іх зусім нямнога. Астатняе залежыць ад мясцовых уладаў.

Так, у дзвюх трацінах амерыканскіх штатаў дазволена смяротнае пакаранне, у адной траціне — не. Але шмат дзе яно хоць і існуе, але на практыцы даўно не выкарыстоўваецца. Вось толькі ў Тэхасе, радзіме Джорджа Буша, часта практыкуецца.

У штаце Вашынгтон (не блытаць з горадам) дазволеная своеасаблівая форма эўтаназіі. Лекар можа паставіць ля ложка паміраючага якісьці пузырок з надпісам: «Выпі гэта». А вось у Аклахоме за такое цябе чакае суд.

Бываюць і смешныя асаблівасці. У той самай Аклахоме цэрквы прапануюць заключаць своеасаблівыя шлюбы, калі сужэнцы прызнаюцца перад вяселлем адно аднаму ва ўсіх сваіх таямніцах і сакрэтах. Такі шлюб можа быць скасаваны толькі праз пяць гадоў.

Прастытуцыя дазволеная толькі ў Невадзе. Але не ў Лас-Вегасе, бо там лічыцца, што ўсе грошы чалавек мусіць траціць на казіно, а не на іншыя слабасці.

Юта — адзіны штат, дзе няма падатку на алкаголь. Справа ў тым, што там у большасці жывуць мармоны. А вызнаўцы гэтага адгалінавання хрысціянства не хочуць зарабляць на грахах, таму і не ўводзяць падатак.

У Каліфорніі дазволена вырошчваць марыхуану ў мэтах лекавання. Прычынай для выпіскі такога рэцэпта можа быць банальны стрэс. У часы прэзідэнта Буша-малодшага паліцыя спрабавала змагацца з такой з’явай, а вось прэзідэнт Абама заплюшчвае вочы.

У Фларыдзе можна галасаваць за тры тыдні да выбараў, а ў Індыяне толькі ў асноўны дзень.

Вядома, на федэральным узроўні прымаецца мноства праграм, але гэта ўжо справа кожнага штата, згаджацца з ёй ці не. Гэта і ёсць перадача ўлады зверху ўніз.

Што датычыць асаблівага статуса Вашынгтона, то тут не абышлося без казусу. Сталіца не мае сваіх прадстаўнікоў у Кангрэсе. Цяпер у горадзе часта можна сустрэць рэкламы кшталту: «Летась мы сплацілі столькі і столькі падаткаў. Мы думаем, гэтага дастаткова, каб да нашага голасу прыслухаліся».

Хрысціяне і мусульмане пад адным дахам

Ці не першае, што кідаецца ў вочы ў Вашынгтоне, — гэта вялізная, проці Мінска, колькасць храмаў. Самых розных — вялікіх і малых, баптысцкіх і каталіцкіх, яўрэйскіх і праваслаўных. Нездарма ж нават на амерыканскім даляры напісана: «На Бога мы спадзяёмся». І ўсе ўмудраюцца жыць абсалютна мірна.

Хаця ў нашага маладога экскурсавода Джона, што паказваў нам невялічкую прэзідэнцкую царкоўку каля Белага дома, выпадкова вырвалася: «Толькі адзін прэзідэнт Кенэдзі не быў хрысціянінам». Вось такое ў пратэстантаў успрыманне каталікоў.

У гэтым шэрагу бажніц асаблівае месца займае Кафедральны сабор. Яго пачалі будаваць яшчэ ў 1907 годзе. Але канчаткова скончылі толькі ў 1990-м, пасля Рэйгана. Гэты храм, выкананы ў неагатычным стылі, з’яўляецца шостым па велічыні ў свеце.

Сабор будаваўся як міжканфесійны. Такім ён застаецца і цяпер, хоць большасць службаў — англіканскія. Свае набажэнствы тут спраўляюць і юдэі, і мусульмане. Вось ужо гэты мультыкультуралізм!

Тут ёсць асобная дзіцячая капліца з міні-арганамі. У крыпце сабора пахаваны прэзідэнт ЗША Вудра Вілсан. Праўда, пазнакі пра ягонае прэзідэнцтва на надмагільнай пліце няма.

На адной з цэркваў Вашынгтона бачыў вясёлкавы сцяг і надпіс: «Рады вас вітаць у нас». А вось у Расейскую праваслаўную царкву зайсці не ўдалося — была зачыненая. Кажуць, што мясцовы бацюшка — аматар зазірнуць у бутэльку.

Трыццацігадовы пікет

У Вашынгтоне я жыў на Масачусэтс-авеню. На гэтым праспекце месціцца большасць пасольстваў, што акрэдытаваныя ў Штатах. Нават такіх экзатычных дзяржаў, як Трынідад і Табага і Каба Вэрдэ. А вось будынак пасольства Ірана шмат гадоў пустуе. ЗША не мае дыпламатычных адносінаў з гэтай краінай. Праўда, будынак ніхто не забірае. Бо ён ва ўласнасці Ірана. Няма і пасольства Кубы. Іх інтарэсы прадстаўляе невялікае гандлёвае прадстаўніцтва пры амбасадзе Мексікі. Затое кубінскіх рэстаранаў у Вашынгтоне шмат.

У гэтым самым квартале быў пабудаваны вялізны ісламскі цэнтр. Гэта падарунак Вашынгтону ад Саудаўскай Аравіі. У двары будынка лунаюць сцягі краін, дзе іслам — пануючая рэлігія.

Ля нунцыятуры Ватыкана амаль кожны дзень з плакатам ходзіць чалавек, які выступае супраць педафіліі ў асяроддзі ксяндзоў. Увогуле, культура грамадскага пратэсту ў ЗША вельмі высокая.

Побач з нашым гатэлем на чацвёртай вуліцы месцілася яшчэ адна гасцініца. Дык вось, за тыдзень майго жыцця ў Вашынгтоне каля гэтага будынка ні разу не спынялася акцыя пратэсту. Супрацоўнікі гатэля пратэставалі супраць кепскіх умоваў працы і маленькіх заробкаў. Хадзілі коламі каля ўваходу, крычалі лозунгі, білі ў рондалі, гукалі ў мегафоны. Шум там стаяў яшчэ той. Праўда, а 23¬й вечара спыняліся. Відавочна, што адміністрацыя гатэля несла ад гэтага вялікія страты. Не здзіўлюся, калі ўладальнік будзе вымушаны пайсці на саступкі.

Самае ж моцнае ўражанне робіць пікет насупраць Белага дома. Палатка на гэтым месцы стаіць ужо трыццаць гадоў. Барадаты, увесь у татуіроўках дзядуля сядзіць на зэдліку пры палатцы, узіраючыся ў экран свайго ноўтбука. Побач з ім — старыя плакаты і расцяжкі.

Ён і падобныя да яго пратэстуюць супраць ядзернай энергетыкі і за мір ва ўсім свеце. Ёсць лозунг, напісаны па-ўкраінску, пра небяспеку Чарнобыля. Па новых законах, прынятых пасля тэракта 11 верасня, гэты пікет маюць права разагнаць. Але ў Амерыцы паважаюць правапераемнасць законаў. Пікет пачаўся, калі такія правілы яшчэ не дзейнічалі. Таму гэты суровы чалавек абсалютна спакойна працягвае сядзець на сваім месцы, узіраючыся на Белы дом. Гэта і ёсць амерыканская прававая дзяржава.

Неймаверная Амерыка. І. Аклахома, як яна ёсць

Неймаверная Амерыка. ІІ. Сацыялістычная рэспубліка Сіэтл

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?