Яна памерла яшчэ 17 сакавіка.

Нарадзілася Аляксандра Гесь 1 лютага 1940 года ў вёсцы Гусакі Нясвіжскага раёна. Бацька, Мікалай Аляксандравіч, мабілізаваны ў 1944 у савецкае войска, загінуў вясной 1945 на тэрыторыі Польшчы. І ўвесь цяжар па вядзенню гаспадаркі і выхаванню трох непаўналетніх дзяцей лёг на плечы маці, Дар’і Пятроўны.

Пасля заканчэння Казлоўскай сямігодкі Аляксандра Гесь паступіла ў Нясвіжскую педагагічную вучэльню. У 1962 годзе паступіла на гістарычны факультэт БДУ. Па заканчэнні працавала настаўніцай гісторыі, а пасля — дырэктарам у школах Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. У 1975 г. яна пераехала ў Мінск, дзе яе прынялі на працу ў Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ на пасаду навуковага супрацоўніка.

Яна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы розных дакументальных выданняў: «Хроника важнейших событий истории КПБ» (ч. 3, Мінск, 1980), «Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК» (т. 1—3, Мінск, 1983—1985), «Па волі народа: 3 гісторыі арганізацыі БССР і стварэння КПБ» (Мінск, 1988), «К. Калиновский: из печатного и рукописного наследия» (Мінск, 1988), «Идеологическая деятельность компартии Белоруссии» (ч. 1, Мінск, 1990).

Мала хто нават з вядомых гісторыкаў «гістпартаўскай школы» згадае сёння пра тое, што выяўленне і збор дакументаў, датычных Кастуся Каліноўскага, у тагачасным Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР у Вільні рабіла менавіта Аляксандра Мікалаеўна.

Фотакопіі гэтых дакументаў дагэтуль захоўваюцца ў яе асабістым архіве. А пасля збору і выяўлення на яе плечы лягла таксама не менш сур’ёзная праца па падрыхтоўцы самой кнігі для друку.

Збіраючы для партыйных выданняў матэрыялы па гісторыі КПБ, Аляксандра Гесь захапілася тэмай беларусізацыі 1920-х гадоў. З 1970-х гг. яна стала шукаць у партыйным архіве дакументы, датычныя гэтай праблематыкі.

Пасля 1991 года адкрыліся «спецхраны» ў бібліятэках і архівах, на некаторы час знікла цэнзура і з’явілася магчымасць друкавацца. Для Аляксандры Гесь як для навукоўца гэта быў самы плённы перыяд у яе жыцці. З восені 1991, пасля скону Савецкага Саюза і забароны КПСС, яна перайшла на працу ў Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БНДІДАС), а ў 1995 г. перавялася ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ) на пасаду вядучага навуковага супрацоўніка аддзела публікацый. У гэты час яна працягвае займацца грунтоўным вывучэннем нацыянальна-культурнага жыцця Беларусі ў 1920—30-я гг., збірае і сістэматызуе дакументальныя крыніцы па гісторыі беларусізацыі 1920-х гадоў, даследуе лёсы «нацдэмаў» і нацыянал-камуністаў, рэпрэсаваных у сталінскі час, удзельнічае ў падрыхтоўцы дакументальных зборнікаў, што выходзяць пад грыфам БелНДІДАС і НАРБ. І, самае галоўнае — пачынае актыўна друкавацца сама, асвятляючы ў сваіх артыкулах дзейнасць дзеячаў беларускага Адраджэння першай паловы ХХ ст.

У 1997 г. разам з Уладзімірам Міхнюком і Мікалаем Клімовічам Аляксандра Гесь падрыхтавала выданне «Антон Луцкевич: Материалы следственного дела НКВД БССР» (Мінск, 1997). Дадзенае выданне, выдадзенае вельмі малым накладам, мела, аднак, вялікі рэзанас у грамадскіх колах.

Нельга абмінуць і той ўнёсак, які зрабіла Аляксандра Гесь для вывучэння творчай спадчыны Янкі Купалы. Менавіта яна рыхтавала тэксты ды каментары да апошняга, 9-га тома поўнага збору твораў класіка нацыянальнай літаратуры.

Напісанае застаецца, і зробленае Аляксандрай Мікалаеўнай Гесь надалей працуе на будучыню Беларусі. Хоць самой яе не стала, але навукова-даследчая праца, распачатая ёю, не спынілася. Яшчэ пабачаць свет тыя выданні, у падрыхтоўцы якіх яна прымала чынны ўдзел.

Неўзабаве выйдзе ў серыі «Нашы славутыя землякі» яе кніжка «Беларускі лірнік», прысвечаная жыццю і творчасці выдатнага беларускага кампазітара і хармайстра Уладзіміра Тэраўскага.

Абавязкова выйдзе і асобны том архіўных дакументаў, успамінаў ды іншых матэрыялаў, прысвечаных іншаму слыннаму беларускаму кампазітару і музыканту Мікалаю Равенскаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?