У Беларусі дазволены трэйд-ін (купля аўтадылерам старога аўтамабіля кліента ў залік новай іншамаркі), паведаміла генеральны дырэктар аўтамабільнай асацыяцыі «БАА» Людміла Шабанава.
Гэта прадугледжана ўказам № 130, падпісаным кіраўніком дзяржавы 4 красавіка.

Згодна з указам падатковая база для разліку ПДВ пры рэалізацыі юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі транспартных сродкаў, набытых у фізічных і (або) юрыдычных асоб, у тым ліку за межамі Беларусі, вызначаецца як розніца паміж цаной рэалізацыі і цаной набыцця гэтых транспартных сродкаў. Пры гэтым кошт рэалізацыі і кошт набыцця вызначаюцца з улікам падатку на дабаўленую вартасць. Раней ПДВ разлічваўся з поўнага кошту аўтамабіля, што рабіла схему трэйд-iн патэнцыйна стратнай для аўтадылераў.

Гендырэктар асацыяцыі ацаніла ўказ як «вельмі пісьменны і эфектыўны з пункту гледжання развіцця рынку новых аўтамабіляў і афіцыйнага рынку бэушных аўтамабіляў». Цяпер калі аўтамабілісту трэба будзе памяняць свой аўтамабіль, ён зможа гэта зрабіць як на стыхійным рынку, так і ў аўтадылера.

Указ уступае ў сілу з 1 траўня. Пры гэтым Савет Міністраў павінен будзе ў двухмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.

Акрамя таго, каб укараніць сістэму трэйд-ін, аўтадылерам спатрэбіцца нейкі час.

«Неабходны інвестыцыі і час, але перспектывы адкрываюцца вельмі вялікія», — лічыць Людміла Шабанава.

Аўтамабільным кампаніям трэба яшчэ вырашыць мноства пытанняў, звязаных з укараненнем сістэмы «трэйд-iн». У прыватнасці, да гэтага часу незразумела, якую гарантыю падаваць на патрыманыя аўтамабілі, дзе іх захоўваць, якім чынам шукаць на іх пакупнікоў, як будуць страхавацца рызыкі аўтадылераў на выпадак звароту такіх аўтамабіляў па гарантыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?